Ад каралевы Боны дасталася прафесія

Ад каралевы Боны дасталася прафесія

_DSC4034 _DSC4062 _DSC4102 _DSC4130 _DSC4199 _DSC4282

Меліяратар — лекар палёў, майстар арашэння, адначасова аграном, глебазнавец, механік, аграхімік і метэаролаг. У мінулую суботу жабінкаўскія меліяратары сабралі на прафесійнае свята гасцей з усёй Брэстчыны і даказалі, што могуць быць не толькі выдатнымі спецыялістамі. Яны з густам аформілі тэрыторыю, з пачастункамі сустрэлі кожнага, хто прыйшоў сюды.
Свята аб’яўляецца адкрытым. Права падняць сцягі Рэспублікі Беларусь і дзяржаўнага аб’яднання “Брэстмеліяводгас”, унітарнага прадпрыемства “Брэстводбуд” было дадзена В.П.Страпко, першаму намесніку генеральнага дырэктара ДА “Брэстмеліяводгас”, А.А.Бялькевічу, намесніку дырэктара ДУВП “Брэстводбуд”, М.М.Манчуку, інжынеру ПМК-19.
Пад гукі беларускай народнай песні юныя прыгажуні ў нацыянальных касцюмах паднеслі караваі прадстаўнікам ДА “Брэстмеліяводгас” і філіялаў ДУВП “Брэстводбуд”.
Потым да мікрафона падышоў старшыня райвыканкама Фёдар Фёдаравіч Каланчук:
— Сёлета спаўняецца 45 гадоў з дня заснавання Жабінкаўскай ПМК-19, — гаварыў ён. — Гэтыя гады з’яўляюцца летапісам слаўных працоўных дасягненняў калектываў меліярацыі беларускага Палесся. Сёння пад кіраўніцтвам Пятра Уладзіміравіча Вай-ноўскага прадпрыемства актыўна ўдзельнічае ў рэалізацыі дзяржаўных праграм, з высокай якасцю выконваюцца будаўнічыя работы ў аграгарадках Жабінкаўшчыны, на тэрыторыі СЭЗ “Брэст”, а таксама Брэста і інш.
Калектыву ПМК-19 ёсць чым ганарыцца. Так, за дасягнутыя паказчыкі ў сацыяльна-эканамічным развіцці перасоўная механізаваная калона ў 2013 годзе была занесена на Дошку гонару дзяржаўнага ўнітарнага вытворчага прадпрыемства “Брэстводбуд” і дзяржаўнага аб’яднання “Брэстмеліяводгас” з уручэннем пераходнага Чырвонага Сцяга. Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь сёлета кіраўнік П.У.Вайноўскі ўзнагароджаны медалём “За працоўныя заслугі”.
У гэты дзень на тэрыторыі калоны, як зазначыў выступоўца, адчыняецца гісторыка-экспазіцыйны комплекс развіцця меліярацыі земляў, на пляцоўцы якога месціцца звыш 80 экспанатаў меліярацыйнай тэхнікі. Гэта бульдозеры, экскаватары, аўтобусы, дрэнажнае абсталяванне, якія верна служылі меліяратарам. У музеі пад адкрытым небам “ветэраны” вытворчасці будуць захаваны для многіх пакаленняў, а таксама стануць дапамогай для будучых асушальнікаў балот.
Напрыканцы свайго выступлення Фёдар Фёдаравіч яшчэ раз выказаў удзячнасць кіраўніцтву і ўсім калектывам меліярацыйнай галіны за самаадданую працу і пажадаў, каб заўжды лёгкімі былі іх шляхі і раслі добрыя ўраджаі на падораных земляробам палях.
Самым лепшым рупліўцам Ф.Ф.Каланчук уручыў Ганаровыя граматы і падзячныя лісты райвыканкама. Іх атрымалі намеснік начальніка ПМК-19 В.В.Хлус і машыніст экскаватара С.С.Мазанік.
Далей словы віншаванняў у адрас герояў свята гучалі ад генеральнага дырэктара ДА “Брэстмеліяводгас” Мікалая Аляксеевіча Клімовіча. Ён узгадаў, што пачатак меліярацыі на Палессі паклала каралева Бона 450 гадоў таму, калі загадала пабудаваць канал даўжынёй 32 кіламетры ў суседнім Кобрынскім раёне. Асаблівае значэнне для развіцця меліярацыі меў майскі пленум ЦК КПСС 1966 года, калі быў створаны “Палессеводбуд”. Сёння ў яго скарбонцы 700 тысяч гектараў асушаных земляў. Вядуцца гэтыя работы з дапамогай 300 экскаватараў, 200 бульдозераў. Мікалай Аляксеевіч выказаў надзею, што ў наступным годзе аб’ёмы работ павялічацца ў два разы. М.А.Клімовіч таксама ўручыў узнагароды спецыялістам Брэстчыны, якія дасягнулі найвышэйшых вынікаў у працы. Падзячным лістом аб’яднання “Брэстмеліяводгас” быў адзначаны вадзіцель Жабінкаўскай ПМК-19 А.М.Міранюк.
Цёпла павіншавала меліяратараў і старшыня Жабінкаўскага райкама прафсаюза работнікаў АПК Н.У.Калыбская. Яна пажадала, каб гісторыка-экспазіцыйны комплекс, які ў гэты дзень упершыню прыняў гасцей, заўжды меў сваіх наведвальнікаў, а таксама каб у спартакіядзе перамогу атрымаў мацнейшы. Яна ўручыла Ганаровыя граматы райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага ко-мплексу інжынеру М.М.Манчуку і машыністу экскаватара В.Ю.Пунько.
Падзяліўся ўспамінамі ветэран меліярацыйнай галіны, былы генеральны дырэктар дзяржаўнага аб’яднання “Брэстмелія-водгас” У.Я.Лебедзь.
Ён узгадаў, напрыклад, што ў сакавіку 1941 года кіраўніцтва краіны прыняло рашэнне аб шырокім развіцці меліярацыі ў Беларусі.Было запланавана асу-шыць 15 мільёнаў гектараў зямлі! Праўда, вайна ўнесла свае карэктывы ў гэтыя планы. Толькі ў 2000 годзе ў лепшыя часы было асушана 3 мільёны гектараў плошчаў. Уладзімір Яфімавіч пажадаў і далей плённа працаваць, знаходзіць выйсце з няпростага фінансавага стану.
Меў слова таксама і кіраўнік мясцовага калектыву Пётр Уладзіміравіч Вайноўскі.
— Прыміце словы ўдзячнасці за самаадданую працу, — казаў ён. — Меліярацыя — лячэнне зямлі, вада — гэта стыхія, з якой мы паспяхова змагаемся. Сёння, адкрываючы музей пад адкрытым небам, захоўваем гісторыю для будучых пакаленняў.
Нарэшце настаў доўгачаканы момант. Права перарэзаць чырвоную стужку даецца старшыні райвыканкама Ф.Ф.Каланчуку, гене-ральнаму дырэктару дзяржаб’яднання “Брэстмеліяводгас” М.А.Клімовічу і начальніку ПМК-19 П.У.Вайноўскаму.
Пад гукі духавога аркестра госці адправіліся аглядаць экспанаты музея пад адкрытым небам, дарэчы, адзінага ў рэспубліцы. Тэхніка, якая верай і праўдай служыла меліяратарам шмат гадоў, застыла на пляцоўках. Пасля адкрыцця музея госці накіраваліся на гарадскую плошчу, дзе галоўны суддзя спаборніцтваў А.А.Бялькевіч аб’явіў аб правядзенні спартыўных мерапрыемстваў сярод сямі філіялаў “Брэстводбуд” і Кобрынскага ПМС. Летась аналагічная спартыўная сустрэча праходзіла на Маларытчыне.
На гарадскім стадыёне каманды спаборнічалі ў стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі, адштурхоўванні гіры, дартсе, перацягванні каната, міні-футболе. Балельшчыкі мелі магчымасць пакаштаваць юшку, паглядзець музычны канцэрт з удзелам жабінкаўскіх салістаў на пляцоўцы летняга амфітэатра, а малеча забаўлялася на батутах.
Дзень меліяратара ў Жабінцы быў насычаны цікавымі падзеямі.
Святлана КІСЛАЯ.
На здымках: цікавымі момантамі было насычана прафесійнае свята меліяратараў у Жабінцы.
Фота аўтара.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top