Путешествие по родной земле

Путешествие по родной земле

Па землях блізкіх і адметных
У ААТ “Жабінкаўскі камбікормавы завод” склалася добрая традыцыя: для колішніх працаўнікоў арганізоўваюць падарожжы па цікавых мясцінах роднага краю. Шляхі чарговай жнівеньскай вандроўкі прывялі 55 жабінкаўцаў на Гродзеншчыну — у землі блізкія, але да канца не зведаныя, адметныя сваімі гістарычнымі і прыроднымі помнікамі.
Старшыня савета ветэранаў прадпрыемства Барыс Барысавіч Кавальчук ахвотна падзяліўся сваімі ўражаннямі:
— Мы вырашылі: няхай нехта шукае дзівосы за морам, а для нас прыцягальныя беларускія землі, што перажываюць аднаўленне, але захоўваюць каларыт “даўніны глыбокай”. Выбар Гродзенскай вобласці быў не выпадковым: хацелася пабачыць, чым жывуць суседзі. Цудоўная паездка стала магчымай дзякуючы дапамозе дырэктара завода В.К.Волка, падтрымцы намесніка дырэктара па ідэалагічнай рабоце Т.М.Чапрасавай, непасрэдна аўтобус у экскурсійным бюро замаўляла прафсаюзная арганізацыя, якую ўзначальвае В.М.Якубук.
І вось сустрэча з гістарычным мінулым. Гродна — прыгожы горад-храм, сапраўдны музей пад адкрытым небам. Першы прыпынак — ля сцен, што вытрымалі шматлікія ўдары лёсу. Барыса-Глебская (Каложская) царква, пабудаваная на высокім беразе Нёмана ў далёкім XII стагоддзі, ледзь не загінула ў павадак, што здарыўся ў XIX-м стагоддзі. Міжвольна падарожнікі прыгадалі, як нараджэнец Жабінкаўшчыны епіскап Ігнацій Жалязоўскі ратаваў унікальны помнік беларускай зямлі, загадваючы сваім манахам уладкоўваць сцены, садзіць уздоўж ракі дрэвы.
— Калі стаіш побач Каложы, — гаворыць Б.Б.Кавальчук, — міжвольна адчуваеш: гэты невялічкі храм, які, здаецца, можна пакласці на далонь, — сапраўдны сімвал Беларусі, што кранае веліччу свайго духу.
Па вузкіх вуліцах Гародні лёгка “перасягнуць” праз вякі. Гэтае падарожжа ў часе — самае запамінальнае для жабінкаўскіх экскурсантаў, якія за лічаныя гадзіны наведалі музеі, размешчаныя ў Старым і Новым каралеўскіх замках (а гэта значыць, нібыта “пабывалі” і ў XVI, і ў XVIII стагоддзях, каб потым зноў вярнуцца ў сучаснасць).
Куды далей? У спёку цягне да вады, на Аўгустоўскі канал, які вось-вось стане помнікам сусветнага значэння, будзе прынятым пад ахову ЮНЕСКА. Працягласць ягонай воднай гладзі па беларускіх і польскіх землях складае 123 кіламетры. Жвавы турыстычны карабель пракладвае курс па айчынным адрэзку канала да мяжы з Польшчаю. Два дзесяткі кіламетраў воднай прагулкі ўздоўж пушчанскіх берагоў, сярод квецені шчодрага лета ў маляўнічых мясцінах сталі сапраўдным адпачынкам для душы.
Нарэшце, жабінкаўскія турысты наведалі паблізу Гродна цудоўную аграсядзібу, што раскінулася на 16 гектарах, утвараючы сапраўдны заасад з вялікай колькасцю звяроў у вальерах. Падарожныя маглі праехацца ў шляхецкай карэце ці па-мушкецёрску сесці ў сядло, нават дзяцей тут чакалі поні… А абед ладзіўся ў каменным рэстаране, пабудаваным у выглядзе рыцарскага замка.

— Гродзенцы, відавочна, — падсумаваў свае назіранні Б.Б.Кавальчук, — стараюцца паўсюль спалучаць мінулае і сучаснасць, разумеючы, што гісторыя здолее прыцягнуць турыстаў, і ў гэтым я бачу правільны шлях у будучыню. Ужо сёння суседзі шмат зрабілі для развіцця турызму.

А.РОСТАЎ.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top