Шчырая размова з журналістамі

Шчырая размова з журналістамі

На мінулым тыдні старшыня Брэсцкага аблвыканкама А.В.Ліс правёў прэс-канферэнцыю для Ліскіраўнікоў рэгіянальных сродкаў масавай інфармацыі, а таксама ўласных карэспандэнтаў рэспубліканскіх газет і тэлеканалаў. Сустрэча праходзіла напярэдадні Дня друку. Таму напачатку размовы Анатоль Васільевіч спыніўся на развіцці сродкаў масавай інфармацыі. У прыватнасці, адзначыў, што агульнаразовы тыраж прэсы Берасцейшчыны складае 240 тысяч экзэмпляраў. Самыя тыражныя — абласная газета “Заря”, а сярод раённых — “Навіны Палесся” (г. Столін) і “Наш край” (г. Баранавічы). Працуюць 14 дзяржаўных тэле-радыёстудый. Хутка ўрываюцца ў інфармацыйную прастору новыя электронныя СМІ. Аднак ва ўсе часы, і 20-30 гадоў таму, і цяпер, пры самых найноўшых тэхналогіях “задача журналіста даваць аб’ектыўную інфармацыю, несці адказнасць за яе і не гнацца за “смажанымі” фактамі”, — падкрэсліў кіраўнік вобласці.

Падводзячы вынікі месячніка ў навядзенні парадку на зямлі, губернатар Брэстчыны сказаў: “Гэта не разавая акцыя. Месячнік завершаны, але работы па добраўпарадкаванні і навядзенні чысціні працягваюцца. Тэрыторыя вобласці — транзітная, таму неабходна стварыць такія ўмовы, навесці такі парадак, каб Брэстчына была прывабнай і для турыстаў, і для інвестараў”.
Сярод станоўчых прыкладаў А.В.Ліс назваў паспяховае развіццё аграпрамысловага комплексу вобласці. Яна займае другое месца ў краіне па вытворчасці малака і надою на карову, палепшыліся таварнасць і якасць яго, а шчыльнасць жывёлы самая высокая ў рэспубліцы. За апошнія пяць гадоў на Брэстчыне пабудавана 66 новых малочнатаварных фермаў, 258 рэканструявана (сёлета намечана дабавіць да гэтай колькасці адпаведна 16 і 27). Асноўныя задачы для жывёлагадоўчай галіны старшыня аблвыканкама акрэсліў наступныя: павелічэнне прадукцыйнасці працы, паляпшэнне якасці прадукцыі, захаванне тэхналогіі.
Аналізуючы асноўныя накірункі ў развіцці эканомікі, А.В.Ліс у першую чаргу звярнуў увагу на неабходнасць выпуску якаснай і канкурэнтназдольнай прадукцыі, якая не залёжваецца на складах, запатрабаваная не толькі ў айчынных спажыўцоў, але і замежных. “Асноўны экспарцёр тавараў, выпускаемых прадпрыемствамі Брэстчыны, — рэгіёны Расіі, — адзначыў Анатоль Васільевіч. — Але трэба адшукваць і іншыя рынкі збыту”.
Пацікавіліся журналісты, якія найбольш праблемныя пытанні існуюць у рэгіёне. Старшыня аблвыканкама ў першую чаргу назваў складанасці з занятасцю насельніцтва. Неабходна, падкрэсліў ён, каб усе сектары эканомікі працавалі ў нармальным рэжыме, каб людзі не гублялі рабочыя месцы. Патрэбна ўлічваць і тое, што шмат жыхароў выязджалі для працаўладкавання за межы вобласці. Сёння яны вярнуліся, да таго ж дабавіліся і ўкраінскія грамадзяне. Для таго, каб усіх іх забяспечыць рабочымі месцамі, трэба развіваць сферу паслуг, малы бізнес, адкрываць новыя прадпрыемствы, прыцягваць інвестыцыі як унутраныя, так і знешнія.
Другая праблема — работа прамысловасці. Калі добра працуюць прадпрыемствы, дык і бюджэт спраўна папаўняецца. Таму, як зазначыў А.В.Ліс, і надалей з боку ўлады будзе надавацца асаблівая ўвага рабоце градаўтваральных прадпрыемстваў, скарачэнню запасаў гатовай прадукцыі.
Выклікае хваляванне і сітуацыя ў будаўнічай галіне, дзе з-за недахопу сродкаў некаторыя праграмы не могуць рэалізавацца, а работнікі застаюцца незанятымі. Вось і атрымліваецца, што будаўнічыя аб’екты даводзіцца адшукваць за межамі вобласці, у прыватнасці, брастаўчане працуюць на Астравецкай АЭС і на будоўлях у Расіі.
У час рабочай паездкі па Міншчыне Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А.Лукашэнка даручыў у кожным раёне ў дадатак да існуючых аграгарадкоў вызначыць па 5 перспектыўных вёсак для іх далейшага развіцця. Журналісты не прамінулі запытаць у А.В.Ліса, ці вызначаны такія вёскі ў нашай вобласці і па якіх крытэрыях яны падбіраюцца. Адказваючы на пытанне, Анатоль Васільевіч сказаў, што пакуль спіс новых аграгарадкоў не вызначаны (сёння на Брэстчыне іх 222). Асноўнымі крытэрыямі пры адборы будуць колькасць жыхароў, а таксама наяўнасць вытворчай інфраструктуры, сельскагаспадарчых і іншых арганізацый, рэальнага сектара эканомікі, якія дазволяць забяспечыць занятасць насельніцтва, што тут пражывае.
Адначасова старшыня аблвыканкама зазначыў, што развіццё сацыяльнай сферы не толькі аграгарадкоў, але і іншых населеных пунктаў, не спыняецца. Працягваецца ў рамках Дзяржаўнай праграмы ўстойлівага развіцця вёскі на 2011-2015 гады. Удасканальваецца работа сферы абслугоўвання, рамантуюцца аб’екты ўстаноў адукацыі і медыцыны, асфальтуюцца дарогі, у дамы прыходзіць прыродны газ і г.д. Так, за апошнія чатыры гады на развіццё сацыяльнай сферы накіравана 1,3 трыльёна руб., з іх 0,7 трыльёна — бюджэтныя сродкі.
Больш чым 2 гадзіны доўжылася размова журналістаў са старшынёй аблвыканкама. Закрытых тэм не было. Спектр хвалюючых СМІ праблем, а значыць і іх аўдыторыю, — шырокі. У асноўным яны датычыліся эканамічнай і сацыяльнай сферы. На ўсе пытанні, а іх было амаль 20, А.В.Ліс адказваў прафесійна, дакладна і шчыра. А на развітанне павіншаваў журналістаў з прафесійным святам, пажадаў не губляць вастрыні пер’яў.


 

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top