Урок здароўя і мужнасці

Урок здароўя і мужнасці

IMG_3547

IMG_3522   На Жабінкаўшчыне ладзіўся велапрабег, прымеркаваны да 70-ых угодкаў з дня Вялікай Перамогі. У гэты дзень на старт выйшлі медработнікі, да якіх далучылася і некалькі працаўнікоў цукровага завода.
На пачатку мерапрыемства, што мела патрыятычны накірунак і адначасова спрыяла здароваму ладу жыцця, удзельнікаў чакаў кароткі мітынг. Урачыстасць ладзілася ля адноўленага помніка савецкім воінам і партызанам у райцэнтры, да якога былі ўскладзены вянкі.
Верш “70 удараў сэрца”, што прагучаў на мітынгу, нагадаў пра гады, якія мінулі з дня заканчэння вайны. Ва ўнісон з вершаванымі радкамі былі і натхняльныя словы намесніка старшыні райвыканкама А.С.Ануфрыюк, галоўнага ўрача цэнтральнай раённай бальніцы А.І.Лаўрукевіча, старшыні райсавета ветэранаў В.М.Шышчыца. Выступоўцы зычылі ўдзельнікам спрыяльнага і пазнавальнага падарожжа па родным краі. Непасрэдна ідэя гэтай акцыі паходзіла ад старшага фельчара аддзялення хуткай дапамогі М.М.Ніканчука. Дзесяць год таму Мікалай Міхайлавіч паўдзельнічаў у Брэсце ў падобным мерапрыемстве, прысвечаным 60-годдзю Перамогі, а зараз сам выступіў з ініцыятывай наведаць на веласіпедах гістарычныя мясціны раёна, звязаныя з ваенным мінулым жабінкаўскай зямлі.
Сёння наш край мае больш за чатыры дзясяткі матэрыяльных адзнак ваеннай даўніны, дзевяць з іх месціцца непасрэдна ў райцэнтры.
Таму першы прыпынак на 30-кіламетровым шляху, які павінны былі пераадолець веласіпедысты, чакаў іх ужо праз некалькі хвілін — ля гарадскіх могілак на вуліцы Міру. Тут удзельнікі акцыі даведаліся пра падзеі даўніны, у памяць пра якія побач паўстаў шэраг помнікаў. Кожны з іх раскрывае асобную старонку ваеннай пары. Гэта найперш магіла ахвяраў фашызму з цэнтральнай скульп-турай жанчыны з дзіцём на руках, а таксама пахаванні аднаго са стваральнікаў жабінкаўскай міліцыі Аляксея Дзмітрука і невядомага савецкага лётчыка, загінулага ў першыя дні вайны, савецкіх і польскіх партызанаў, яўрэйскіх насельнікаў Жабінкі, закатаваных у 1942-1943 гадах акупантамі.
Неўзабаве шлях удзельнікаў велапрабегу скіраваўся ў Федзькавічы, дзе паблізу аўтастрады месціцца скульптура савецкага воіна-вызваліцеля — адзнака векапомных ліпеньскіх дзён сорак чацвёртага года, калі вызваленне ішло па нашай зямлі. У Пятровічах жабінкаўцы схілілі галовы ля невялічкай, але выразнай стэлы на месцы жорсткага пакарання яўрэяў, даведаліся пра лёс хлопчыка з гета Рамана Левіна, выратаванага жыхаркай Жабінкі Флорыяй Будзішэўскай. Месцам наступнага прыпынку стала Рагазнянская царква. Восенню 1943-га храм падзяліў трагічны лёс свайго святара-патрыёта Мікалая Міхалоўскага, закатаванага акупантамі. Клопатам вернікаў царква адрадзілася, нібыта легендарная птушка Фенікс. На ёй у 2011 годзе з’явілася мемарыяльная дошка ў гонар айца Мікалая. Наступныя вянкі ляглі да помніка савецкім грамадзянам, расстраляным гітлераўцамі восенню 1942-га ў вёсцы Бусні. Тут удзельнікі згадалі таксама лёс аднаго з заснавальнікаў Старасельскага партызанскага атрада Міхаіла Чарнака (акцыя, дарэчы, адбывалася ў дзень чарговай гадавіны гібелі легендарнага партызана-разведчыка).
Апошнім пунктам падарожжа па памятных мясцінах Жабінкаўшчыны стаў абеліск у цэнтры аграгарадка Ленінскі, воінам-землякам, што склалі галовы на франтах Вялікай Айчыннай. Да помніка таксама былі ўскладзены кветкі. Пры гэтым удзельнікі падкрэслівалі: акцыі, падобныя гэтай, знітоўваюць пакаленні, дазваляюць не забываць свае карані, успомніць старонкі трагічнай і разам з тым гераічнай нашай гісторыі.
Анатоль БЕНЗЯРУК.
На здымку: удзельнікі велапрабегу памяці.
Фота Святланы КІСЛАЙ.

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*


Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top