Імя сваё пакінуў на Рэйхстагу

Імя сваё пакінуў на Рэйхстагу

IMG_3060

Мікалай Сяргеевіч Шчаноўскі з Вежак неаднаразова паўтарае, нібыта прыказку:
— Вайна — не падарунак, усяляк на ёй бывала, — і дадае ціхім і ўсхваляваным голасам: — Гэтага не забываюць, што нам перажыць давялося.
Сёння ветэран размяняў ужо дзясяты дзясятак. Сярод сваіх узнагарод, што зіхацяць на грудзях, найбольш ганарыцца медалём “За ўзяцце Берліна” — памятнай адзнакай таго, што дайшоў да фашысцкага логава, дзе й адсвяткаваў упершыню дзень Вялікай Перамогі.
…У памяці мільгаюць, быццам на кінастужцы, карціны далёкай маладосці, абпаленай вайной. Згадваецца праз доўгія гады, як везлі маладых навабранцаў у глыб Расіі, дзе раскватаравалі ля мястэчка Рагаўцы. Як вучылі спешна ратнай справе будучых артылерыстаў (Мікалай Сяргеевіч стаў заражаючым 125-міліметровай гаўбіцы). Як трапілі яшчэ на рускай зямлі пад моцны абстрэл (вораг гэтак малаціў, што і галавы не ўзняць), а потым — ужо на фронце — юнак з Вежак на ўласныя вочы бачыў, як гінулі такія ж маладзенькія салдаты, замярзалі ў снягах, змагаючыся з бядой ды голадам.
Калі рыхтавалася нейкае наступленне, маладому байцу з таварышамі неаднойчы выпадала паводле загаду камандзіра хадзіць па “языка”, дабываць карысныя звесткі.
У сваім ваенным паходзе ветэран вылучае дзве важныя падзеі, што моцна прапісаліся ў памяці: сустрэча з амерыканцамі і, вядома, дзень, калі замоўклі гарматы.
… Стаяла цёплая вясна пераможнага сорак пятага. Артылерыйскі полк, у якім служыў Мікалай Шчаноўскі, падышоў да Одэра — ракі, што адкрывала шлях на германскую сталіцу. Аднак загад быў — спыніцца і чакаць падыходу з іншага берага саюзнікаў.
— Былі ўсё ж у поўным баявым настроі, — згадвае ветэран. — Не таму, што мелі да амерыканцаў недавер, а паколькі на вайне патрэбна быць заўжды напагатове. Вораг быў агульны, яшчэ дабіць яго трэба было.
Таму сустрэча воінаў Савецкага Саюза і Злучаных Штатаў атрымалася тады надзвычай гарачай, амаль братэрскай. Абдымаліся, прыгадвае Мікалай Сяргеевіч, і без усялякага перакладчыка разумелі адзін аднаго. Тады галоўнае разуменне прыйшло: цяпер, калі саюзнікі злучыліся, “фашыстам ужо не выкруціцца — канец вайны не за гарамі”.
У прыгарад Берліна ягоны полк увайшоў 6 мая. Ра-зам з саслужыўцам Мікалай спыніўся на начлег у адной немкі. Яна паглядзела на савецкіх салдат і раптам пачала горка плакаць, заламваючы рукі. Хлопцы вырашылі: жанчына баіцца, каб яны не зрабілі ёй нечага дрэннага, пачалі супакойваць. А тая скрозь слёзы патлумачыла: “Былі ў мяне два сыны, такія ж, як вы, маладыя. Ды абодва на фронце загінулі. Ой, і вам такая доля ўгатаваная”.
— Гэтак яна за нас перажывала — не хацела, каб больш смерцяў было: шкада загінуць за некалькі крокаў да Перамогі. Бо ў апошнія дні і нават гадзіны гітлераўцы адчайна змагаліся, — гаворыць ветэран. — А мы стараліся мірных жыхароў падтрымліваць, не прыносіць ім бяды. Малыя дзеткі да нас падыходзілі, падкормлівалі іх, не шкадавалі яды.
Яркім памятным выдалася 9 мая 1945 года. Сапраўднае шчасце чыталася на тварах байцоў. Яны шчыра радаваліся, што жывымі дайшлі да Перамогі. Многія пакідалі надпісы на павержаным фашысцкім логаве.
Ля Рэйхстага апынуўся і хлопец з Жабінкаўшчыны. У той дзень Мікалай Сяргеевіч пакінуў свой подпіс на сцяне. Той памятны аўтограф на шэрым камені, па-шкоджаным кулямі і снарадамі, дасюль самы важны ў жыцці ветэрана.
Анатоль БЕНЗЯРУК.
На здымку: ветэран Вялікай Айчыннай вайны Мікалай Сяргеевіч Шчаноўскі.
Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top