Дзякуй за май сорак пятага!

Дзякуй за май сорак пятага!

ошмянцев

Для тых, хто адстойваў мір на зямлі, 70-годдзе Перамогі — вельмі значная ў жыцці падзея. На жаль, усё менш і менш застаецца іх, воінаў-вызваліцеляў…
Міхаіл Емяльянавіч Семянюк з вёскі Сцяброва, нягледзячы на шаноўны ўзрост — нядаўна адзначыў 90-гадовы юбілей, — жвавы, рухавы чалавек, добра памятае падзеі маладосці. Зведаў многае — і шчасце, і гора. Гады ваеннага ліхалецця, якія прыпалі на маладосць, не выкрасліць. Калі нямецкія акупанты напалі на нашу Радзіму, Міхаілу ішоў 16-ты год. Часта ўзгадвае былы воін, як у далёкім ужо 1943 годзе ён разам з шасцю аднавяскоўцамі прыйшоў у партызанскі атрад. Там прыняў баявое хрышчэнне, аднак прабыў тут крыху менш за тры месяцы, бо моцна захварэў. Вярнуцца назад яму ўжо не давялося.
— Прызвалі на фронт мяне ў 1944 годзе, — расказвае ветэран. — Не паспелі нас, маладых, крыху падвучыць, як тэрмінова адправілі на перадавую. Там, у першых баях, атрымаў раненне, амаль месяц лячыўся ў шпіталі. “Падлатанага” накіравалі ў 34-ую гвардзейскую мотастралковую брыгаду. Разам з іншымі салдацікамі вызваляў гарады Польшчы, атрымаў медаль “За баявыя заслугі”.
Магчыма, дайшоў бы і да Берліна, ды варожая куля зноўку адправіла на шпітальны ложак, дзе і пачуў радасную вестку пра Перамогу.
Пасля доўгага курса лячэння Міхаіла накіравалі ў батальён сувязістаў для далейшай службы. Вярнуўся ў родную вёску толькі ў 1948 годзе.
На Жабінкаўшчыне пачаўся другі, мірны, этап яго жыцця. Працаваў на чыгунцы, потым, калі пабудавалі цукровы завод, уладкаваўся на прадпрыемства слесарам. Аб шчырай і самаадданай працы сведчаць працоўныя ўзнагароды: ордэны “Знак Пашаны” і Працоўнага Чырвонага Сцяга, медалі.
І сёння Міхаіл Емяльянавіч у клопатах і турботах: займаецца агародам, хатняй гаспадаркай (жонка памерла 18 гадоў таму). Сам падтрымлівае парадак у хаце, мые бялізну, гатуе ежу, нават паклеіў шпалеры!
Скардзіцца на складанасці М.Е.Семянюк не прывык. Да бацькі часта заходзіць сын Віктар, які жыве побач, у Сцяброве. Дачка Надзея — ва Уладзівастоку, а блізняты ўнучкі і праўнучка — у Брэсце.
Дзядуля спадзяецца, што дачка таксама пераедзе ў горад над Бугам і часцей можна будзе бачыцца.
Міхаіл Емяльянавіч вельмі радуецца, калі яго наведваюць школьнікі і просяць падзяліцца ўспамінамі. Не мінаюць хату ветэрана работнікі райвыканкама, цукровага завода, Жабінкаўскага сельскага Савета дэ-путатаў.
А ў мінулы чацвер з падарункамі і віншаваннямі з нагоды юбілею Перамогі завіталі да былога воіна шаноўныя госці — старшыні абласнога і раённага Саветаў дэпутатаў Сяргей Дзмітрыевіч Ашмянцаў і Сяргей Васільевіч Мартысюк, старшыня Жабінкаўскага сельвыканкама Галіна Сцяпанаўна Акуліч. Яны ўручылі ветэрану кветкі і падарункі. Расчулены іх візітам Семянюк запрасіў у хату і падзяліўся ўспамінамі баявой маладосці.
На развітанне Сяргей Дзмітрыевіч сказаў: “Заставайцеся і далей бадзёрым і моцным духам. Дзякуй вам, Міхаіл Емяльянавіч, што заваявалі Перамогу, што па-ранейшаму сярод нас, сваім прыкладам вучыце моладзь любіць Радзіму”.
На развітанне госці сфатаграфаваліся на памяць пад квітнеючай яблынькай. А Міхаіл Емяльянавіч заўважыў, што дрэўцы цвітуць так жа хораша, як і 70 гадоў таму, у пераможным маі 45-га…
Святлана КІСЛАЯ.

На здымку: павіншавалі ветэрана М.Е.Семенюка з Перамогай С.Д.Ашмянцаў, С.В.Мартысюк, Г.С.Акуліч.
Фота Святланы КІСЛАЙ.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top