Каму туі спатрэбіліся?

Каму туі спатрэбіліся?

tuya-zapadnaya

Часта ўзгадваю вучнёўскія гады ў СШ №2 г.Жабінка. Чамусьці ўсплывае такі малюнак: ідзе ўрок геаграфіі, а я гляджу не на настаўніцу, а ў акно. Там, на вуліцы, імкліва бурліць жыццё: некуды спяшаюцца людзі, едзе аўтобус. Аднак самае цікавае адбываецца якраз на ўзроўні трэцяга паверха. На верхавінах таполяў “сварацца” вароны. Мабыць, нешта не падзялілі, гучна гарлапаняць, то сігаюць уніз, то пераскокваюць з галіны на галіну. Ага, на чатырох таполях сёння 37 варон, а ўчора было 42. Куды падзеліся астатнія?
— Святлана, хопіць лічыць варон!
Гучны голас настаўніцы імгненна абрывае мае падлікі і “вяртае” ў клас. Толькі слухаць пра нейкія там мерыдыяны і паралелі ўсё роўна не хочацца. У думках я зноў там, на вуліцы, ля таполяў.
Яны суправаджалі нас, вучняў, у школу, вясною на іх з’яўляліся маладыя лісточкі, і мы ведалі — хутка вясновыя канікулы. У маі, калі ў класах было ўжо па-сапраўднаму горача, давалі цень і прахалоду школе…
Цяпер гэтых таполяў ля школы няма. Яны засталіся ў нашай памяці, на фотаздымках. На іх змену прыйшлі “заморскія” туі. Яны, бясспрэчна, прыгожыя, не выклікаюць алергіі, ва ўмелых руках могуць “прыняць” любую форму — ці шара, ці “свечкі”, ці разлапістага кусціка.
Настаўнікам і вучням таксама захацелася азеляніць парадны ўваход. Каб купіць вечназялёныя дрэўцы, не раз працавалі на суботніках, збіралі макулатуру. Колькі было радасці, калі нарэшце сабраных мільён сто тысяч рублёў хапіла на 10 туй! Іх пасадзілі ля школы, усе дрэўцы “прыжыліся” і абяцалі лашчыць вока многія гады.
…Гэтыя туі падабаліся ўсім — і вучням, і бацькам.
“Спадабаліся” (або “спатрэбіліся”?) дрэўцы і нейкаму злодзею. Ён 23 красавіка ноччу пад’ехаў на машыне, акуратненька выкапаў усе 10 зялёных прыгажунь, пагрузіў у іншамарку і павёз. Куды? Мабыць, пасадзіць на сваім падворку (ну не на балконе ж пяціпавярхоўкі!). Камера відэаназірання зафіксавала факт крадзяжу. Праўда, нумар аўтамабіля і твар рабаўніка на начным відэазапісе не распазнаць (штовечар мікрараён пагружаецца ў цемнату, гарыць толькі некалькі ліхтароў). Невядомай “двухногай жывёліне” (інакш не назавеш), відаць, зусім не сорамна было красці ў… дзяцей! Няўжо, калі хапіла сродкаў купіць іншамарку, бракуе грошай на туі?! Не так дорага яны каштуюць, і ў раёне свабодна можна іх набыць. Сорамна і балюча за такіх гомасапіенсаў (язык не паварочваецца назваць іх людзьмі).
Супрацоўнікі міліцыі адшукваюць злодзея. Хочацца спадзявацца, што вышукі не акажуцца марнымі, і ён панясе справядлівае пакаранне.
…Сіратліва ззяюць адтуліны ў траўцы. Можа, у злодзея прачнецца сумленне, і ён пад покрывам ночы верне на месца ўкрадзенае?
Святлана БЯЛЯК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top