«У нас царят открытость сердца и гармония движений…»

«У нас царят открытость сердца и гармония движений…»

“У нас пануюць адкрытасць сэрца, гармонія руху…”
Ішлі тры спадарожнікі. Доўга ішлі, змарыліся і прыселі адпачыць. Раптам чуюць гукі. “Гэта жаўрук спявае”, — гаворыць адзін. “Не, гэта лес шуміць”, — пярэчыць другі. Трэці нахіліўся да самай зямлі і пачуў дзіўную музыку…
— Падарожнікі апынуліся на беларускай зямлі, — гаворыць музычны кіраўнік ясляў-сада №2 г.Жабінка С.М.Рай. — Музыка наша меладычная, танцы вясёлыя.
Святлана Мікалаеўна разам з выхаванцамі інтэгрыраванай групы правяла нядаўна заняткі, якія нагадалі тэатралізаваную казку. Акцёры — хлопчыкі і дзяўчынкі, якія яшчэ год назад з цяжкасцю гаварылі, а цяпер іх не пазнаць. Яна адзначае, што музыка цудоўны лекар, дапамагае быць упэўненым, робіць чалавека эстэтычна багатым. На занятках педагог развівае не толькі музычныя здольнасці, але і мову, каардынацыю рухаў, далучае малых да нацыянальнай культуры. Развіваюць беларускія танцы, іграюць на простых музычных інструментах — усё адбываецца ў гульнёвай форме.
Любоў да сваёй краіны нараджаецца ў самым юным узросце, заўважыла па час гаворкі музычны кіраўнік. Пры складанні планаў заняткаў яна чэрпае інфармацыю з розных крыніц: нешта падказваюць самі дзеці, бацькі. Галоўнае для педагога паспець занатаваць цікавую ідэю, каб потым выкарыстаць на занятках. “Святлана Мікалаеўна — творчы чалавек, да кожнага дзіцяці знаходзіць уласны падыход, — адзначае метадыст дзіцячага сада Зоя Аляксандраўна Кірылюк. — Далучае дзетак да чароўнага ўжо больш двух дзесяткаў гадоў. І ўвесь гэты час як музычны кіраўнік”.
Закончыла яна Мінскі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя М.Танка. У школьныя гады навучалася ў Жабінкаўскай музычнай школе па класу фартэпіяна. Сярод музычных кіраўнікоў дзіцячых садоў толькі яна мае вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю.
— Наш педагог музыкі і спеваў нясе хлопчыкам і дзяўчынкам душэўнае цяпло, пастаянна знаходзіцца ў пошуках новага, цікавага, і вынік відавочны, — прадоўжыла размову загадчыца ясляў-сада №2 г.Жабінка Таццяна Вадзімаўна Усціновіч. У нас у садзіку выхоўваецца хлопчык, інвалід па зроку. Ён перастаў саромецца, у яго выраўнялася мова, а дзеткі з яго групы карэктна адносяцца да малога. На музычных занятках ён з задавальненнем падпявае ўсім, смяецца перад фотакамерай, весела прыхлопвае, калі іншыя танцуюць.
Музычныя заняткі з нацыянальным каларытам, як адзначалі ў садзіку, захопліваюць малых. А калі яны апранаюць беларускія касцюмы, то адчуваюць гонар за свой народ.
На святочных ранішніках выхаванцы паказваюць бацькам, чаму яны ўжо навучыліся. Мамам і татам вельмі падабаецца іх ігра на музычных інструментах — цымбалах, дудках, бубнах, а таксама у музычныя беларускія народныя гульні. Многія бацькі стараюцца працягваць знаёмства дзяцей з беларускай культурай і дома. Ім рэкамендавана часцей наведваць гістарычныя і архітэктурныя знакавыя мясціны, музеі Беларусі.
Мы ў кабінеце музычнага кіраўніка. Тут шырокі выбар музычных касет, дыскаў, літаратуры, дапаможнікаў для развіцця творчых здольнасцяў дзетак. На занятках яны праслухоўваюць народную музыку, творы беларускіх кампазітараў, развучваюць песні, вымаўлянкі, пагаворкі, карагоды, пацешкі. Асабліва падабаюцца малым і іх бацькам кірмашы “Гуканне вясны”, “Калядкі”, “У гасцях у дзеда Усяведа” (забаўлянка), “Купалле”.., калі актыўныя не толькі дзеці, але таты і мамы. Яны разам з сынамі і дочкамі робяць з прыроднага матэрыялу, гародніны розныя падзелкі. Пад кіраўніцтвам Святланы Мікалаеўны працуе гурток “Непаседы”, на занятках якога малыя займаюцца рытмічнай гімнастыкай. Словам, маленькіх выхаванцаў у садзіку №2 з Жабінкі актыўна рыхтуюць да самастойнага жыцця.
“З 2004 года ў нас працуюць інтэгрыраваныя групы, — расказвае загадчыца дашкольнай установы Т.В.Усціновіч. — З дзеткамі рупліва займаюцца не толькі музычны кіраўнік, а і вопытныя настаўнікі-дэфектолагі, у цесным супрацоўніцтве з якімі працуюць кіраўнік фізвыхавання, псіхолаг, выхавальнікі. Усе яны дапамагаюць выхаванцам замацаваць атрыманыя на занятках навыкі”.
У будучым хлопчыкі і дзяўчынкі сада ідуць у гарадскія школы. Дарэчы настаўнікі адзначаюць добрую падрыхтаванасць іх да школьных заняткаў. Дадам, што ў раёне працуе метадычнае аб’яднанне “Дзіцячы сад — школа”, на пасяджэннях якога абмяркоўваюцца інавацыйныя тэхналогіі ў навучальна-выхаваўчым працэсе, метадысты дашкольных устаноў расказваюць, які шлях праходзяць дзеткі, пакуль набудуць пэўныя навыкі і веды. Неаднойчы вопытам работы дзялілася і метадыст ясляў-сада №2 З.А.Кірылюк, якая адзначала, што пад кіраўніцтвам выхавальніц Н.В.Лучко і С.К.Арловай малыя ў інтэгрыраванай групе паступова назапашваюць і пашыраюць слоўнікавы запас, вучацца складваць словазлучэнні, сказы, расказы па малюнках… Ужо ў сярэдзіне навучальнага года ўсе гукі будуць пастаўлены дэфектолагам, а выхавальнікі дапамогуць замацаваць дасягнутыя поспехі. Самае галоўнае — захапіць малых. У інтэгрыраваных групах у іх развіваецца і дробная маторыка з дапамогай лепкі, мазаікі, некалькі разоў на дзень выхаванцы робяць пальцавую гімнастыку. Калі дзеткі пераступілі парог сада, некаторыя нават аловак трымаць не маглі. Цяпер цудоўна малююць, лепяць з пластыліну чалавечкаў, уважліва робяць ім тварыкі — нос, вочкі, роцік…
Зоя Аляксандраўна з горыччу канстатавала, што многія сучасныя бацькі развучыліся вадзіцца з дзецьмі, не могуць з імі пагуляць, пагаманіць. Раней малыя слухалі радыёказкі, мамы чыталі, а цяпер усё замяняе тэлевізар і камп’ютар. У выніку пакутуе мова. Такіх дзяцей потым складана навучыць успрымаць інфармацыю на слых, без рухаў і малюнкаў…
— У нас у саду сярод бацькоў прыжыліся кансультацыі, — працягвае размову Святлана Мікалаеўна Рай, — на якіх мы вучым іх гуляць з дзецьмі, даем парады, як можна вывучыць з малым па дарозе ў садзік колеравую гаму. Такім чынам разам з бацькамі дзіця адчыняе дзверы ў свет. У нас выхаванцы і іх бацькі не па чутках ведаюць, што рытм — гэта гармонія руху, танец — паэзія цела, а музыка — адкрытасць сэрца.
Л.ПЕНДЗІКОЎСКАЯ, наш няштатны карэспандэнт.
На здымку: настаўніца музыкі С.М.Рай з дзеткамі інтэгрыраванай групы.
Фота С.Кіслай.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top