Рана сталелі хлопчыкі

Рана сталелі хлопчыкі

8c95df47764ddd324ca2da89cb555f94_XL

У вайны не жаночы твар… Але і не дзіцячы. Нараўне з дарослымі хлопчыкі і дзяўчынкі ваеннай пары цярпелі голад і холад, дзяліліся апошняй скарынкай хлеба з сябрамі, бачылі смерць. Асаблівасць дзіцячай памяці ў тым, што яна фіксуе ўсё да дробязяў, быццам здымае кіно, а потым, праз многа-многа гадоў, узнаўляе перажытае поўнасцю.
Аб сваім дзяцінстве, якое прыпала на ваеннае ліхалецце, жыцці ў акупацыі расказаў мне жыхар Жабінкі Фёдар Сцяпанавіч Кавальчук:
— Мая малая радзіма — вёска Багуслаўка Маларыцкага раёна. Да вайны ў ёй налічвалася 40 двароў. Кожная сям’я вяла сваю гаспадарку, мела зямлю. Мы трымалі каня, карову, іншую жыўнасць, свойскую птушку. Бацькі Сцяпан Васільевіч і Агрыпіна Філімонаўна былі людзі працавітыя, і мяне, і старэйшага брата Івана прывучалі да работы змалку. Сяляне тады ў магазін хадзілі хіба толькі па газу, а так усё сваё было.
…Раніцай 22 чэрвеня 1941 года нас разбудзіла мама: “Дзеткі, уставайце, вайна!”. Мы схапіліся і пачалі апранацца. Мне было чатыры гадкі, Івану — восем. Багуслаўка знаходзілася недалёка ад граніцы з Польшчай — 15 кіламетраў, таму добра быў чуваць гул варожых самалётаў, выбухі бомбаў і снарадаў. Побач з нашай вёскай і суседнімі размяшчаліся заставы, на іх неслі службу вартавыя. Пагранічнікі кватаравалі ў Збуніне, Дурычах (цяпер Знаменка), тады гэта быў Дамачаўскі раён, цяпер Брэсцкі. Адсюль яны ехалі на заставы, дзе знаходзілася і зброя, каб змяніць таварышаў-саслужыўцаў. Калі пачалася бамбёжка пагранічных тэрыторый, салдаты і афіцэры беглі на свае заставы, каб адтуль даць адпор ворагу, шмат іх тады палягло.
Мужчыны вёскі вырашылі схавацца разам з сем’ямі ў лесе і перачакаць. Запраглі коней, пасадзілі на воз жанчын, дзяцей і паехалі ў пушчу. Праз некаторы час да нас дайшла вестка: каля 12 гадзін калоны нямецкай пяхоты прайшлі ля вёсак Хмялёўка і Радзеж, тады мы вырашылі вярнуцца ў Багуслаўку. Па дарозе дамоў немцы тройчы спынялі нашы вазы і тройчы адводзілі ўбок бацьку, каб расстраляць. Мы не разумелі: чаму з усіх мужчын менавіта яго?! Кожны раз слёзна прасілі адпусціць: галасіла маці, плакалі і мы з братам. Аказалася, што справа ў яго адзенні: тата быў апрануты ў ваенную форму, якую набыў на кірмашы. Цудам ён застаўся жывы: у трэці раз адзін з “добрых” немцаў падказаў яму зняць верхнюю вопратку, пасля гэтага больш не спынялі і мы паспяхова дабраліся да вёскі.
Праз некалькі дзён у Багуслаўцы немцы ўсталявалі сваю ўладу. З мясцовых жыхароў былі прызначаны стараста і два яго намеснікі.
Літаральна з першых дзён акупацыі ў лясах паблізу вёскі быў арганізаваны партызанскі атрад, ініцыятарамі яго стварэння сталі чатыры камсамольцы-актывісты, сярод якіх быў сын дзядзькі Фамы 20-гадовы Мікалай Кавальчук, мой стрыечны брат. Потым былі ўтвораны і дзейнічалі ў лясах і на балотах ля вёскі яшчэ тры партызанскія атрады. Нягледзячы на тое, што за сувязь з партызанамі маглі расстраляць, мясцовыя жыхары ўсё роўна перадавалі ў атрады прадукты, адзенне, медыкаменты. Здаралася, што немцы ўчынялі аблавы, пад час якіх проста лютавалі, здзекаваліся з людзей.
Восенню 1942 года за сувязь з партызанамі былі расстраляны пяць сямей, сярод якіх і дзядзькі Паўла. Разам з ім загінулі жонка і дачка. Пра дзядзьку мне хочацца сказаць асобна: першы гаспадар на вёсцы, майстар на ўсе рукі. Самы прыгожы дом у Багуслаўцы быў ягоны: вялікі, прасторны, з некалькімі пакоямі, светлымі вокнамі. Зайздросцілі яму, усе ведалі, што і стараста таксама, таму пасля расстрэлу хадзілі чуткі, што дзядзька з сям’ёй трапіў у лік ахвяраў не за сувязь з партызанамі, а за майстэрства сваё і талент, вось як атрымліваецца. Няма межаў зайздрасці людской, з-за таго і пацярпеў.
Пасля гэтай трагедыі стараста стаў больш пільна прыглядвацца да нашай сям’і. Аднойчы прыйшоў у хату (быў на добрым падпітку), дастаў з кішэні патроны і стаў пагражаць: хутка расстраляем цябе і тваю сям’ю. Бацька не вытрымаў, моцна пабіў яго, што й прымусіла пайсці ў лес, за намі рушылі і іншыя вяскоўцы.
У хуткім часе старасты не стала. Здарыўся такі выпадак. Неяк адабраў ён у аднаго мужчыны кажух (не ведаў, каго крыўдзіць), той паскардзіўся свайму сыну, які ў Дамачаве служыў у гестапа. На другі дзень “крыўдзіцеля” павесілі прылюдна быццам за сувязь з партызанамі. Вось так сын за бацьку адпомсціў.
У лесе кожная сям’я жыла ў зямлянцы, якую сама сабе будавала. Памятаю, што пясок, які падаў са столі, трапляў у ежу і за каўнер. Немцы па лясах рабілі аблавы, таму месца жыхарства прыходзілася мяняць вельмі часта. Пасля карэннага пералому аблавы спыніліся, тады бацька з дзядзькам Фамой пабудавалі невялічкі домік, як мы казалі, на зямлі. У нас заўсёды збіраліся партызаны, праводзілі сходы, абмяркоўвалі планы дыверсійных аперацый, якія яны здзяйснялі на чыгунцы Владава-Брэст, рыхтавалі людзей для адпраўкі за Буг, у тыл да немцаў. Стаяла ў нас і радыёстанцыя, з дапамогай якой адсылалі і атрымлівалі паведамленні.
Багуслаўку часта бамбілі, але жанчыны ўмудраліся і ў такіх умовах, у пакінутых хатах, пячы хлеб. З вечара ставілі цеста, печ распальвалі ноччу, чакалі, пакуль выгарыць, хлеб садзілі пад раніцу і вярталіся ў лес. За духмянымі боханамі прыходзілі, калі звечарэе, так карміліся сем’і і партызаны.
Аднойчы я з мамай трапіў пад абстрэл. Раніцай выйшлі з хаты, у торбах хлеб яшчэ гарачы, а тут нямецкія самалёты. Адзін доўга нас не адпускаў: зробіць круг над вёскай і сыпле кулямётнымі чэргамі. Толькі адляціць ад нас, мы падымаемся і бяжым да лесу, набліжаецца — падаем на зямлю. І так некалькі разоў, пакуль не схаваліся ў лясным гушчары, які выратаваў нас ад вернай смерці.
Мы, хлапчукі, гулялі ў вайну. Рабілі сабе драўляныя аўтаматы, пісталеты, будавалі ўмацаванні, бралі “праціўніка” у палон. Усё па-сур’ёзнаму. Я любіў тыя вечары, калі ў нашай хаце збіраліся, каб паслухаць патэфонныя пласцінкі. У адзін такі вечар пачулі гул самалётаў, выйшлі і ўбачылі на крылах зорачкі — нашы! Мы віталі савецкіх лётчыкаў крыкамі “ўра!”, махалі рукамі, кідалі шапкі ўверх, але неўзабаве пачуліся стрэлы і нас пачалі бамбіць. Гэта былі пераапранутыя фашысты на савецкіх самалётах.
У лесе мы знаходзіліся да жніўня 1944 года. Аб тым, што ўжо вызваленыя Брэст, Маларыта, даведаліся ад лётчыка, які прызямліўся на АН-2 у нашым лесе на палянцы і быў здзіўлены тым, што мы яшчэ тут, а не ў сваёй вёсцы. Куды было вяртацца? Мы ведалі, што Багуслаўка спаленая. У той жа дзень усе вырашылі наведаць родную вёску. Кожная сям’я запаліла на сваім падворку вогнішча, хат не было, але была вялікая радасць, што нарэшце дачакаліся вызвалення. У хуткім часе мы перавезлі з лесу свой дом, накрылі яго саломай.
Тады ж, у 44-ым, быў прызваны на фронт і бацька, ваяваў у пяхоце. Пісаў дадому пра перамогі нашай арміі, свае справы. Аднойчы атрымалі ліст са шпіталя: бацьку паранілі. Больш вестак не было. А потым прыйшла пахавальная…
З ёй скончылася маё і Іванава дзяцінства, патрэбна было дапамагаць у гаспадарцы, касіць, араць, выконваць сур’ёзную мужчынскую работу. Мы, хлопчыкі ваеннай пары, рана пасталелі, рана памужнелі, бо замянілі ў сем’ях сваіх загінулых бацькоў.
Запісала Алёна НІКАНЧУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top