Пасланне Прэзідэнта беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу

Пасланне Прэзідэнта беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу

207805-04

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 29 красавіка прыняў удзел у сумесным пасяджэнні Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі. Кіраўнік дзяржавы звярнуўся з Пасланнем да беларускага народа і Нацыянальнага сходу.
У сітуацыі ў свеце, якая імкліва змяняецца, Беларусь застаецца астраўком міру, спакою і парадку. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, звяртаючыся з Пасланнем да беларускага народа і Нацыянальнага сходу.
«Трэба прызнаць, што сітуацыя ў свеце апошнім часам змяняецца больш імкліва, чым мы маглі сабе ўявіць. Ну хто мог уявіць, што ў суседняй з намі Украіне будуць падаць бомбы і рвацца снарады? Што ў посланіе 2Еўропе зноў запахне вялікай вайной і градус напружання паміж вялікімі дзяржавамі вырасце да ўзроўню халоднай вайны? І гэта ўжо ніхто не ўтойвае, у тым ліку і ў гэтых вялікіх дзяржавах», — сказаў кіраўнік Беларусі. Са шкадаваннем заўважыў, што «нехта забыў урокі Вялікай Айчыннай вайны». «Гэтыя ўрокі мог забыць хто хочаце, але толькі не беларусы. Тая вайна каштавала нам мільёны жыццяў, і таму, нягледзячы на час, мы цвёрда ведаем і помнім — няма на зямлі нічога даражэйшага, чым мір», — адзначыў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што сёння перад народам стаіць задача зберагчы найвялікшыя каштоўнасці — мір, парадак і незалежнасць Беларусі. «Дзякуй Богу, што сёння лёс нашай краіны вырашаецца не на франтах, не на плошчах. Наша будучыня вызначаецца ў іншай, мірнай сферы — у эканоміцы. Але менавіта тут нам даводзіцца весці бой з вельмі неспрыяльнымі знешнімі ўмовамі, а таксама з уласнымі лянотай, памылковымі думкамі, безадказнасцю і непрафесіяналізмам», — лічыць беларускі лідар.
«Я разумею, што сённяшняя размова ў Авальнай зале будзе ўсяляк аналізавацца, шмат будзе меркаванняў, размоў — на кухнях, у працоўных калектывах, у сродках масавай інфармацыі… Апярэджваючы гэта, хацеў бы папрасіць усіх вас, каб, ацэньваючы Пасланне, вы мелі на ўвазе, што ў нас вельмі насычаны год, і Пасланне будзе крыху своеасаблівым, актуальным і, зразумела ж, будзе ўлічваць усе мерапрыемствы, якія пройдуць на працягу гэтага года», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Аб эканоміцы

А. Лукашэнка адзначыў, што прычыны складанай сітуацыі ў эканоміцы відавочныя — гэта санкцыі супраць галоўнага партнёра Беларусі, спад цэн на нафту, дэвальвацыя расійскага рубля, звужэнне расійскага рынку. Усё гэта прывяло да натуральнага і рэзкага зніжэння збыту прадукцыі на рынках ключавых партнёраў Беларусі — Расіі, Украіны і Казахстана, усёй постсавецкай прасторы.
«Няма продажаў — няма выручкі ў прадпрыемстваў. У выніку менш валюты, падаткаў, грошай у бюджэце. Адсюль немагчымасць павышаць зарплату, скарачаецца занятасць людзей. Гэтыя знешнія фактары нам непадуладныя. Мы жывём у глабальным свеце, і ў нас адкрытая эканоміка, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Праблемы суседзяў неадкладна становяцца нашымі ўласнымі. І гэта аб’ектыўны бок крызісных з’яў».
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што за апошнія дваццаць гадоў сусветная эканоміка радыкальна змянілася і на змену індустрыяльнай ідзе эканоміка ведаў і паслуг.
Прэзідэнт лічыць, што ёсць і яшчэ адна прычына праблем: якасць і прадукцыйнасць працы, якія не заўсёды канкурэнтныя.
«Даючы дакладныя адказы на самыя вострыя пытанні людзей, сёння мала сказаць: мы ўтрымаем курс, стрымаем цэны і захаваем рабочыя месцы. Значна важней паказаць, як мы гэта зробім», — адзначыў беларускі лідар.
«Яшчэ раз хачу падкрэсліць: калі нехта ва ўрадзе хоча кіраваць з кабінета, гледзячы ў акно на плошчу, на чысціню вакол Дома ўрада, то гэта не той падыход. Так, урад у цэлым адказвае за эканоміку, але эканоміка, урад павінен аб гэтым помніць, робіцца перш за ўсё на прадпрыемствах», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Паводле яго слоў, урад павінен з’яўляцца сур’ёзным рэгулятарам, які вызначае стратэгію і дабіваецца выканання гэтай стратэгіі, але пры гэтым кожны дзень унікаць у работу таго ці іншага прадпрыемства.
«Канкурэнтаздольнасць прадпрыемстваў вызначаецца эфектыўнасцю кіравання імі. Калі мы аператыўна не ўдасканалім сваю сістэму кіравання дзяржаўнымі актывамі і прадпрыемствамі, то і далей будзем прайграваць у барацьбе за рынкі. І гэты пройгрыш будзе толькі павялічвацца», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Паводле яго слоў, ураду неабходна ўнесці пакет нарматыўных дакументаў аб падзеле функцый дзяржавы як уласніка і як рэгулятара, а таксама аб сістэме кіравання прадпрыемствамі з улікам сучаснага сусветнага вопыту.
«Неабходна задзейнічаць усе сегменты фінансавага рынку — страхавы сектар, рынак каштоўных папер, інвестыцыйныя фонды, мікрафінансавыя і лізінгавыя арганізацыі, пазабіржавы рынак Форэкс і гэтак далей. Пры гэтым трэба забяспечыць кантроль з боку дзяржавы. І мегарэгулятарам тут стане Нацбанк. Наш фінансавы рынак павінен быць інтэграваны ў сусветны. Прадпрыемствам і банкам неабходна выходзіць на міжнародныя фінансавыя рынкі і прыцягваць рэсурсы для развіцця. У бліжэйшы час трэба прапрацаваць магчымасці размяшчэння акцый вядучых прадпрыемстваў краіны на сусветных біржах, каб хаця б прыцаніцца», — сказаў кіраўнік дзяржавы.
«У бюджэтным працэсе трэба перайсці на выдзяленне сродкаў па праграмна-мэтавым метадзе. Як гавораць эканамісты, бюджэтаванне, арыентаванае на вынік», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
На думку Прэзідэнта, дзяржаўная падтрымка павінна аказвацца толькі на конкурснай аснове, выключна ў ходзе рэалізацыі дзяржпраграм, з роўным доступам да рэсурсаў для арганізацый усіх форм уласнасці.
Кіраўнік дзяржавы запатрабаваў эфектыўнага выкарыстання бюджэтных сродкаў. «Сутнасць простая — не прасіце больш грошай, па-гаспадарску выкарыстоўвайце тое, што ёсць. Усе скаргі на няхватку абаротных сродкаў, інвестыцый трэба спыніць. Грошы ў эканоміцы ёсць. Але многія прадпрыемствы амярцвілі іх у складскіх запасах, даўгабудах, дэбіторскай запазычанасці. Вось тут трэба шукаць фінансавыя рэсурсы!» — сказаў ён.
Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што прадпрыемствы ў першую чаргу павінны арыентавацца на збыт прадукцыі і заключэнне дагавораў, больш актыўна разгружаць склады.
«Акцэнт неабходна зрабіць на пашырэнні экспартнай карзіны за кошт высокатэхналагічных тавараў і паслуг, якія карыстаюцца попытам», — сказаў кіраўнік. Ён перакананы, што трэба мяняць не толькі геаграфію экспарту, але і яго структуру. «Цяпер значную частку беларускіх паставак складаюць сыравінныя тавары: калійныя ўгнаенні, сырая нафта і нафтапрадукты, чорныя металы, драўніна. Абвал хаця б на адным з гэтых рынкаў негатыўна ўплывае на ўсю нашу эканоміку», — растлумачыў ён.
Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, у краіне трэба змяніць падыходы да продажу айчынных тавараў.
Ён звярнуў увагу, што прыток валюты ў краіну павінен стаць галоўным клопатам і крытэрыем ацэнкі эфектыўнасці работы кіраўніцтва прадпрыемстваў.
«Мы таксама павінны сур’ёзна падумаць аб тым, як зрабіць Беларусь прывабнай для багатых людзей з усяго свету. Даручаю ўраду, парламенту, Нацыянальнаму банку грунтоўна прааналізаваць сусветныя працэсы, што адбываюцца ў гэтай сферы, у тым ліку прааналізаваць заканадаўства, якое мы маем», — сказаў кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт таксама даручыў унесці пакет сістэмных прапаноў па паўнацэнным фарміраванні і эфектыўным функцыянаванні фінансавага рынку і яго рэгулятара.
«Трэба будзе актывізаваць работу па прыцягненні прыватных інвестыцый у вёску. Ураду неабходна стымуляваць інвестараў на аснове індывідуальнага падыходу да кожнага з іх пры продажы сельскагаспадарчых арганізацый», — сказаў беларускі лідар. Ён адзначыў, што не менш актуальнай задачай з’яўляецца ўкараненне ў сельскую гаспадарку найноўшых дасягненняў навукі і перадавой практыкі.
Прэзідэнт прызнаў, што ў рэспубліцы за апошнія гады многага дабіліся ва ўздыме сельскай гаспадаркі.
«Беларусь практычна поўнасцю забяспечвае сябе прадуктамі харчавання, імпарт складае менш як 10 працэнтаў усяго аб’ёму спажывання, а экспартныя пастаўкі ажыццяўляюцца ў 50 краін свету. Тым не менш галіна мае патрэбу ў новых, больш эфектыўных метадах яе далейшага развіцця», — упэўнены кіраўнік дзяржавы.
На яго думку, цяпер галоўнае — працаваць на прынцыпах самаакупнасці.
Як адзначыў Прэзідэнт, ва ўмовах скарачэння дзяржпадтрымкі важную ролю павінны адыграць такія механізмы, як канкурэнтны адбор і акупнасць праектаў, аднолькавы доступ да крэдытаў і іншых рэсурсаў, а таксама адказнасць за рэалізацыю і дасягненне намечаных паказчыкаў.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ўмовы адкрыцця, вядзення і закрыцця бізнесу павінны быць простыя і зразумелыя, прычым не на паперы, а на справе.
Лукашэнка даручыў ураду рэструктурызаваць неплацежаздольныя вытворчасці з прыцягненнем інвестараў.
«Падтрымка прадпрыемства, якое аб’ектыўна не патрэбна рынку і эканоміцы, якое фактычна зжыло сябе і не можа існаваць, — гэта прамое амярцвенне рэсурсаў, калі мы, спрабуючы яго выратаваць, укладваем туды грошы. Ліквідацыя адсталага прадпрыемства не трагедыя, а элементарная разважлівасць. Я нават не сказаў бы, што ліквідацыя. Перапрафіляванне такім чынам», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Паводле яго слоў, прадпрыемства становіцца непатрэбным не толькі таму, што там слабае кіраўніцтва або нядбайны калектыў — можа ўстарэць канкрэтны від прадукцыі, звузіцца рынак або выявіцца новы напрамак бізнесу, больш выгадны ў параўнанні з ранейшым. Неабходна стварыць такія ўмовы, каб побач з прадпрыемствам, якое закрываецца, узнікла іншае, больш перспектыўнае, з новымі рабочымі месцамі і больш высокай зарплатай.
Ён са шкадаваннем адзначыў, што цяпер бізнес у Беларусі часта будуецца без належнага афармлення кантрактаў, дэталёва прапісаных правоў, абавязкаў і адказнасці бакоў. «Гэта асабліва характэрна пры складанні інвестыцыйных дагавораў з замежнымі партнёрамі. Адсюль і ўзаемныя неплацяжы паміж прадпрыемствамі, халатнасць, пастаўкі няякаснага абсталявання і не ў тэрмін, безадказнае змяненне ўмоў кантрактаў, павышэнне цаны», — удакладніў Прэзідэнт і дадаў, што гэтыя пытанні трэба здымаць яшчэ на стадыі падрыхтоўкі дакументаў.
«У наступным годзе мы ўводзім мараторый на рост колькасці і ставак падаткаў. Адначасова ўбяром залішні кантроль за эканомікай, рэзка скароцім дубліраванне праверак. Трэба ліквідаваць сітуацыю, калі праваахоўныя і кантралюючыя органы, «якія назіраюць» за кожным крокам дырэктара, фактычна бяруць на сябе кіраванне прадпрыемствам, не несучы адказнасці за вынікі яго работы», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Паводле яго слоў, неабходна зрушыць акцэнты кантролю з бягучай дзейнасці прадпрыемства на канчатковыя вынікі — прыбытак і рэнтабельнасць.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што такая мера не павінна прымяняцца да ўсіх эканамічных злачынцаў. «Вы ведаеце маё стаўленне да эканамічных злачынстваў, асабліва калі там папахвае карупцыяй. Тут мы на гэта ісці не павінны. Але ёсць эканамічныя злачынствы, дзе чалавек кампенсаваў урон, можа, нават не ў аднакратным памеры. Таму я думаю, што гэта (амністыю. — Заўвага БелТА.) можна рабіць», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
«Макраэканамічная стабільнасць — гэта залог нармальнага бізнесу. Зніжэнне інфляцыі для нас — прыярытэтная задача. Насельніцтва непакоіць менавіта рост цэн», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Паводле яго слоў, асноўны шлях стабілізацыі цэн — скарачэнне сабекошту прадукцыі і паслуг, скарачэнне затрат з абавязковым захаваннем дасягнутага ўзроўню дабрабыту насельніцтва.
«Трэба прызнаць, рост цэн — гэта вынік недахопу канкурэнцыі. Дзяржава павінна развіваць добрасумленную канкурэнцыю. На жаль, наша антыманапольная служба слабая, аморфная. Трэба падумаць, як нам узмацніць антыманапольную работу», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Лукашэнка патрабуе не дапускаць неабгрунтаванага росту цэн.
«Мы ж самі пастаянна ўзнімаем цэны, маючы на ўвазе, што і па ЖКГ народ не даплачвае, і аб’еўся народ — вельмі нізкія цэны на прадукты харчавання, і энергетыка бедная, церпіць, трэба ўзняць цэны, даходы прадпрыемствам нафтаперапрацоўкі і іншым, яны, бачыце, мадэрнізуюцца, зарплата нізкая. Гэтага больш быць не павінна», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт канстатаваў, што практычна ўсе цэны знаходзяцца пад кантролем дзяржавы.
Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, ключавой задачай антыманапольнай і канкурэнтнай палітыкі павінна быць вызначэнне справядлівых тарыфаў і цэн. «Ніякай змовы гандлёвых сетак і ўзнімання цэн! Унутраны спажывецкі рынак павінен быць таксама надзейна абаронены ад падробак, фальсіфікату і кантрафактнай прадукцыі», — заявіў Прэзідэнт.
Толькі ў 2014 годзе ў краіну было ўвезена 6,2 тыс. аналагічных МАЗам аўтамабіляў. «Паўстае пытанне — чаму вы іх завезлі? Чаму пры наяўнасці такой вытворчасці халадзільнікаў мы ўвозім з-за мяжы? Чым горшы наш халадзільнік?», — сказаў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што краіны ЕАЭС сёння ўсяляк спрабуюць абараніць свае ўнутраныя рынкі ад увозу замежнай прадукцыі. Пры гэтым ён выступіў супраць штучных забарон на імпарт тавараў і да таго падобных мер. «Трэба дамаўляцца», — лічыць ён.
«Мы разглядаем індывідуальна кожнае прадпрыемства. І калі бачым, што яно «варушыцца», але з-за аб’ектыўных умоў ёсць складанасці, мы, вядома, такому прадпрыемству дапаможам», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. Пры гэтым, адзначыў Аляксандр Лукашэнка, прамысловыя прадпрыемствы не павінны думаць, што дзяржава будзе плаціць за іх крэдыты. «Гэтага не было і быць не можа», — рэзюмаваў Прэзідэнт.
«Скарачаць ільготы і падтрымку прадпрыемствам мы абавязкова будзем. У якім аб’ёме — гэта жыццё павінна будзе паказаць. Дэпутатам і ўраду неабходна вызначыць, якія пакінуць падатковыя льготы. Калі вы дамовіцеся, то нават умешвацца ў гэтую праблему не буду», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Пры гэтым ён падкрэсліў, што скарачаць цяпер існуючыя сацыяльныя льготы не плануецца — дзяржава падтрымлівала і будзе падтрымліваць людзей, якія маюць патрэбу ў дапамозе.
Кіраўнік дзяржавы канстатаваў, што льготы могуць быць прадастаўлены пад акупныя інвестыцыйныя праекты, у Беларусі павінны быць роўныя ўмовы як для айчынных, так і замежных інвестараў, каб была здаровая канкурэнцыя.

Аб сацыяльнай палітыцы

«Асноўная мэта сацыяльнай палітыкі дзяржавы — дабрабыт народа, павышэнне ўзроўню і якасці яго жыцця. Клопат аб людзях розных пакаленняў, рэалізацыя прынцыпу сацыяльнай справядлівасці, увага да чалавека — гэта галоўнае для органаў улады», — лічыць кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што, нягледзячы на цяперашнія няпростыя ўмовы, бюджэт 2015 года, як і ў папярэднія гады, захоўвае сацыяльную накіраванасць. Гэта важны фактар забеспячэння згоды ў грамадстве і стабільнасці дзяржавы.
Ён адзначыў, што Беларусь уваходзіць у групу краін з высокім узроўнем чалавечага развіцця. І за апошні час узнялася ў адпаведным сусветным рэйтынгу з 58-га на 53-е месца сярод амаль 200 дзяржаў. Аднак нельга спыняцца на дасягнутым, падкрэсліў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка даручыў Нацыянальнаму сходу ў бліжэйшы час унесці канчатковыя праекты рашэнняў па аптымізацыі дзяржапарату, а таксама па статусе дзяржслужачага, заўважыўшы пры гэтым, што цяпер у Беларусі ў параўнанні з постсавецкімі і іншымі краінамі дзяржаўны апарат і так нешматлікі. «Але ён для нас залішні. Пры нашай дысцыпліне, адказнасці (можна за штосьці крытыкаваць), тым не менш — залішні.
Вызначыцеся, колькі ў нас аптымальна павінна быць дзяржслужачых, яшчэ на 10% скараціцеся, і мы тым, хто застаўся, дадзім дастойную зарплату і статус дзяржаўнага служачага», — сказаў кіраўнік дзяржавы.
У сучасным свеце, паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, за прафесіяналаў ідзе барацьба, іх пераманьваюць і перакупляюць. «І калі мы не створым дастойныя ўмовы для работы кіраўнікоў, то лепшыя да нас проста не прыйдуць. Страчваць прафесіяналаў мы больш не можам, інакш прайграем у канкурэнтнай барацьбе замежным краінам».
«Трэба помніць, што чалавечы капітал — гэта найважнейшая каштоўнасць у дваццаць першым стагоддзі», — дадаў беларускі лідар.
Паводле слоў Прэзідэнта, стрыжнем моладзевай палітыкі павінна быць выхаванне актыўнай грамадзянскай пазіцыі, фарміраванне высокіх маральных якасцей і культуры ў маладога пакалення.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што пабочных наглядальнікаў у гэтым важным працэсе не павінна быць. «Моладзевыя арганізацыі, сістэма адукацыі, навука, культура і мастацтва, працоўныя калектывы і органы ўлады — усё павінна быць пранізана выхаваўчымі функцыямі, — сказаў ён. — Усяму нашаму грамадству трэба больш шырока прыцягваць моладзь у розныя сферы дзейнасці, развіваць яе творчы патэнцыял.
Мы павінны дабіцца таго, каб кожны малады чалавек, які жыве ў Беларусі, быў упэўнены, што ён патрэбны сваёй краіне, што менавіта тут зможа рэалізаваць свае планы».
«У жыллёвым будаўніцтве неабходна дапоўніць дзеючы механізм дзяржпадтрымкі іпатэчным крэдытаваннем, сістэмай будаўнічых зберажэнняў, арэндай жылля», — адзначыў кіраўнік краіны.
«Абавязак дзяржавы — захаваць суадносіны пенсій па ўзросце і сярэдняй заработнай платы на ўзроўні не менш як 40 працэнтаў, як гэта прынята ва ўсім свеце», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Таксама важная задача — актыўны пошук новых рашэнняў па жыццеўладкаванні непрацаздольных грамадзян. Мясцовыя органы ўлады павінны развіваць геаграфію такіх форм работы, як дамы самастойнага, сезоннага пражывання, прыёмныя, гасцявыя, патранатныя сем’і для пажылых грамадзян. Прэзідэнт даручыў кіраўніку Адміністрацыі Аляксандру Косінцу праверыць, як выконваецца яго даручэнне па ўкараненні новых форм жыццеўладкавання пажылых людзей.
Задачай усіх галін дзяржаўнай улады застаецца фарміраванне камфортнага асяроддзя для людзей з абмежаванымі магчымасцямі, стварэнне ўмоў для іх паўнацэннага і цікавага жыцця, уключэнне ў грамадскія справы.
Паводле яго слоў, таксама неабходна перагледзець функцыянальнасць існуючых аб’ектаў дашкольнай адукацыі. Некаторыя дзіцячыя сады трэба перапрафіляваць, а сродкі накіраваць на іншыя мэты. У некаторых мікрараёнах трэба ўзвесці новыя будынкі. Дзіцячы сад павінен знаходзіцца побач, каб бацькі маглі пакінуць дзіця і спакойна ісці на работу, падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што на расходы ў сферы адукацыі штогод выдзяляюцца вялізныя бюджэтныя сродкі. «Неабходна, каб яны расходаваліся з максімальнай карысцю. Як паказвае практыка, цяпер у нас лішак кадраў пэўных спецыяльнасцей і ў той жа час у розных ВНУ функцыянуе мноства дубліруючых факультэтаў, — заявіў кіраўнік дзяржавы. — Нам патрэбна не колькасць, а сусветны ўзровень навучальных устаноў».
Паводле яго слоў, Міністэрству адукацыі неабходна дэталёва прапрацаваць гэтыя пытанні і ўнесці канкрэтныя прапановы па далейшай аптымізацыі сеткі ўстаноў адукацыі.
«Моцная сям’я, у якой выхоўваюцца як мінімум трое дзяцей, павінна стаць грамадскім ідэалам, сацыяльнай нормай», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
У рэгіёнах краіны ўводзяцца сучасныя спартыўныя аб’екты, разгорнута шырокамаштабная работа па ўмацаванні іх матэрыяльнай базы, развіваецца айчынная фізкультурна-спартыўная індустрыя.
Аднак беларускі лідар лічыць, што фізічную масавую культуру ў краіне яшчэ трэба развіваць.
Аляксандр Лукашэнка прывёў у якасці прыкладу папулярнасць веларуху. «Часта заўважаю, што і моладзь, і дарослыя катаюцца на веласіпедах. Усе пабудаваныя ў Мінску веладарожкі загружаны. Нават кіраўнік Рымска-каталіцкай царквы ў Беларусі з вялікім задавальненнем не толькі ў міні-футбол гуляе, але і на веласіпедзе ездзіць. Хочаце быць здаровымі — круціце педалі. Фізкультурай і спортам трэба займацца», — рэзюмаваў ён.
Што датычыцца сацыяльнага ўтрыманства, то тут трэба падыходзіць прадумана, з улікам усіх узнікаючых пытанняў, падкрэсліў Прэзідэнт. Большасць грамадзян выконвае свой канстытуцыйны абавязак, працуе і плаціць падаткі.
Ён сказаў, што ў адрас дэкрэта «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства» гучыць шмат крытыкі. «Баюся, мы штосьці недапрацавалі. Я ўжо даручыў Адміністрацыі і прашу распрацоўшчыкаў (дэкрэта. — Заўвага БелТА): унікніце ў кожную заўвагу, нават калі іх выказваюць нейкія шарлатаны ад палітыкі. Вывучайце, паглядзіце, каб мы не пакрыўдзілі нармальнага чалавека, — паставіў задачу Аляксандр Лукашэнка. — Мы не павінны дапусціць ніводнай памылкі. Інакш добрую справу пахаваем».
«У культуру ўкладзены немалыя сродкі на адраджэнне і аднаўленне шэрагу аб’ектаў. Аднак мы яшчэ недастаткова выкарыстоўваем патэнцыял нашай культуры ў фарміраванні станоўчага іміджу краіны на міжнароднай арэне. Нам вельмі патрэбны высокага ўзроўню літаратура, жывапіс, спектаклі, кінафільмы, дзе было б таленавіта паказана жыццё нашай маладой суверэннай дзяржавы. Сёння так не хапае твораў, якія фарміруюць і падтрымліваюць духоўныя каштоўнасці нашага народа, якія аб’ядноўваюць людзей, засцерагаюць іх ад хлусні, амаральнасці і бескультур’я. Мы ўкладваем вялікія грошы ў маладыя таленты і ў творчых людзей, якія маюць дастатковы вопыт. Але жаданай аддачы пакуль няма», — сказаў Прэзідэнт.
Беларускі лідар адзначыў, што глядач стаміўся ад сумніўнай кінапрадукцыі і будзе з задавальненнем глядзець добрыя карціны, слухаць дастойныя песні. Сёння ёсць шмат кінапрадукцыі расійскай вытворчасці, прычым, часта створанай у Беларусі, але Беларусі пара ўнесці свой уклад.
Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, трэба актывізаваць творчыя саюзы, каб яны нацэльвалі дзеячаў мастацтва на плённую працу, арыентавалі на высокі эстэтычны ўзровень і процістаялі пошласці і бездухоўнасці.
Ён таксама адзначыў, што сродкам масавай інфармацыі трэба больш удзяляць увагі мастацкім творам, якія ўваходзяць у скарбніцу нацыянальнай, агульнаеўрапейскай і сусветнай культуры і мастацтва. Паводле слоў Прэзідэнта, прыклад актыўнасці дэманструюць расійскія тэлеканалы, якія пастаянна прадстаўляюць гледачу новыя праекты. «У нас, на жаль, некаторыя кадры ў СМІ засядзеліся, працаваць не хочуць», — адзначыў ён. Такі стан спраў не павінен прадаўжацца.
Комплекснае вырашэнне задач у сацыяльна-культурнай сферы павінна быць нацэлена на фарміраванне працавітай, адукаванай, культурнай і здаровай нацыі.

Аб рабоце парламента

«Беларускі парламент з’яўляецца галоўнай пляцоўкай для дыялогу, на якой прадстаўнікі розных слаёў грамадства могуць абмеркаваць актуальныя для краіны пытанні», — сказаў Прэзідэнт. Звяртаючыся да старшыняў абедзвюх палат Нацыянальнага сходу, Аляксандр Лукашэнка заклікаў запрашаць у парламент людзей з рознымі пунктамі гледжання. «Абмяркоўвайце праблемы, выпрацоўвайце тыя або іншыя рашэнні, уносьце прапановы. Я заўсёды гатовы выслухаць вас», — адзначыў кіраўнік дзяржавы. Прэзідэнт дадаў, што ў цэлым парламентарыям неабходна больш актыўна ўзаемадзейнічаць з дзяржорганамі, грамадскімі аб’яднаннямі і бізнес-супольнасцю.
Аляксандр Лукашэнка заявіў, што неабходна пастаянна працаваць над павышэннем якасці падрыхтоўкі законапраектаў і дакладнасцю прагнозаў наступстваў іх прыняцця. Акрамя таго, адзначыў: «Перш чым прымаць закон, трэба падлічыць: а да якіх наступстваў гэта прывядзе. А ў нас, на жаль, вельмі часта бывае наадварот. Спачатку вырашаем нешта змяніць, але потым разумеем, што гэта было лішнім і прынесла больш шкоды, чым карысці».
У Беларусі наспела неабходнасць распрацаваць і прыняць заканадаўчыя акты па псіхасацыяльнай рэабілітацыі грамадзян, якія пакутуюць на хранічны алкагалізм, наркаманію і таксікаманію, прымяненні да іх прымусовых мер лячэння і толькі працатэрапіі.
Аляксандр Лукашэнка таксама адзначыў, што патрабуюць урэгулявання пытанні размяшчэння сацыяльнай рэкламы ў месцах рэалізацыі алкагольных напіткаў і піва. Разам з тым, на думку кіраўніка дзяржавы, павышэнне ўзроставага цэнзу для пакупнікоў алкагольных напояў не вырашыць праблему.
«Вельмі вас прашу — усе органы ўлады, парламент, дэпутатаў: ніколі не адмаўляйцеся ад дыскусій з самымі крайнімі нашымі апазіцыянерамі, нават членамі пятай калоны, як мы іх называем. Куды ад іх падзецца? Яны ёсць у нашым грамадстве, яны грамадзяне нашай краіны, — сказаў Прэзідэнт. — Не ўхіляйцеся ад гэтых дыскусій, кантактуйце з гэтымі людзьмі… Трэба з імі размаўляць». Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што далёка не ўсе апазіцыянеры хочуць шкоды для краіны. Пры гэтым кіраўнік дзяржавы лічыць, што пэўная частка апазіцыі зразумела, што такое стабільнасць і мір.
«Нам канфрантацыя ўнутры краіны абсалютна не патрэбна, таму трэба размаўляць з усімі», — яшчэ раз падкрэсліў Прэзідэнт.
Таксама, на яго думку, апошнім часам намецілася станоўчая тэндэнцыя ўзмацнення ролі канструктыўных грамадскіх арганізацый у фарміраванні грамадзянскай супольнасці Беларусі, станаўленні дэмакратыі, абароне правоў і свабод грамадзян.
Беларуская палітычная сістэма даказала сваю эфектыўнасць.

Аб знешняй палітыцы

«Нам прынцыпова важна ўмацоўваць у нашых партнёраў усведамленне, што прадказальная і стабільная Беларусь — гэта каштоўнасць для ўсяго свету, — заявіў Прэзідэнт. — Гэта надзейнае звяно, якое звязвае Усход і Захад”.
«Аб гэтым сведчыць шматвектарнасць знешнепалітычнага курсу Беларусі, накіраванага на развіццё ўзаемавыгадных адносін з рознымі краінамі свету. Стратэгічная мэта беларускай знешняй палітыкі зразумелая: стварэнне аптымальнага балансу нашых інтарэсаў паміж рознымі цэнтрамі сілы, выбудоўванне раўнапраўнага ўзаемадзеяння з вядучымі ігракамі на міжнароднай арэне», — сказаў Прэзідэнт.
«Мы ганарымся тым, што ў нас выдатныя адносіны з такімі гігантамі, як Расія, Кітай, Індыя, наладжваюцца адносіны з Еўрасаюзам», — сказаў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка з задавальненнем адзначыў, што Беларусь выйшла на ўзровень усебаковага стратэгічнага партнёрства з КНР.
«Нашы апаненты палохаюць нас тым, што, увайшоўшы ў гэта інтэграцыйнае аб’яднанне, Беларусь страціць сваю незалежнасць. Такія сцвярджэнні цалкам беспадстаўныя. Вы гэта бачыце», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт адзначыў, што ўдзел Беларусі ў еўразійскіх інтэграцыйных працэсах у якасці краіны-заснавальніка дае вялікія перавагі.
Паводле яго слоў, зняцце бар’ераў ва ўзаемным гандлі, адмова ад абмежаванняў у руху тавараў і паслуг, зразумела, з’яўляецца найбольш хвалюючым працэсам для любой дзяржавы. «Пытанні па энерганосьбітах, транспартных, фінансавых паслугах і шэрагу іншых пазіцый ва ўсіх вядомых сёння інтэграцыйных аб’яднаннях, уключаючы Еўрапейскі саюз, заўсёды вырашаліся з асаблівым напружаннем. Але калі мы заявілі аб безальтэрнатыўнасці інтэграцыйнага развіцця, то такі рух павінен ажыццяўляцца на раўнапраўнай аснове», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Ен адзначыў, што ў Беларусі зацікаўлены ў актывізацыі і вывядзенні на новы якасны ўзровень супрацоўніцтва з Еўрапейскім саюзам. «Нават на фоне няпростых палітычных адносін Еўрасаюз застаецца адным з асноўных гандлёва-эканамічных партнёраў Беларусі, крыніцай крэдытных рэсурсаў і інвестыцый. Мы ж з’яўляемся своеасаблівымі «варотамі» на шляху да вялікага і перспектыўнага рынку ЕАЭС. Нягледзячы на існуючыя рознагалоссі, мы ніколі не стваралі перашкод еўрапейскаму бізнесу», — адзначыў кіраўнік беларускай дзяржавы.
На думку Прэзідэнта Беларусі, пры сітуацыі ва Украіне беларуская тэрыторыя набывае большую значнасць для Расіі, Еўрасаюза, Кітая, паколькі яна застаецца своеасаблівым калідорам з усходу на захад, з поўдня на поўнач, спакойным рэгіёнам, дзе можна свабодна перамяшчацца любым транспартам.
«Нягледзячы на цяперашняе абвастрэнне геапалітычнай абстаноўкі, лічу, што наша ідэя інтэграцыі па-ранейшаму актуальная і перспектыўная. У рэшце рэшт мы прыйдзем да рэальнага збліжэння Еўрасаюза і Еўразійскага эканамічнага саюза, да пабудовы Вялікай Еўропы ад Атлантыкі да Ціхага акіяна. Ажыццяўленню гэтай ідэі садзейнічае старшынства Беларусі ў ЕАЭС», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што заснаванне паўнацэннай арганізацыі рэгіянальнай эканамічнай інтэграцыі, якая валодае міжнароднай правасуб’ектнасцю, адкрывае перспектывы прынцыпова новага ўзроўню ўзаемадзеяння з сусветнымі эканамічнымі аб’яднаннямі.
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што мэтанакіраваная работа па пошуку агульных інтарэсаў са Злучанымі Штатамі Амерыкі праз рэалізацыю праектаў у сферы эканомікі пачала ўжо даваць першыя адчувальныя вынікі.
«Мы намецілі далейшыя канкрэтныя крокі, прызначаныя павысіць узровень даверу ў двухбаковых адносінах», — сказаў кіраўнік дзяржавы.
На думку беларускага лідара, шлях да нармалізацыі адносін з ЗША ляжыць праз раўнапраўнае канструктыўнае супрацоўніцтва.
Лукашэнка станоўча ацэньвае магчымасць падключэння ЗША да перагаворнага працэсу па Украіне.
«Калі ў ЗША ёсць намер нармалізаваць абстаноўку на паўднёвым усходзе Украіны — гэта абстаноўка будзе нармалізавана, сто працэнтаў. Калі ЗША зойме іншую пазіцыю — там не будзе міру. Хто гэтага не разумее? Разумеюць усе, нават звычайныя людзі», — сказаў кіраўнік дзяржавы. Ён адзначыў, што калі ў гэтым спатрэбіцца роля Беларусі, краіна гатова яе адыграць. «Убок мы адыходзіць не будзем, таму што гэта ўжо наша вайна, дзякуй богу, не на нашай тэрыторыі», — падкрэсліў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што развіццё ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва з дзяржавамі Азіі, Лацінскай Амерыкі, Афрыкі, выбудоўванне «далёкай дугі» беларускай знешняй палітыкі з’яўляецца прынцыпова важным для Беларусі напрамкам. «Узаемадзеянне з краінамі гэтых рэгіёнаў дасць магчымасць знаходзіць дадатковыя пункты апоры, якія павышаюць устойлівасць нашых знешнепалітычных і знешнеэканамічных пазіцый», — сказаў беларускі лідар.
Як адзначыў Прэзідэнт, у Расіі ёсць сілы, якія «вельмі хочуць абмежаваць уплыў беларускай мадэлі развіцця і таго ж Лукашэнкі на працэсы, што адбываюцца ў РФ». Расія як была, так і застаецца нашым галоўным стратэгічным партнёрам.
«Трэба разумець: Беларусь — суверэнная незалежная дзяржава. Зразумела, мы вельмі цесна звязаны з рускім народам, мы браты, але мы хочам жыць у сваёй кватэры ў адным шматпавярховым доме. Калі нехта мяркуе (не толькі ў Расіі, але і ў іншых месцах), што нас гэтага можна пазбавіць, то скажу — ніколі. Мы незалежная дзяржава, якая пры гэтым нікому не стварае праблем і ствараць не будзе», — дадаў Прэзідэнт.
БелТА.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top