Вучыць не толькі розумам, але сэрцам і душой

Вучыць не толькі розумам, але сэрцам і душой

IMG_2925Кожны год маладыя спецыялісты папаўняюць сябрыну настаўнікаў раёна. Сярод іх, безумоўна, ёсць народжаныя для гэтай прафесіі, якія працуюць творча, самааддана. Тыя, на каго неабходна раўняцца і з каго браць прыклад, нягледзячы на іх нясталы ўзрост і невялікі стаж.
Конкурс “Малады настаўнік Брэстчыны”, а, дарэчы, праводзіцца ён толькі ў нашай вобласці, якраз і задумваўся для таго, каб выявіць таленавітых педагогаў, стаж якіх не перавышае пяці гадоў, а таксама павысіць прэстыж прафесіі настаўніка.
Сёлета ў раённым этапе абласнога конкурсу прафесійнага майстэрства перамагла настаўніца гісторыі другой гарадской школы Таццяна Дзмітрыеўна Кныш. Чацвёрты год шчыруе яна на педагагічнай ніве.
Намеснік дырэктара ў навучальнай рабоце СШ №2 Марына Іванаўна Пакала не шкадуе добрых слоў у адрас маладой калегі:
—  Таццяна Дзмітрыеўна вельмі таленавіты і творчы педагог, адказная, энергічная, зацікаўленая ў сваёй прафесіі, улюбёная ў гісторыю. Яна генерыруе ідэямі, смела і ўпэўнена бярэцца за складаныя заданні, прымяняе ў сваёй рабоце інфармацыйныя тэхналогіі, зараз асвойвае WEB 2.0. Урокі гісторыі ў Таццяны Дзмітрыеўны праходзяць цікава, незвычайна, яна вучыць не толькі розумам, але сэрцам і душой. У пачатку навучальнага года малады спецыяліст праводзіла адкрытыя заняткі для настаўнікаў-гісторыкаў раённага метадычнага аб’яднання, у снежні была атэставана на другую кваліфікацыйную катэгорыю. Таццяна Дзмітрыеўна заўсёды адклікаецца на прапановы прыняць удзел у конкурсах, навукова-практычных канферэнцыях. Летась стала фіналісткай раённага этапу конкурсу прафесійнага майстэрства “Настаўнік года”. Штогод яе вучні займаюць прызавыя месцы ў алімпіядах па гісторыі. Сёлета вучаніца 8 класа Вера Сянішына атрымала дыплом ІІ ступені на раённай алімпіядзе.
Увогуле, адміністрацыя гэтай навучальнай установы аказвае падтрымку маладым педагогам, заахвочвае іх творчыя ініцыятывы маральна і матэрыяльна.
Пазнаёмімся крыху бліжэй з нашай гераіняй.
Таццяна Дзмітрыеўна Кныш нараджэнка Камянецкага раёна. Затым сям’я пераехала на матуліну радзіму ў Жабінку. У 2007 годзе дзяўчына скончыла першую гарадскую адзінаццацігодку, паступіла ў Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.С.Пушкіна на гістарычны факультэт. Выбар быў свядомы: настаўніцай Таццяна хацела стаць з 8 класа. У 2011-м яе мара здзейснілася: Таццяна Дзмітрыеўна была прынята на працу ў СШ №2 г.Жабінка настаўніцай гісторыі.
—  Я рада, што трапіла менавіта ў другую гарадскую школу,  —  дзеліцца малады педагог.  —  Тут я магу рэалізаваць свае творчыя задумкі. Склаліся выдатныя адносіны з калектывам. Праца мне вельмі падабаецца, таму што патрабуе пастаянных пошукаў новых форм і метадаў выкладання. Працую ў 6, 8-9 класах і ў 11-ым,  з’яўляюся класным кіраўніком 9 “А”.
Акрамя таго, Таццяна Дзмітрыеўна кіраўнік гуртка “Юныя гісторыкі”, праводзіць факультатыўныя заняткі, імкнецца ў першую чаргу выхоўваць у вучняў любоў да Радзімы, стараецца знайсці да кожнага індывідуальны падыход. Малады педагог самаўдасканальваецца, наведвае курсы і семінары.
Перамога ў раённым этапе абласнога конкурсу “Малады настаўнік Брэстчыны” дала магчымасць Таццяне Дзмітрыеўне Кныш прадставіць Жабінкаўшчыну на занальным этапе, які праходзіў у першай гарадской адзінаццацігодцы. Адкрыты ўрок праводзіла ў незнаёмым класе, ён быў прысвечаны аднаму з самых старажытных гарадоў Беларусі  —  Тураву і Тураўскаму княству. Неабходна было зрабіць самааналіз урока, адказаць на пытанні журы.
—  Даволі складана аналізаваць плюсы і мінусы сваіх заняткаў,  —  дзеліцца Таццяна Дзмітрыеўна.  —  Каштоўнасцю майго ўрока, лічу, было тое, што я звязала падзеі мінулага і сучаснасці  —  вучні здзейснілі завочнае падарожжа па музеях Палесся. І, як вынік, усе захацелі пабываць у іх.
Маладая настаўніца лічыць, што яе перамога ў конкурсе стала магчымай дзякуючы падтрымцы калег, і выказвае словы падзякі дырэктару другой гарадской школы Ірыне Міхайлаўне Кашчэва, яе намесніку ў навучальнай рабоце Марыне Іванаўне Пакала, сваім калегам, раённаму метадычнаму кабінету, а таксама настаўніцы гісторыі СШ №1 Марыне Аляксандраўне Іпатавай, настаўніцы пачатковых класаў СШ №3 Віталіне Аляксандраўне Папковіч, якая мае багаты вопыт удзелу ў разнастайных конкурсах, дзеліцца ім з іншымі настаўнікамі нават на рэспубліканскім узроўні.
Які гісторык не любіць падарожнічаць? Сапраўдныя, а не завочныя экскурсіі навучэнцы Таццяны Кныш здзейснілі ў Мірскі, Нясвіжскі і Лідскі замкі. Летась настаўніца гісторыі пабывала ў турнэ па Еўропе, наведала больш за дзесяць гарадоў у сямі краінах. Найбольш запомніліся ёй Мілан, Прага, Вена… Ажыццявілася яе запаветная мара  —  убачыць Венецыю. Цяпер пра славутыя мясціны гэтых гарадоў яна расказвае сваім выхаванцам з убачанага на свае вочы.
Нягледзячы на пастаянную занятасць і творчыя пошукі: якія формы і метады работы выбраць, якія сучасныя тэхналогіі прымяніць, Таццяна Дзмітрыеўна мае цікавае хобі  —  яна любіць ствараць прыгожыя, незвычайныя прычоскі. Часам да яе выстройваецца цэлая чарга з сябровак, вучаніц, знаёмых. Дарэчы, прычоскі ўдзельніцам пастаноўкі “Папялушка” на новы лад”, якую вучні другой гарадской школы падрыхтавалі на раённы фестываль школьных тэатральных калектываў на замежнай мове, прыдумала і зрабіла маладая настаўніца гісторыі.
Глядзіш на Таццяну Дзмітрыеўну і здзіўляешся дзіўнаму спалучэнню сціпласці і байцоўскіх якасцяў. Яна гатова да любога “бою”, да любых спаборніцтваў. Адпачываць педагогу-пачаткоўцу няма калі: з 22 па 24 красавіка ў складзе каманды ад Брэсцкай вобласці прымала ўдзел у рэспубліканскім фестывалі для маладых спецыялістаў “Прызванне  —  педагог”, які праходзіў у Гродне. Такія настаўнікі захапляюць дзяцей сваім прадметам, узбагачаюць трывалымі ведамі.
Сваім маладым калегам Таццяна Дзмітрыеўна Кныш жадае смеласці, ініцыя-тыўнасці, крэатыўнасці і ўлюбёнасці ў сваю працу.
Наталля АЛЯКСЕЙЧЫК.
На здымку: пераможца раённага этапу конкурсу “Малады настаўнік Брэстчыны” настаўніца гісторыі СШ №2 г.Жабінка Т.Д.Кныш.
Фота Ірыны ЖУК.

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*