Працуем з тымі, дзе “не прыжыліся” давер і цеплыня

Працуем з тымі, дзе “не прыжыліся” давер і цеплыня

_DSC5139У сем’ях, дзе пераважаюць утульнасць, зычлівасць, згода і паразуменне найперш паміж бацькамі, а таксама імі і нашчадкамі, дзеці вырастаюць кла-патлівымі, уважлівымі, у іх ёсць жыццёвыя прынцыпы і мэта  —  атрымаць прафесію, якая б прыносіла задавальненне, стаць дастойным чалавекам сваёй краіны. На жаль, не ва ўсіх сем’ях для гэтага створаны спрыяльныя ўмовы, “прыжыліся” давер і цёплыя зносіны. Каб неяк “адгарадзіць” хлопчыкаў і дзяўчынак ад праблем, з якімі яны сутыкнуліся ў развіцці і навучанні праз сваіх гора-бацькоў, іншыя прычыны, створаны раённы сацыяльна-педагагічны цэнтр, куратарам і памочнікам спецыялістаў якога з’яўляецца Наталля Міхайлаўна Андрасюк, загадчыца сектара ў ахове дзяцінства аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама.
“Установа наша маладая,  —  заўважыла дырэктар Таццяна Ігараўна Новік.  —  Створана яна была ў 2006 годзе з мэтай забеспячэння права дзяцей на атрыманне своечасовай кваліфікаванай сацыяльна-педагагічнай, псіхалагічнай і іншай дапамогі з боку дзяржавы і для рэалізацыі Дэкрэта №18 Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “Аб дадатковых мерах дзяржаўнай абароны дзяцей у сем’ях, якія знаходзяцца ў сацыяльна-небяспечным становішчы”. Акрамя мяне, тут працуюць педагог сацыяльны Надзея Віктараўна Макарэвіч, педагог-псіхолаг Дар’я Уладзіміраўна Паўлюкавец, юрысконсульт Юлія Аляксееўна Місірук. Да нядаўняга часу да нашага цэнтра адносіўся Ленінскі сацыяльны прытулак, які расфарміравалі з-за адсутнасці дзяцей, якім патрэбна дзяржаўная абарона. Калі ў 2011 годзе іх у раёне было 21, то ў 2013-ым  —  толькі два. Нашы спецыялісты ажыццяўляюць педагагічную дыягностыку хлопчыкаў і дзяўчынак раёна, прафілактыку залежных паводзінаў, павышаюць іх грамадзянскую дасведчанасць, вядуць работу з бацькамі па аздараўленні ўнутрысямейнага становішча, абараняюць законныя правы і інтарэсы непаўнагадовых, фарміруюць псіхалагічную культуру асобы дзіцяці, вучаць адэкватным адносінам з людзьмі…”
Сапраўды, нягледзячы на малады ўзрост цэнтра і яго спецыялістаў, справы тут праводзяцца разнастайныя, што дапамагае ў вырашэнні сямейных праблемаў. Летась, напрыклад, у дзяржаўнай абароне мелі патрэбу 8 непаўнагадовых дзетак, 2 з іх былі вернуты ў біялагічную сям’ю. Лічбы невялікія, аднак для стабілізацыі сітуацыі ў сем’ях, дзе выхоўваюцца гэтыя хлопчыкі і дзяўчынкі, давялося пабываць  не адзін дзясятак разоў. Штомесячна тут абнаўляецца спіс тых, хто знаходзіцца ў сацыяльна-небяспечным становішчы; штоквартальна  —  дзяцей-сірот, а таксама тых, хто застаўся без апекі бацькоў і выхоўваецца ў замяняльных сем’ях.
Вядома, без наведвання месца пражывання немагчыма вызначыць у якім становішчы дзеці дома, пракансультаваць бацькоў паводле пытанняў быту і гігіены. Педагогі цэнтра стараюцца двойчы ў месяц завітаць у сацыяльна-небяспечныя сем’і. Мерапрыемствы, накіраваныя на паляпшэнне сітуацыі ў іх, распрацоўваюцца індывідуальна для кожнай. Так, за першы квартал бягучага года 18 хлопчыкаў і дзяўчынак, якія былі прызнаны ў сацыяльна-небяспечным становішчы, зняты з уліку, пакуль іх у раёне застаецца 60 з 35 сем’яў. Летась у аналагічны перыяд было 82 дзіцяці з 38. Ім аказвалася сацыяльна-педагагічная падтрымка.
Для многіх сем’яў такія працэдуры, як атрыманне дапамогі на дзяцей, запіс іх у дзіцячы сад, афармленне бясплатнага харчавання і адраснай дапамогі, іншае, выклікаюць складанасці. Пад час індывідуальных гутарак, кансультацый спецыялісты крок за крокам тлумачаць, куды звяртацца, якія даведкі неабходна сабраць. Здараецца, што спецыялісты цэнтра суправаджаюць сем’і ў бальніцу, аддзяленне грамадзянства і міграцыі. Ім нават даводзіцца тлумачыць, што трэба змяніць на месцы пражывання непаўнагадовага, каб яно адпавядала агульна-прынятым нормам гігіены.
Пэўная роля ў рабоце Цэнтра адводзіцца псіхалагічнай падтрымцы бацькоў, калі ім тлумачыцца быць адказнымі за выхаванне дзяцей, не ўхіляцца ад сваіх абавязкаў, садзейнічаць паляпшэнню адносін у сям’і, развіваць дзіця як асобу. Калі выяўлены праблемы, тады намячаюцца далейшыя крокі ў рабоце: індывідуальныя ці групавыя кансультацыі; псіхалагічная карэкцыя (у тым ліку заняткі, накіраваныя на павышэнне самаацэнкі і г.д.); карэкцыйна-развіццёвыя заняткі, трэнінгі на ўма-цаванне эмацыянальнай устойлівасці…
Акрамя работы з няўдалымі сем’ямі, спецыялісты сацыяльна-педагагічнага цэнтра курыруюць замяняльныя (прыёмныя, апякунскія). Цяпер у раёне 32 дзіцяці пражываюць у такіх сем’ях. Так, педагогам-псіхолагам Дар’яй Уладзіміраўнай Паўлюкавец праведзены цыкл заняткаў “Выяўленне і карэкцыя міжасобавага ўзаемадзеяння дзяцей, якія знаходзяцца ў адной замяняльнай сям’і”, “Развіццё канфліктных момантаў, якія ўскладняюць зносіны і ўзаемадзеянні з прыёмнымі бацькамі”, “Зніжэнне ўзроўню трывогі”, “Карэкцыя агрэсіўных паводзін непаўнагадовага ў прыёмнай сям’і”, іншыя.
На 1 студзеня сёлета ў раёне налічваецца 18 апякунскіх сем’яў, у якіх выхоўваецца 21 дзіця. Якая ж работа праведзена з імі? Гэта частыя наведванні іх, пасяджэнні клуба “Выхоўваем разам” для прыёмных бацькоў, дзе абмяркоўваліся тэмы “Унутрысямейныя адносіны”, “Функцыі сям’і”, “Як прывучыць дзіця да парадку і не перастарацца”, “Давяральныя адносіны”, “Выхаванне  —  кнут і пернік”, іншыя. А колькі весялосці і цеплыні прынеслі святы дзецям і іх бацькам! Самі іх назвы гавораць за сябе: “Мая сям’я  —  мая радасць”, “Пра тую, якая радасць нам даруе і цяпло”.., што сталі традыцыйнымі ў Дзень сям’і і Дзень маці.
Гэта далёка не поўны пералік той працы, якой даводзіцца займацца супрацоўнікам Цэнтра пад непасрэдным кантролем і метадычнай дапамогай вопытнага спецыяліста, загадчыцы сектара ў ахове дзяцінства аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Наталлі Міхайлаўны Андрасюк. Было праведзена шмат індывідуальных гутарак і кансультацый з бацькамі і дзецьмі ў розных сем’ях; семінары на базе ўстаноў адукацыі “Роля сацыяльнага педагога ў арганізацыі і правядзенні савета прафілактыкі”, “Прафілактыка суіцыдаў сярод школьнікаў”; памяткі для бацькоў “Размеркаванне сямейнага бюджэту”, “Як садзейнічаць моўнаму развіццю дзіцяці”, “Жаночы алкагалізм”, “Сакрэты вучэбнай матывацыі”, іншае.
“Прафілактыка права-парушэнняў і злачыннасці сярод непаўнагадовых,  —  гэта яшчэ адзін аспект нашай дзейнасці,  —  сказала педагог сацыяльны Надзея Віктараўна Макарэвіч.  —  Ва ўстановах адукацыі правялі дыскусію “Насілле ці пакаранне”, прававую гадзіну “Непаўнагадовыя і супрацьпраўныя паводзіны”, круглы стол “Мера пакарання за правапарушэнні”. Распра-цавалі заданні прававой алімпіяды і ацанілі ўзровень ведаў дзяцей. Неаднойчы гутарылі з бацькамі, у тым ліку ў рамках выканання індывідуальных планаў абароны правоў і законных інтарэсаў дзяцей, што знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, якія маюць патрэбу ў дзяржаўнай абароне, а таксама з тымі, дзе неабходна наладзіць унутрысямейную сітуацыю і дзіцяча-бацькоўскія ўзаемаадносіны”…
Словам, праца прыносіць пэўныя вынікі. І сем’і “выбіраюцца” з цяжкіх сітуацый.
На здымку:
Д. У. Паўлюкавец,
 Н. В. Макарэвіч,
 Ю.А. Місірук.
Лідзія ІВАНІХІНА.
Людміла КОСЦІНА.
Фота Святланы КІСЛАЙ

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top