Шукаць інвестараў, ствараць новыя рабочыя месцы

Шукаць інвестараў, ствараць новыя рабочыя месцы

IMG_6674
Чарговае пасяджэнне райвыканкама прайшло ў пятніцу, 24 красавіка. Вёў яго кіраўнік раёна Ф.Ф.Каланчук.
АБ ВЫНІКАХ сацыяльна-эканамічнага развіцця і выкананні бюджэту раёна ў першым квартале 2015 года далажылі намеснік старшыні райвыканкама А.П.Грыгарчук і начальнік фінансавага аддзела райвыканкама С.М.Плавух. У прамысловасці адзначаецца зніжэнне попыту на прадукцыю як на ўнутраным, так і на знешнім рынках, што негатыўна адбілася на аб’ёмах вытворчасці (выпушчана менш торфабрыкетаў  —  на 39,8%, камбікармоў  —  на 9,4%). Праўда, павялічылася вытворчасць цукру на 54,1%. Тэмп росту валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі склаў 106,3% пры заданні на год 103,5%. Плюс па гэтым паказчыку ў параўнанні з першым кварталам 2014 года забяспечылі ўсе гаспадаркі, акрамя СВК “Арэпічы” (99,1%). Аднак, нягледзячы на станоўчую дынаміку ў сельскагаспадарчай галіне, А.П.Грыгарчук назваў фінансавую сітуацыю ў гаспадарках дастаткова складанай: запазычанасць па крэдытах і пазыках на 1 сакавіка была 225,7 мільярда руб.
У раёне 4 стратныя прадпрыемствы (у першым квартале 2014 г. было 6): рыбгас “Сакалова”, камбікормавы і торфабрыкетны заводы, райсельгастэхніка. У рэжыме няпоўнай занятасці ў лютым працавалі торфабрыкетны завод, РКБА і ДРБУ-103. А гэта, як падкрэсліла С.М.Плавух, адна з прычын, што адмоўна паўплывала на недастатковыя тэмпы паступленняў падаходнага падатку ў раённы бюджэт.
ЯК ГАВАРЫЛАСЯ на пасяджэнні выканкама, шмат праблем у рабоце гандлю і грамадскага харчавання. Зніжаецца рознічны тавараабарот праз усе каналы рэалізацыі. Удзельная вага ў тавараабароце раёна філіяла “Жабінкаўскі” УП “Брэсцкая міжраённая гандлёвая база”  —  24,7%. Для гэтай арганізацыі адзін з рэзерваў росту названага паказчыка  —  павелічэнне продажу прамысловай групы тавараў. Старшыня райвыканкама Ф.Ф.Каланчук бачыць выхад і ў пашырэнні асартыменту тавараў, і ў задавальненні попыту пакупнікоў у мясцовых крамах. Сапраўды, навошта было б ехаць некуды купляць неабходнае, каб можна было атаварыцца тут? Пазітыўную будучыню ў дзейнасці жабінаўскага гандлю паабяцаў дырэктар унітарнага прадпрыемства “Брэсцкая міжраённая гандлёвая база” М.І.Шуляк. Ён паведаміў, што будзе праведзена мадэрнізацыя і рамонт на першым паверсе ўнівермага, летам адчыніцца пасля аднаўлення кафэ “Моладзевае”, а ў вёсцы Шчэглікі ў другім паўгоддзі распачнецца будаўніцтва магазіна. Тым не менш, кіраўніцтву арганізацыі неабходна шмат папрацаваць, каб утрымацца на плаву складаных рынкавых адносін, вытрымаць канкурэнцыю “Еўрагандлю”, іншых гандлёвых сетак.
НЯПРОСТАЯ сітуацыя складваецца на рынку працы ў раёне. Калі на 1 студзеня 2015 года ўзровень рэгіструемага беспрацоўя склаў 0,6% да эканамічна актыўнага насельніцтва, дык на 1 красавіка  —  0,9%. Колькасць беспрацоўных вырасла за гэты перыяд з 57 да 97. Адна вакансія прыпадае на 6 чалавек. Як адзначыў А.П.Грыгарчук, у рашэнні праблемы пэўную ролю можа адыграць прыцягненне прыватных інвестараў, рэгістрацыя новых прадпрыемстваў, расшырэнне дзеючых і стварэнне на іх базе дадатковых рабочых месцаў. Аляксандр Пятровіч прывёў станоўчы прыклад: “Новым гаспадаром былога аб’екта раённай камунальнай уласнасці  —  будынка млына, прададзенага на аўкцыёне  —  стала ТАА “Будайліт”. У маі ўласнік адчыняе яго пасля рэканструкцыі. Гандлёвы дом “Мельница” будзе ўяўляць сабой магазіны будаўнічых матэрыялаў і офіс. Колькасць новых рабочых месцаў плануецца да 12”.
Старшыня райвыканкама Ф.Ф.Каланчук падкрэсліў, што неабходна шукаць і замежных інвестараў, магчыма, прапаноўваць ім нейкія льготы, усё гэта будзе толькі на карысць эканамічнаму развіццю раёна.
На пасяджэнні райвыканкама былі заслуханы таксама пытанні: аб ходзе падрыхтоўкі да святкавання 70-годдзя Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне; аб выніках ацяпляльнага сезона 2014-2015 гг. і задачах на асенне-зімовы перыяд 2015-2016 гг.
Святлана ВІШНЕЎСКАЯ.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top