Untitled-13

“Сваю” справу адкрыць не жадаеце?

З вясны ў нашым раёне ажывілася рэгістрацыя суб’ектаў малога прадпрымальніцтва. Сёлета 33 жабінкаўцы пажадалі адкрыць “сваю” справу, хоць у снежні мінулага года такой ініцыятывы не паступіла ніводнай. Індывідуальныя прадпрымальнікі гатовыя заявіць пра сябе ў сферы бытавых паслуг, гандлі, будаўніцтве. Дарэчы, упраўленнем працы, занятасці і сацыяльнай абароны райвыканкама на развіццё прадпрымальніцкай і рамесніцкай дзейнасці для грамадзян, зарэгістраваных у якасці беспрацоўных, выдзяляюцца субсідыі са сродкаў дзяржаўнага пазабюджэтнага фонду сацыяльнай абароны насельніцтва. Так, у 2014 годзе дзве дадзены на прадпрымальніцкую дзейнасць, адна — на рамесніцкую.

“Твая хвіліна славы”

Такую назву мае трэці адкрыты абласны моладзевы конкурс, які адбыўся ў Брэсцкім абласным цэнтры моладзевай творчасці. Яго мэта — адшукаць новыя таленты, раскрыць і рэалізаваць творчыя здольнасці, пазнаёміць з рознымі моладзевымі субкультурамі, дапамагчы сфарміраваць базу дадзеных таленавітай моладзі Брэстчыны для далейшага яе ўдзелу ў розных конкурсах і канцэртных праграмах. Сёлета ў ім прымалі ўдзел і прадстаўнікі нашага раёна: салісты студыі “Вясёлкавы мікс” Жабінкаўскага ЦТДіМ Аляксандра Мартынчук і Юлія Кічкайла (кіраўнік студыі Вікторыя Міцковіч), а таксама тэатр танца “Frog dance” сярэдняй школы №3 г.Жабінка (кіраўнік Вольга Карпук). Спадзяёмся, што нумары жабінкаўцаў спадабаліся абласному журы і прадстаўнікі нашага раёна пройдуць у фінал, які адбудзецца 7 мая ў Брэсцкім абласным цэнтры моладзевай творчасці.

Лепшыя знаўцы права

У 11-ай раённай алімпіядзе па прававых ведах удзельнічалі 12 вучняў 9-10 класаў, 9 васьмікласнікаў і 8 вучняў, што знаходзяцца на прафілактычным уліку. Навучэнцы прадэманстравалі веданне прававога заканадаўства. У склад кампетэнтнага журы ўваходзіла памочнік пракурора Таццяна Валер’еўна Жарынава.
Дыпломамі I ступені ўзнагароджаны васьмікласніца трэцяй гарадской школы Таццяна Семянюк, дзесяцікласнік СШ №2 Уладзімір Балюк і дзевяцікласніца той жа школы Настасся Астапук.
Дыпломы II ступені атрымалі васьмікласніца СШ №1 Вольга Грыцук і адзінаццацікласнік СШ №3 Максім Абрамаў, дзесяцікласніца ліцэя Дар’я Раманчук. Трэція месцы ў вучняў 8 класа Ірыны Шык і 10 класа Дзмітрыя Міхеда з СШ №3, а таксама ў Міхаіла Ярмашука, адзінаццацікласніка Якаўчыцкай сярэдняй школы.

Прыхільнікі здаровага ладу жыцця

На базе трэцяй гарадской адзінаццацігодкі адбылася 19-ая раённая алімпіяда па пытаннях здаровага ладу жыцця. У ёй прынялі ўдзел 24 вучні 8-10 класаў з розных навучальных устаноў Жабінкаўшчыны. Школьнікі паказалі добрыя веды па тэмах “Здаровае харчаванне”, “Тытунекурэнне”, “Прафілактыка ўжывання псіхаактыўных рэчываў”, “СНІД і інфекцыі, якія перадаюцца палавым шляхам”, “Расліны і грыбы ў жыцці чалавека”.
Уладальніцамі дыпломаў першай ступені сталі дзевяцікласніца Крыўлянскай СШ Кацярына Карпук, якая выступала за 10 клас, і васьмікласніца Азяцкай СШ Настасся Жук. 23 красавіка дзяўчаты абаранялі гонар раёна на абласной алімпіядзе ў Брэсце. Дыпломы другой ступені атрымалі вучань восьмага класа Ленінскай СШ Аляксандр Піліпук, дзевяцікласніцы СШ №2 Ірына Вялько і СШ №3 Ганна Паўласюк. Дыпломамі трэцяй ступені былі адзначаны Кацярына Гаўрылковіч, вучаніца восьмага класа СШ №3, і Настасся Лахаюк, дзесяцікласніца Ленінскай СШ.

Абрабавалі аўто

Раніца мінулай нядзелі была азмрочана непрыемнай навіной для амаль двух дзясяткаў уладальнікаў аўто. Злодзеі пад покрывам ночы ў Жабінцы ўскрывалі аўтамабілі і выносілі ўсё, што трапляла пад руку: магнітолы, відэарэгістратары, вуды, барсеткі, капот і нават… ліхтарык.
На пошук аўтарабаўнікоў былі падняты ўсе сілы РАУС, аддзела Дэпартамента аховы, задзейнічаны і службовыя сабакі. Заведзены крымінальныя справы.
РАУС рэкамендуе ўстанаўліваць сігналізацыю ў сваіх “жалезных любімцах”, пакідаць іх на асветленых пляцоўках, а яшчэ лепш — у гаражах ці на платнай стаянцы.

За бяспеку разам

З 20 красавіка па 20 мая праводзіцца рэспубліканская пажарна-прафілактычная акцыя “За бяспеку разам”. Яе мэта — зніжэнне колькасці пажараў, якія адбываюцца з-за незахавання грамадзянамі правілаў пажарнай бяспекі ў жылых будынках, павышэнне інфармаванасці насельніцтва аб магчымасцях дзяржаўных арганізацый у аказанні паслуг дзеля забеспячэння іх бяспекі, умацаванне правапарадку, папярэджанне правапарушэнняў, якія здзяйсняюцца асобамі ў стане алкагольнага ап’янення.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top