З дынастыі рупліўцаў

З дынастыі рупліўцаў

_DSC5552У кожным сельгаспрадпрыемстве ёсць працаўнікі, якія самааддана рупяцца на хлебных нівах і малочнатаварных фермах, не лічацца з асабістым часам і адпачынкам, з ранку да ночы без скаргаў і нараканняў выконваюць нялёгкую сялянскую працу. На іх, як кажуць, гаспадаркі і трымаюцца.

У СВК “Маціевічы” таксама нямала такіх людзей. Адзін з іх — С.Б.Навумук, нястомным рукам якога падуладная ўся тэхніка. Імя Сяргея Барысавіча неаднойчы заносілася на Дошку гонару ў раённай газеце “Сельская праўда” ў перыяд сёлетніх веснавых палявых работ. Ён узараў 812 гектараў. Гэта лепшы паказчык у раёне.
— Любоў да тэхнікі нам, сынам, прывіў бацька, — расказвае механізатар і адначасова спрытна зацягвае балты ў трактары, які патрабуе замены прычапнога агрэгату. — Мы з задавальненнем сачылі, як ён корпаецца пад капотам, а падаць патрэбны ключ было за вялікае шчасце! Здаецца, назвы ўсіх механізмаў вывучылі раней, чым літары ў “Буквары”. Сустракалі тату — стомленага, запыленага, з запэцканымі мазутам рукамі, прапахлага саляркай, і беглі навыперадкі, калі ён запрашаў пракаціцца на камбайне або КамАЗе.
Прайшло зусім нямнога часу. Сяргей стаў з назіральніка паўнавартасным татавым памочнікам. У сёмым класе, калі яго аднагодкі купаліся ў рэчцы і насіліся на веласіпедах, Сяргей разам з бацькам на камбайне “Дон” малаціў спелае збожжа. Яму падабалася назіраць, як паслухмяна хіліцца калоссе да камбайна, як цёплым струменем ільецца залатая збажына ў кузаў вялікагрузных аўтамабіляў. У тую спёку, калі штурвал “Дона” і сядзенне награваліся так, што, здавалася, “закіпалі”, надзвычай смачнай здавалася халодная вада і яблыкі-паданкі.
— Гэты “Дон” верай і праўдай адслужыў нам 20 гадоў, — усміхаецца сваім успамінам Сяргей Барысавіч. — Тры сезоны ён стаіць у гаражы на заслужаным “адпачынку”. Цяпер мой асноўны памочнік — магутны сучасны “Джон Дзір”. Да гэтага набіраўся вопыту на айчынных “малых” трактарах і МТЗ-1221.
Бацька прывучыў Сяргея адказна ставіцца да любой даручанай справы, каб не сорамна было за зробленае, і асабліва — берагчы тэхніку. Татавы “ўніверсітэты” не аднойчы дапамагалі яму, калі з вадзіцельскімі “корачкамі” Высокаўскага прафтэхвучылішча ўладкаваўся ў СВК “Маціевічы”. Вельмі хутка малады трактарыст пераканаў усіх: яму можна давяраць складаныя палі і тэхніку. Нездарма тройчы за гэта атрымліваў дыпломы. А за плугамі як сочыць! Бывала, за “сезон” тройчы воську заменіць, і 10-гадовы агрэгат зноў у рабоце, у той час як аналагічныя ў калег спісваюцца і ляжаць як металалом.
— Люблю поле, люблю вясновы водар, птушыны пошчак, — кажа механізатар. — Работа мая, здаецца, пазбаўлена лірызму і рамантыкі, аднак без трактара іншага жыцця не ўяўляю… Вясной працую на ворыве, летам кашу травы, абмалочваю збажыну. Восенню зноў рыхтую глебу. Прынамсі, учора, ля вёскі Дымнікі, за дзень узараў 30 гектараў. Гэтая кругаверць мне па душы.
У карагодзе сялянскіх спраў выпадаюць незвычайныя. Тыдзень таму, напрыклад, ля в.Палявая Рэчыца выараў вялізны артылерыйскі снарад. 70 год мінула, а, бач ты, надзейна хавала маці-зямліца нечыю смерць. Плугі снарад зачапілі. Выбухнуў ён, на шчасце, толькі на наступны дзень — мінёры знішчылі.
…У кабіне зручнага “Джон Дзір” пад рокат рухавіка хораша думаецца, найчасцей пра сям’ю. Кім стануць Жэнік і Дзімка? Ці працягнуць дынастыю Навумукоў, распачатую дзедам Барысам? Жэня пакуль тэхніку не вельмі паважае — яму камп’ютар-планшэт падавай. Дзіма просіцца за руль, ды малы яшчэ. А Лізавеце, татавай любіміцы, усяго 10 месяцаў.
Звіняць у доме дзіцячыя галасы. Сям’і Навумукоў дадаецца клопатаў. Хочацца хутчэй выплаціць крэдыт за дом. А яшчэ — набыць свой уласны трактар і адрэзак зямлі, каб вучыць сыноў быць сапраўднымі гаспадарамі. Магчыма, гэтыя мары-летуценні некалі стануць явай, і дынастыя Навумукоў будзе мець працяг у трэцім пакаленні.
Святлана БЯЛЯК.
На здымку: адзін з лепшых аратых раёна С.Б.Навумук з СВК “Маціевічы”.
Фота аўтара.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top