Ко Дню работников леса

Ко Дню работников леса

Калектыў абноўлены, задачы ранейшыя
Так, Пятровіцкае лясніцтва абнаўляецца не толькі выглядам цэнтральнай сядзібы, дзе закладзены дэндрапарк з некалькіх сотняў дрэў і кустоў, пачаўся рамонт адміністрацыйнага будынка, а і людзьмі. Кобрынскі доследны лясгас сёлета прызначыў новых адказных работнікаў — ляснічага, яго памочніка, бухгалтара, майстроў двух участкаў.
“Якую, у якім стане лясную гаспадарку ў Пятровічах вы прынялі?” — задаю першае пытанне ляснічаму Мікалаю Дзмітрыевічу Клімуку.
— Перш за ўсё — суседнюю. Да гэтага я пяць гадоў узначальваў Верхалескае лясніцтва ў Кобрынскім раёне. А тут лясніцтва адно з самых малых у краіне — лясы займаюць толькі 15-17 працэнтаў тэрыторыі Жабінкаўшчыны, пры гэтым раскіданы на многія дзялянкі, што стварае пэўныя цяжкасці. Аднак гаспадарка добра аснашчана тэхнічна, людзі ў ёй адукаваныя, у большасці вопытныя, старанныя. Скажам, многа гадоў і бездакорна працуюць трактарыст Валерый Васільевіч Кічкайла, ляснік Іван Адамавіч Сільчук, майстар участка Анатоль Сяргеевіч Калыбскі. Сёлета майстрам стаў і нядаўні ляснік Мікалай Адамавіч Палуянаў, які вучыцца завочна ў тэхналагічным універсітэце ў Мінску.
Як зладжана дзейнічаюць пятровіцкія пажарныя, трактарысты, я назіраў на свае вочы пад час пажару ў ліпені гэтага года, таму што пажар у вёсцы Сычова і яе ваколіцах тушылі разам з аддзеламі надзвычайных сітуацый Верхалескае і Пятровіцкае лясніцтвы. З ужо згаданым механізатарам Валерыем Кічкайлам мне даводзілася працаваць і на расчыстцы буралому. Ну і, вядома, добра ведаю сваю памочніцу Святлану Анатольеўну Весніч, з кім працавалі ў Верхалессі. Там яна была майстрам.
— Ахова лесу — галоўная задача калектыву?
— Ахова і правільнае, беражлівае гаспадаранне. Клас пажарнай небяспекі тут высокі, таму што больш чым палову лясоў складаюць хвойныя дрэвы, многа маладняку. Папярэджваць пажары, аператыўна тушыць іх — гэта абавязак калектыву ў цэлым, а найперш пажарнай каманды, да паслуг якой спецмашына, іншая тэхніка, назіральная вышка.
Планава вядзем высечкі лесу дзеля яго догляду (прарэджванне, ачыстка) і дзеля нарыхтоўкі дзелавой драўніны, а таксама дроў. Своечасовая пасадка дрэўцаў на месцы высечанага спелага лесу — на першым плане. Сёлетняй вясной вольха, яліна, сасна, дуб былі пасаджаны на 26,4 гектара, як і прадугледжвалася заданнем. Увосень дапаўняем пасадкі там, дзе дрэвы кепска прыжыліся, і рыхтуем глебу да наступнай вясны.
— Чым тлумачыцца неабходнасць у высадцы вольхі, або алешыны, гэтага нетрывалага дрэва?
— Вольха чорная высаджваецца ў мясцінах, дзе ёсць пагроза забалочвання. Апрача таго што з’яўляецца “ахоўніцай”, яна ідзе на дзелавую драўніну. Як фанерная сыравіна выкарыстоўваецца ў нас, а за мяжою і як матэрыял для вырабу мэблі.
— Некалькі слоў пра міні-дэндрапарк: з чаго складаецца і якое яго прызначэнне?
— Дэндрапарк — гэта дзялянка дрэў і кустоў як характэрных для Беларусі, так і тых, што культывуюцца. У пятровіцкім — 656 насаджэнняў 39-ці відаў. Закладзены парк быў два гады назад, а сёлета перад кожнай групай раслін устаноўлены шыльды, іншымі словамі — праведзена пашпартызацыя. Значэнне перш за ўсё пазнаваўчае. З цягам часу, калі дрэўцы і кусцікі ўбяруцца ў сілу, экскурсанты, што даволі часта прыязджаюць да нас на сядзібу, будуць спыняцца не толькі перад вальерамі, дзе па-ранейшаму гадуюцца плямістыя алені, але і ў дэндрапарку. Такія міні-паркі, дарэчы, ёсць паўсюль у Кобрынскім лясгасе.
— Маё апошняе пытанне, Мікалай Дзмітрыевіч, далікатнае. За апошнія гады памяняўся не адзін ляснічы ў Пятровічах. Як будзе надалей?
— Пытанне далікатнае, але слушнае. Работнікі лясніцтва, як толькі я прыехаў сюды, задалі яго не без іроніі: вы хоць чаю ў нас пап’яце?.. Не буду загадваць наперад, аднак прыехаў з цвёрдым намерам працаваць доўга. Маю дзве вышэйшыя адукацыі, сельска- і лесагаспадарчую, вопыт работы. Штат лясніцтва ўкамплектаваны цалкам, калектыў добры, дык чаму і не працаваць?
Гутарыў А.КАСКО.
На здымках: ляснічы Пятровіцкага лясніцтва М.Д.Клімук; майстар М.А.Палуянаў і трактарыст В.В.Кічкайла.
Фота А.Ганчука.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top