Супраць наркотыкаў — сумеснымі намаганнямі

Супраць наркотыкаў — сумеснымі намаганнямі

12

Адна з найбольш актуальных тэм, якія шырока абмяркоўваюцца апошнім часам у сродках масавай інфармацыі, інтэрнэце, — распаўсюджванне наркотыкаў і спайсаў у моладзевым асяродку. Маладыя людзі, прычым нярэдка з добранадзейных сем’яў, спакушаюцца на новыя адчуванні, не задумваючыся аб выніках, і гінуць ці застаюцца інвалідамі на ўсё жыццё. Наркаманія — гэта праблема сучаснага пакалення, а дзіцячая яшчэ й праблема будучых пакаленняў. Як засцерагчы ад яе нашых дзяцей, іх будучыню, як распазнаць, што падлетак знаходзіцца пад уздзеяннем наркотыкаў ці курыльных сумесяў? На гэтыя і іншыя пытанні шукалі адказы ўдзельнікі семінара па арганізацыі работы ў прафілактыцы ўжывання спайсаў і наркотыкаў. Ён адбыўся 9 красавіка ў актавай зале райвыканкама. У рабоце семінара прынялі ўдзел старшыня райвыканкама Ф.Ф.Каланчук, яго намеснік А.С.Ануфрыюк, кіраўнікі ўстаноў адукацыі, іх намеснікі ў выхаваўчай рабоце, сацыяльныя педагогі, кіраўнікі ўстаноў культуры, старшыні сельвыканкамаў, першы сакратар РК ГА “БРСМ” Вольга Плавух. 

ВА ЎСТУПНЫМ слове Фёдар Фёдаравіч Каланчук падкрэсліў, што злоўжыванне наркатычнымі рэчывамі і незаконны гандаль імі ў апошнія гады ў шматлікіх краінах свету прынялі катастрафічныя памеры. Спрыяюць таму беспрацоўе, няўпэўненасць у заўтрашнім дні, штодзённыя стрэсы, цяжкія нервова-псіхічныя станы, імкненне атрымаць допінг, які стварае ўражанне прыліву сіл, іншыя прычыны. Колькасць людзей, якія пакутуюць на наркаманію, набліжаецца ў свеце да мільярда.
Оперупаўнаважаны аддзя-лення крымінальнага вышуку аддзела ўнутраных спраў райвыканкама А.А.Андрасюк у працяг тэмы дадаў, што ў апошнія гады ў Рэспубліцы Беларусь распаўсюджванне наркаманіі мае тэндэнцыю да росту, павялічваецца аб’ём незаконнага абароту наркотыкаў і колькасць злачынстваў, звязаных з ім, усё больш людзей набываюць “вопыт” ужывання наркатычных сродкаў і псіхатропных рэчываў. Вынікі праведзеных у Беларусі даследаванняў паказваюць, што на аднаго зарэгістраванага наркамана прыпадае 5-7 незарэгістраваных.
Паводле статыстычных дадзеных, якія прывёў Аляксандр Анатольевіч, за адзін год пацыент, што пакутуе на залежнасць ад наркатычных сродкаў, уцягвае ў спажыванне наркотыкаў у сярэднім да 16 чалавек (як правіла, 14-16-гадовых). Сярэдняя працягласць жыцця пацыентаў з наркаманіяй не перавышае 30 гадоў. Выступоўца адзначыў, што ў апошні час на дыскатэках, у клубах і нават кафэ часта можна сустрэць маладых людзей, якія ўжываюць курыльныя сумесі (спайсы, міксы, маркі).
У аснове распаўсюджвання наркаманіі А.А.Андрасюк выдзеліў некалькі прычын: адсутнасць у большай часткі моладзі каштоўнасных арыентацый; натуральнае пачуццё спазнаць раней нязведанае; цікаўнасць; дысгармонія ў сямейных і сацыяльна-вытворчых адносінах; імкненне схавацца ад паўсядзённай рэчаіснасці.
Наша дзяржава, адзначыў дакладчык, прымае меры ў папярэджанні наркаўжывання сярод насельніцтва: у краіне дзейнічае зладжаная сістэма процідзеяння дадзенай з’яве, якая ўключае органы ўнутраных спраў, аховы здароўя, адукацыі і інш.
Пад час рашэння галоўнай задачы па значным скарачэнні ўзроўню наркатызацыі насельніцтва супрацоўнікамі Жабін-каўскага РАУС летась выяўлена 6 злачынстваў па лініі незаконнага абароту наркотыкаў, тры — па
ч. 1 (захоўванне) арт. 328 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, два — па ч. 3 (распаўсюджванне) арт. 328 КК Рэспублікі Беларусь, адно — па ч. 2 арт. 343 КК Рэспублікі Беларусь. З абароту вынята 3,24 грама марыхуаны, 190 міліграмаў небяспечнага псіхатропнага рэчыва. 4 злачынствы здзейснены на тэрыторыі Жабінкі жыхарамі горада.
Аляксандр Андрасюк адзначыў, што ў сувязі з уступленнем у сілу са снежня 2014 года Дэкрэта №6 “Аб неадкладных мерах процідзеяння незаконнаму абароту наркотыкаў” МУС надзяляецца функцыямі каардынатара дзейнасці ўсіх дзяржаўных органаў у гэтай сферы. Паводле Дэкрэта №6 павялічаны тэрміны пазбаўлення волі да 20 гадоў за незаконныя дзеянні з мэтай збыту наркатычных сродкаў і псіхатропных рэчываў. У выпадку рэалізацыі забароненых прэпаратаў, якія прывялі да смерці пры іх ужыванні, — да 25 гадоў пазбаўлення волі. Акрамя гэтага, да 14-ці зніжаны ўзрост прыцягнення да крымінальнай адказнасці за дзеянні такога кшталту.
ПРЫКМЕТЫ і клінічныя праяўленні ўжывання наркотыкаў і курыльных сумесяў ахарактарызавала ўрач псіхіятр-нарколаг Жабінкаўскай ЦРБ А.У.Місюра.
Як жа распазнаць, што чалавек знаходзіцца пад уздзеяннем наркотыкаў або спайсаў? Яго знешні выгляд і паводзіны ў той ці іншай меры нагадваюць стан алкагольнага ап’янення пры адсутнасці паху алкаголю. Пры прыёме вельмі вялікіх доз адбываецца поўнае выключэнне свядомасці. Узнікае растарможанасць, беспадстаўная весялосць, празмерная балбатлівасць, агрэсіўнасць, злосць. Назіраецца змена рухальнай актыўнасці: адзначаецца няўседлівасць, павышаная жэстыкуляцыя. Напрыклад, ап’янелы ад наркотыкаў не можа доўга ўседзець на месцы.
Змяняецца каардынацыя рухаў: яны могуць быць скаванымі ці запаволенымі, чалавек хістаецца пры хадзьбе.
Мяняецца колер скураных пакроваў: назіраецца бледнасць або пачырваненне твару. Зрэнкі часцей пашыраныя, рэакцыя на яркае святло млявая або адсутнічае. Таксама адзначаецца павышаны бляск вачэй, страта вагі, ташната, часты насмарк, кашаль, сухасць скуры, ломкасць валасоў і інш.
ГАЛОЎНЫ спецыяліст аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама І.У.Тарасевіч выступіла на семінары з дакладам пра арганізацыю работы ўстаноў адукацыі ва ўзаемадзеянні з бацькамі, дзяржаўнымі структурамі і ўстановамі ў процідзеянні распаўсюджванню і ўжыванню наркатычных і псіхатропных рэчываў.
Іна Уладзіміраўна падкрэсліла, што важным накірункам з’яўляецца вучоба ўсіх суб’ектаў адукацыйнага працэсу на распазнанне знешніх прыкмет людзей, што ўжываюць наркатычныя сродкі і псіхатропныя рэчывы. Значнае месца ва ўстановах адукацыі адводзіцца метадычнай рабоце з педагогамі, класнымі кіраўнікамі. З верасня мінулага года па красавік гэтага праводзіліся гутаркі, “круглыя сталы” на тэму “Работа класнага кіраўніка ў раннім выяўленні сямейнай нядобранадзейнасці”, у прафілактыцы ўжывання алкаголю, тытунекурэння, наркатычных сродкаў. У шэрагу школ праведзены педагагічныя саветы з запрашэннем участковых і старшынь сельсаветаў. У раёне арганізавана шырокая інфармацыйная кампанія з прыцягненнем прадстаўнікоў праваахоўных органаў. Ва ўстановах адукацыі праводзіцца дыягнастычная работа на выяўленне навучэнцаў, якія ўжываюць алкаголь і наркотыкі. Штогод праходзяць акцыі да Дня барацьбы з наркотыкамі, Міжнароднага дня барацьбы з наркабізнесам, сумесныя акцыі з пракуратурай “Без гэтага можна жыць”, медыкамі і г.д. У красавіку бягучага года прайшлі раённыя алімпіяды па здаровым ладзе жыцця і прававых ведах.
— Наша задача — падрыхтаваць дзяцей да процідзеяння наркотыкам, да ўмення сказаць “не” курыльным сумесям, — сказала Іна Уладзіміраўна. — І ўстановы адукацыі праводзяць у гэтым накірунку вялікую работу.
ПАСЛЯ ўдзельнікі абмеркавалі пачутае. Кіраўнік народнага тэатра гумару, гульні і песні “Хмелеўскія валацугі” Н.А.Дырман пагадзілася, што для прафілактыкі ўжывання алкаголю, тытунекурэння і наркотыкаў работнікамі ўстаноў культуры і адукацыі робіцца многае, дзеці інфармаваны па гэтай тэме. Наталля Аляксееўна выказала хваляванне, што пасля ўвядзення забароны на знаходжанне непаўнагадовых дзяцей на дыскатэках пасля 22 гадзін маладыя людзі збіраюцца групкамі на вуліцы, без нагляду дарослых, і займаюцца невядома чым. Кіраўнік раёна Ф.Ф.Каланчук адказаў, што гэтая пастанова была прынята на рэспубліканскім узроўні і што бацькі, настаўнікі і работнікі культуры не могуць знаходзіцца 24 гадзіны ў суткі побач з дзецьмі, таму маладыя людзі павінны быць падрыхтаваны да спакуслівых прапаноў і ўмець ім процістаяць. Сацыяльны педагог Ленінскай сярэдняй школы Л.А.Максімовіч унесла прапанову праводзіць падобныя семінары на кожным прадпрыемстве, на справаздачных сходах у сельгасарганізацыях, каб дарослыя прынялі актыўны ўдзел у абмеркаванні праблемы наркаманіі. Яе падтрымалі ўсе прысутныя.
Нікога з удзельнікаў семінара не пакінуў абыякавым і прагляд відэафільма “Пад грыфам “смяротна”. Як кажуць, лепш адзін раз убачыць, чым сем разоў пачуць — і сто разоў чалавек падумае, паспрабаваць курыльную сумесь або не.
Наталля АЛЯКСЕЙЧЫК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top