Сацыяльныя аспекты. Нефармальны падыход

Сацыяльныя аспекты. Нефармальны падыход

IMG_2795

Пры ўсіх складанасцях сацыяльная сфера нашага раёна развіваецца дынамічна. Менавіта на гэтым акцэнтавала ўвагу ў інтэрв’ю намеснік старшыні райвыканкама Ала Сцяпанаўна Ануфрыюк, якая па абавязку службы курыруе гэтыя пытанні.
— Немалаважна, што кожны год захоўваецца сацыяльная накіраванасць бюджэту раёна, — падкрэсліла А.С. Ануфрыюк — На фінансаванне галін сацыяльнай сферы летась было накіравана 135,4 мільярда руб., альбо 62% ад агульнай сумы расходаў бюджэту. Сёлета плануецца на гэтыя мэты 157 мільярдаў руб. (64,3%). Прывяду яшчэ некаторыя лічбы. У 2014 годзе на ўстановы адукацыі патрачана 73,9 мільярда руб., ахову здароўя — 42,2 мільярда руб., на развіццё ўстаноў культуры і правядзенне культурна-масавых мерапрыемстваў — 9,2 мільярда руб. Гэта значна больш, чым у папярэднім годзе.
У 2014-ым на рамонты медыцынскіх устаноў зрасходавана 4,3 мільярда руб., на набыццё спецыяльнага абсталяваня і мэблі 1,2 мільярда руб. Намечана адрамантаваць у гэтым годзе адзін з сельскіх ФАПаў, на што прадугледжана 820 мільёнаў рублёў і набыць машыну хуткай дапамогі (500 млн. руб.).
Выдаткі на рамонтныя работы ў школах і дзіцячых яслях-садах вызначаны ў суме 1,4 мільярда руб., у тым ліку 100 мільёнаў руб. на выкананне мерапрыемстваў Дзяржаўнай праграмы ўстойлівага развіцця вёскі. А ў рамках праграмы энергазберажэння намечана замяніць аконныя блокі ў Падлескім і Ленінскім яслях-садах, у СШ №1 і №2 — часткова дзвярныя блокі.
— Ала Сцяпанаўна, цяпер словы “аптымізацыя”, “мінімізацыя” на слыху. За імі такія паняцці, як эканомія фінансавых сродкаў, і, у той жа час, — скарачэнне кадраў. Калі гаварыць пра сацыяльную сферу, гэты працэс заўжды абгрунтаваны, працякае без праблем, ці складанасці ўсё ж ёсць?..

— Сапраўды, з мэтай выканання мерапрыемстваў у прыцягненні дадатковых даходаў у бюджэт і скарачэння расходавання бюджэтных сродкаў пастаянна вядзецца работа па ўпарадкаванні сетак і штатаў устаноў сацыяльнай сферы раёна. У 2014 годзе былі закрыты Жабінкаўскі міжшкольны вучэбна-вытворчы камбінат працоўнага навучання і прафесійнай арыентацыі вучняў і Арэпіцкі яслі-сад. 4,5 стаўкі скарочана ва ўстановах культуры, ва УАЗ “Жабінкаўская ЦРБ” — 5, акрамя таго, перапрафілявана 10 бальнічных ложкаў. Эканомія бюджэтных сродкаў склала 239,4 мільёна руб. Сума, як бачым, не маленькая. І заўважу, што перш чым правесці нейкую аптымізацыю, адмовіцца ад існавання той ці іншай структуры, гэтае пытанне дасканала вывучаецца, пралічваюцца ўсе “за” і “супраць”. Што датычыцца скарачэння штатаў, ніводны работнік не застаецца, як кажуць, за бортам, яму абавязкова прапаноўваюць іншае месца працы.
— У мінулым месяцы на пасяджэнні райвыканкама абмяркоўвалася пытанне аб стане дэмаграфічнай бяспекі і гаварылася, што ў нас, на Жабінкаўшчыне, нямала робіцца ў гэтым накірунку. Вы, Ала Сцяпанаўна, як старшыня раённага савета па дэмаграфічнай бяспецы, што хацелі б адзначыць у першую чаргу?
— Напэўна, тое, што нарэшце за многія гады летась у нашым раёне зарэгістраваны натуральны прырост на 1000 насельніцтва (+13 чалавек). Нараджальнасць перавысіла смяротнасць, такога не назіралася больш чым чвэрць стагоддзя. Колькасць памерлых у 2014 годзе зменшылася з 351 у 2013 годзе да 335. Станоўчы факт — расце колькасць шматдзетных сем’яў. Безумоўна, гэта нагляднае пацвярджэнне таго, што людзі адчуваюць падтрымку дзяржавы, мясцовай улады.
Рэалізуецца комплекс мераў у стварэнні бяспечных умоў жыццядзейнасці насельніцтва, перш-наперш, сямей з дзецьмі, шматдзетных, адзінокіх састарэлых і тых, якія жывуць самі, інвалідаў. У мінулым годзе са сродкаў раённага бюджэту на выплаты дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамогі зрасходавана 1,8 мільярда рублёў. Гэтыя грошы пайшлі на штомесячныя і аднаразовыя сацыяльныя дапамогі, на аплату тэхнічных сродкаў сацыяльнай рэабілітацыі, кампенсацыю выдаткаў на набыццё падгузкаў, забеспячэнне прадуктамі харчавання малых першых двух гадоў жыцця. Штомесячную сацыяльную дапамогу атрымалі 231 чалавек, аднаразовую — 226 на суму адпаведна 337,3 мільёна руб. і 87,8 мільёна руб. Значную долю ў такой дзяржаўнай дапамозе займаюць выплаты на кампенсацыю выдаткаў на набыццё падгузкаў (больш чым 423 млн. руб.). Ужо сёлета такая адрасная дапамога назначана 31 грамадзяніну, на гэта будзе патрачана больш чым 50 млн. руб.
Пастаянна паляпшаецца матэрыяльна-тэхнічная база ўстаноў аховы здароўя Жабінкаўшчыны, укараняюцца сучасныя методыкі лячэння і дыягностыкі захворванняў. І гэта таксама станоўча ўплывае на нашы дэмаграфічныя працэсы, у тым ліку складнікі таго, што ў 2014 годзе не дапушчана дзіцячай смяротнасці.
Дарэчы, на тым пасяджэнні выканкама, пра якое згадвалі, УАЗ “Жабінкаўская ЦРБ” было даручана і далей паляпшаць даступнасць і якасць медыцынскай дапамогі насельніцтву раёна, удасканальваючы існуючыя і ўкараняючы новыя тэхналогіі прафілактыкі, дыягностыкі, лячэння захворванняў, рэабілітацыі хворых і інвалідаў.
Дэмаграфічная бяспека напрамую звязана з фарміраваннем у падрастаючага пакалення здаровага ладу жыцця, прафілактыкі шкодных звычак у моладзевым асяродку. І тут, лічу, актыўна працуюць і клубныя работнікі, і медыкі, і педагогі. Летась у нашым раёне ўпершыню быў праведзены конкурс “Малады чалавек года”, дзе ўшаноўвалі маладых людзей, якія дабіліся значных поспехаў у прафесійнай, творчай і грамадскай дзейнасці ў розных галінах. Іх жыццёвае крэда, актыўная пазіцыя — лепшы прыклад для жабінкаўскай моладзі.
— Давайце спынімся на гэтай моладзевай ноце падрабязней. Калі ласка, раскажыце, як у нашым раёне падтрымліваюць маладых людзей, даюць ім магчымасць самарэалізавацца, якія ўмовы ствараюць маладым спецыялістам, каб яны замацаваліся ў нас? Гэта было заўжды актуальна, тым больш цяпер, у Год моладзі.
— У нашым раёне пражывае каля 5 тысяч маладых людзей ва ўзросце ад 14 да 31 года, з іх каля 2 тысяч працуюць у розных сферах народнай гаспадаркі і ў бюджэтнай. З мэтай сацыяльнай абароны маладых работнікаў, стварэння прававых, бытавых умоў і гарантый для іх прафесійнага станаўлення ў калектыўных дагаворах прадпрыемстваў і арганізацый прадугледжаны раздзел “Сацыяльная абарона моладзі”.
За апошнія 5 гадоў у раён прыбылі больш чым 350 маладых спецыялістаў. Калектывы сельгасарганізацый папоўнілі больш чым 100, ва ўстановы адукацыі накіраваны 57 маладых педагогаў, установы аховы здароўя — 29, культуры — 18. Наша задача зрабіць усё для таго, каб моладзь не пакідала раён. На сённяшні дзень замацавалася тут 64,9% дыпламаваных выпускнікоў.
Вось, напрыклад, як адладжана сістэма работы з маладымі кадрамі ў аддзеле адукацыі, спорту і турызму райвыканкама і навучальных установах. Летась іх прыбыло на працу 20, у тым ліку тых, хто навучаўся за ўласныя сродкі. З усімі заключаны кантракты, у адпаведнасці з якімі павышаны тарыфныя стаўкі на 20%, устаноўлены надбаўкі не меней чым 10% службовага акладу. Трое маладых педагогаў атрымліваюць кампенсацыю на аплату жылля па дагавору найма ў памеры двух базавых велічынь, двое спецыялістаў забяспечаны месцамі ў інтэрнаце. Вярнуліся да практыкі настаўніцтва, за маладымі спецыялістамі замацаваны вопытныя педагогі, якія дапамагаюць ва ўсіх пытаннях агульнаадукацыйнага працэсу. У раённым вучэбна-метадычным цэнтры для маладых спецылістаў працуе “Школа стажора”.
У арганізацыях раёна дзейнічаюць 16 саветаў моладзі, 36 пярвічак ГА “БРСМ”, якія з’яўляюцца не толькі добрай школай для развіцця лідарскіх якасцяў маладых работнікаў, але й магчымасцю рэалізаваць свае здольнасці праз удзел у спартыўных і культурна-масавых мерапрыемствах. Саветы моладзі цесна ўзаемадзейнічаюць з пярвічнымі арганізацыямі БРСМ, адміністрацыяй прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў. Творча працуе моладзевы актыў у дыстанцыі пуці, раёне электрасетак, інспекцыі МПЗ у Жабінкаўскім раёне.
— Якія цікавыя і перспектыўныя формы работы ўкараняюцца ў клубных установах?
— Асноўны накірунак работы клубных устаноў — арганізацыя вольнага часу розных катэгорый насельніцтва. Асаблівая ўвага — дзецям і падлеткам (яны ўдзельнічаюць у конкурсных, гульнёвых і тэатралізаваных праграмах, ранішніках, гутарках, інфармацыйных гадзінах, літаратурных вечарах і інш.), а таксама моладзі. Вельмі важнай з’яўляецца работа з цяжкімі падлеткамі. Для іх арганізуюцца ў клубных установах розныя мерапрыемствы, праводзяцца гутаркі з участковымі інспектарамі міліцыі, урачамі, святарамі. І для пажылых людзей таксама прапаноўваюцца цікавыя вечары, ушаноўванні, віншаванні ў іх дома. Культработнікі заўжды ў пошуку новых форм арганізацыі вольнага часу, запатрабаваных насельніцтвам.
Летась з мэтай адраджэння народных традыцый стартавала раённае свята “Хмэлёвська Сёмуха”, дзе сабраліся сапраўдныя захавальнікі фальклору з розных куткоў. Яны з радасцю наведалі дзясяткі двароў, дзе гаспадары дэманстравалі прыгажосць і шчодрую гасціннасць, дарылі сваю творчасць і добры настрой. Сёлета таксама будзе ладзіцца гэтае мерапрыемства. На гэты раз на свята запрошаны нашы сябры з Польшчы. Таму можна смела сказаць, што яно стане нейкім чынам і культурным абменам.
У Год моладзі для работнікаў культуры, як кажуць, “тэматыка зададзена”. Гэта арганізацыя і правя-дзенне шматлікіх мерапрыемстваў і конкурсаў з удзелам маладых людзей. Так, з мэтай выяўлення і развіцця творчых здольнасцяў дзяцей, падлеткаў і моладзі ў галіне эстраднага мастацтва з красавіка па чэрвень пройдзе раённы агляд-конкурс “Галасы юнацтва”. Для ўдзелу ў ім запрашаюцца прадстаўнікі ад 7 да 31 года, якія могуць праявіць сябе ў чатырох намінацыях: песня, інструментальная музыка, танец, размоўны жанр.
І, канечне, у год 70-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне асаблівая ўвага надаецца падрыхтоўцы да святкавання 9 мая. Культработнікі абяцаюць арганізаваць для жыхароў Жабінкаўшчыны цэлы шэраг цікавых, яркіх і разнапланавых мерапрыемстваў.
— Ала Сцяпанаўна, хутка ў школьнікаў летнія канікулы. Як сёлета будзе наладжаны іх адпачынак? Пытаюся ў вас перш за ўсё як у старшыні раённай камісіі па арганізацыі аздараўлення дзяцей, які, вядома, валодае ўсёй неабходнай інфармацыяй.
—Такая камісія, як і кожны год, ужо створана і будзе задзейнічана, у прыватнасці, у прыёмцы аздараўленчых лагераў, правядзенні атэстацыі начальнікаў тых, што з’яўляюцца стацыянарнымі. 505 дзяцей плануецца аздаравіць у летнія канікулы ў лагерах дзённага знаходжання на базе ўстаноў адукацыі, 290 школьнікаў — у кругласутачных, у тым ліку 66 — у лагерах працы і адпачынку, 148 — у загарадных. Навучальна-спартыўная ўстанова “Жабінкаўская дзіцяча-юнацкая спецыялізаваная школа алімпійскага рэзерву” арганізуе адпачынак 188 вучняў, у тым ліку амаль 80 у палатачных лагерах. За кошт сродкаў дзяржаўнага сацыяльнага страхавання будуць выдзелены 96 пуцёвак дзецям і падлеткам для санаторна-курортнага лячэння, 27 — у санаторыі маці і дзіцяці.
— Дзякуй, Ала Сцяпанаўна, за карысную інфармацыю і цікавую размову.
Гутарыла Святлана ВІШНЕЎСКАЯ.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top