Untitled-13

Найлепшыя ў вобласці

Паводле рашэння Брэсцкага абласнога выканаўчага камітэта за дасягненне ў 2014 годзе найлепшых вынікаў у выкананні паказчыкаў прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця сярод будаўнічых арганізацый на Дошку гонару вобласці занесена дзяржаўнае ўнітарнае будаўнічае прадпрыемства “Жабінкаўская ПМК-10”. Летась жабінкаўскія будаўнікі здалі ў эксплуатацыю ў мікрараёне цукровага завода ЖБСК-25 на 40 кватэр і тры жылыя домікі ў Курпічах. Выручка ад рэалізацыі работ, паслуг у будаўнічай арганізацыі склала 53 мільярды 89 мільёнаў рублёў, у тым ліку на аднаго працаўніка 396 тысяч 187 рублёў, узровень рэнтабельнасці прадаж склаў 14,7 працэнта.
“Такія набыткі — вынік зладжанай і ўмелай работы ўсяго калектыву”, — сказаў начальнік Жабінкаўскай ПМК-10 Мікалай Шпакоўскі.

Зноў выдаюцца сертыфікаты

Завяршыўся першы квартал. Падведзены вынікі работы аддзела вагагабарытнага кантролю філіяла Транспартнай інспекцыі ў Брэсцкай вобласці. Якія яны, расказаў начальнік КП-ПВГК “Федзькавічы” Васіль Галюнчык: “Было праверана 4295 транспартных сродкаў, што выконвалі ўнутрырэспубліканскія і міжнародныя аўтамабільныя перавозкі грузаў. Паводле кантрольных мерапрыемстваў выяўлена звыш 930 парушэнняў заканадаўства, складзена 892 адміністрацыйныя справы на 1658 мільёнаў рублёў. Былі зафіксаваны парушэнні і кіроўцамі цяжкавагавага і буйнагабарытнага транспарту. Такіх выпадкаў зафіксавана на дарогах 688 і з уладальнікаў у бюджэт дзяржавы спагнана 750 мільёнаў рублёў”.
Дарэчы, з канца сакавіка на катрольным пункце “Федзькавічы” ўзнавілася афармленне і выдача міжнародных сертыфікатаў узважвання грузавых транспартных сродкаў.

Сезон быў ураджайным

Набухлыя пупышкі на дрэўцах неўзабаве ператворацца ў зялёненькія лісточкі. Менавіта ў гэты перыяд заканчваецца збор бярозавіку. Сёлета ён доўжыўся з 1 па 31 сакавіка і быў спынены з прычыны багатага яго закупу асноўным спажыўцом ААТ “Савушкавы прадукт”. Прадпрыемства акуратна штодзень забірала гаючы дарунак прыроды ў зборшчыкаў, што працавалі ў бярозавых гаях.
Ужо 15 год зборам напою ў нашым раёне займаюцца дзве сям’і — Козічы са Шчэглікаў і іх сябры з Кобрына Каралюкі. У брыгаду ўваходзяць старэйшае пакаленне і маладое — сыны. “Сёлетні сезон быў ураджайным, — расказала Людміла Мікалаеўна Козіч. — Бярозавік “цёк” шчодрымі ручайкамі. Наша жабінкаўска-кобрынская суполка прадала перапрацоўчаму прадпрыемству 84 тоны 800 кілаграмаў, як і летась. Маглі б і больш, але задаволілі патрэбы яго перапрацоўшчыкаў”.

“Падарожжа ў краіну здароўя”

здзейснілі вучні 7 “В” класа першай гарадской школы пад час круглага стала, які адбыўся ў аўторак, 14 красавіка, у раённай дзіцячай бібліятэцы з удзелам урача-валеолага Жабінкаўскай ЦРБ І.А.Астроўскай. Размова ішла аб здаровым ладзе жыцця і негатыўным уплыве шкодных звычак на арганізм чалавека. Сямікласнікам быў паказаны відэафільм з каментарыямі ўрача аб уздзеянні курэння. Да гэтай сустрэчы была падрыхтавана і кніжная выстава “Ворагі нашага здароўя”, якая складалася з наступных рубрык: “Небяспечныя забавы”, “Мішэнь СНІДу — моладзь”, “У палоне нязбытных ілюзій”, “На зарадку станавіся!”. Кнігі, часопісы і буклеты, прапанаваныя на выставе, яшчэ раз звярталі ўвагу вучняў на негатыўнасць шкодных звычак і прыярытэты здаровага ладу жыцця.

Не згасае валанцёрскі агмень

Учора актывісты ГА “БРПА” і ГА “БРСМ” сярэдняй школы №3 г.Жабінка прынялі ўдзел у абласным фестывалі валанцёрскіх і цімураўскіх атрадаў “Добрае сэрца”. Урачыстае адкрыццё фестывалю прайшло ў Брэсцкай крэпасці ля Вечнага агню. У калейдаскопе валанцёрскіх спраў паўдзельнічалі ўсе раёны Брэстчыны. Прадстаўнікі Жабінкаўшчыны прынялі ўдзел у акцыі “Агмень дабрыні”, пад час якой добраўпарадкоўвалі воінскія пахаванні на Трышынскіх могілках у Брэсце. Вынікі добрых спраў былі падведзены ў Брэсцкім гарадскім выканаўчым камітэце. А завяршыўся фестываль агульным флэш-мобам “Вясёлка дабрыні”.

Прынялі ўдзел у турніры

Напярэдадні Дня касманаўтыкі, вучні 6-11 класаў СШ №3 г.Жабінка наведалі музей касманаўтыкі ў вёсцы Тамашоўка Брэсцкага раёна. У той жа дзень жабінкаўскія юнакі-старшакласнікі паўдзельнічалі ў XXVI Міжнародным баскетбольным турніры на кубак імя П.І.Клімука. Змагаліся яны са школьнікамі-баскетбалістамі Брэсцкага раёна, Тамашоўскай сярэдняй школы і горада Шацк з суседняй Украіны. У выніку спаборніцтваў каманда трэцяй гарадской школы заняла трэцяе месца і ўзнагароджана дыпломам ІІІ ступені.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top