“Рэбус” для бульбы

“Рэбус” для бульбы

_DSC5103

У адным з эпізодаў кінастужкі “Дзяўчаты” галоўная гераіня Тоня Кісліцына эмацыянальна загінала пальцы і пералічвала, якія стравы можна прыгатаваць з бульбы: “Бульба адварная, бульба смажаная, пюрэ, бульба-пай, бульбяны рулет, запяканка, маладая адварная з кропам, “шанікі”.
У хмелеўцаў апетытная бульбачка заўжды на стале. Тут умеюць не толькі яе гатаваць, але і вырошчваць. Працаўнікі СВК “Хмелева” займаюцца яе вытворчасцю на прафесійным узроўні, а таксама забяспечваюць насеннем гаспадаркі і ўласнікаў Жабінкаўшчыны.
Для гэтага, паводле слоў галоўнага агранома гаспадаркі Алега Міхайлавіча Бондарава, тут зроблена ўсё, і нават прыродныя ўмовы спрыяюць.
…Перад Алегам Міхай-лавічам на стале разгорнуты тры картаграмы кіслотнасці, вапнавання і ўтрымання гумусу хмелеўскай зямлі, складзеныя навукоўцамі два гады таму. Усе лапікі зямлі, прыдатныя для севазвароту, абазначаны адпаведным колерам — ад цёпла-жоўтага да насычанага блакітнага. Тыя плошчы, якія маюць рН 2,3-5,8 і ўтрымліваюць гумусу 18% — (а такіх 983 гектары) акурат прыдатныя для вырошчвання “другога хлеба”. Звяраючыся з картай, ён вырашае, дзе будзе расці бульба. Праўда, трэба памятаць, што на тое ж поле вярнуцца яна можа толькі праз чатыры гады. Улічваючы севазварот, размяркоўваюцца палі, падбіраюцца папярэднікі.
На думку агранома, без ведання і выканання агратэхнічных прыёмаў, багатым ураджаем бульба не парадуе. “Падабаецца” ёй расці пасля папярэднікаў — азімых, зернебабовых, на землях, багата запраўленых арганікай (прыкладна 50 тон на кожны гектар). Фосфарныя, азотныя і калійныя ўгнаенні таксама паспрыяюць багатаму ўраджаю.
Садзіцца бульба, калі глеба прагрэецца да 7-8 градусаў. Яшчэ адзін “сакрэт” — апрацоўка клубняў ад хвароб і шкоднікаў. Спецыяльны пратручвальнік распыляецца на клубні прама ў бульбасаджалцы.
У выніку ўдаецца звесці да мінімуму наступствы шматлікіх хвароб клубняў і бацвіння: мокрай гнілі, “чорнай ножкі”, серабрыстай паршы, альтэрнарыёзу і інш. У СВК “Хмелева” ў мінулыя гады прымянялі такія хімікаты, як “Максім”, “Кает”, “Прэстыж”, а сёлета закупілі навінку — трохкампанентны “Селептоп”. Рас-працоўшчыкі прэпарата абя-цаюць 80-дзённае яго дзеянне. Апошні, хаця і нанесены на клубні, выдатна “змагаецца” з каларадскім жуком — ён не з’яўляецца на бацвінні да канца вегетацыі. Дарэчы, бацвінне рэкамендуецца скошваць за 7-10 дзён да ўборкі — тады лупінне караняплодаў будзе больш трывалае. Праўда, захавацца бацвінне да верасня можа толькі ў тым выпадку, калі яго не папсуе фітафтора. А з ёю змагацца неабходна мінімум 6 разоў за сезон з дапамогай “Акрабату”, “Мікасілу”, “Рэбусу”, “Тонасу”.
Многае залежыць і ад сорту бульбы. У СВК “Хмелева” вырошчваюцца нематодаўстойлівыя раннія, сярэдне- і познеспелыя. Некаторыя з іх прыжываюцца — як, скажам, той жа “скарб”, “рагнеда”, “дзіна”. Летась яны далі ўраджайнасць у 534, 517 і 430 цэнтнераў і на смак неблагія. Ну, а тыя сарты, якія кепска ўрадзілі, не маюць таварны выгляд, сёлета вырошчвацца не будуць (“брыз” з ураджайнасцю 181 ц/га і “жывіца” — 224 ц/га).
Трэба заўважыць, што хмелеўцы выкарыстоўваюць насенны матэрыял супер-элітны, элітны, першай рэпрадукцыі. Ніжэйшага “рангу” бульбе на палі ходу не даюць.
— Мы заўжды трымаем руку на пульсе часу, — гаворыць галоўны аграном. — Цікавімся навінкамі бульбаводчай галіны, не шкадуючы, зводзім малаперспектыўныя сарты (такі лёс напаткаў таксама і “атлант”). У бягучым годзе з эксперыментальнымі базамі Брэстчыны заключылі дагаворы на пастаўку насеннага матэрыялу суперсуперэліты і суперэліты. Гэта па 20 тон “уладару”, “скарбу” і 2 тоны “зорачкі”. Каштуюць яны значна вышэй, чым звычайныя, аднак гэта якраз той выпадак, калі скурка вартая вычынкі. Наогул, бульба — культура выгадная, калі правільна, па-гаспадарску ёю займацца, заўжды будзе прыбытак. Скажам, калі ўраджайнасць бульбы складзе 300 ц/га, то прыбытак будзе стопрацэнтны. Нашу прадукцыю ведаюць не толькі ў раёне, але і за межамі вобласці і нават краіны.
Толькі з пачатку года ў Расійскую Федэрацыю было прададзена 850 тон хмелеўскай бульбы. Летась яе накапалі 5700 тон са 125 гектараў. Засталося ўсяго 1400 тон — з улікам пасадачнага матэрыялу.
З захаваннем клубняў праблем няма. Тут пабудавана гароднінасховішча на 3000 тон, у якім з дапамогай камп’ютарнага кіравання падтрымліваецца неабходная тэмпература паветра — 2-4 градусы. Перад закладкай прадукцыя, сабраная з палёў, праходзіць сартыроўку і дасушку, потым фасуецца ў мяхі па 30-40 кілаграмаў.
У гаспадарцы закуплена ўся спецтэхніка, якая задзейнічана на вырошчванні бульбы. Ёсць дзве бульбасаджалкі (працуюць на іх вясной вопытныя механізатары Уладзімір Мікалаевіч Трафімук і Аляксандр Рыгоравіч Мікуц), бульбаўборачны камбайн, сартавальная і фасавальная машыны.
— Калі да справы падыходзіць сур’ёзна, то ўсе затраты акупяцца, — кажа галоўны аграном А.М.Бондараў. — У нас да вырошчвання “другога хлеба” менавіта так і ставяцца. Летась, напрыклад, ад рэалізацыі атрымалі 6 мільярдаў 245 мільёнаў рублёў, прыбытка — 2 мільярды 441 мільён рублёў. Гэта самая высокарэнтабельная вытворчасць у гаспадарцы. Каля 11% у выручцы займае бульба: з аднаго гектара атрымалі 13,5 мільёнаў прыбытку, у той час як з аднаго гектара зерневых — толькі 1,1 мільёна рублёў. Вось такая арыфметыка. Сёлета пад “другі хлеб” адвялі 125 га, пры гэтым атрымаць валавы збор бульбы плануем не горшы, за кошт павышэння ўраджайнасці. Вопыт і напрацоўкі ёсць. З бульбачкай на стале абавязкова будзем!
Святлана БЯЛЯК.
На здымку: галоўны аграном СВК “Хмелева” Алег Міхайлавіч Бондараў.
Фота аўтара.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top