Асарці танцаў, спеваў і радасці

Асарці танцаў, спеваў і радасці

3 красавіка ў актавай зале Жабінкаўскай спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы-інтэрната было святочна, весела і незвычайна: бы ў лепшых дамах Лондана і Берліна, са сцэны гучалі англійская і нямецкая мовы. Тут адбыўся раённы фестываль школьных тэатральных калектываў на замежнай мове. Адкрыла мерапрыемства намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, старшыня журы Кацярына Мікалаеўна Сіда. Звяртаючыся да прысутных, яна адзначыла:IMG_2699
— Сучасным школьнікам вельмі важна мець высокі ўзровень валодання замежнай мовай, таму што пашыраюцца кантакты нашай краіны з іншымі дзяржавамі, праводзяцца сумесныя мерапрыемствы. Маладыя людзі шмат падарожнічаюць, знаёмяцца з гісторыяй, традыцыямі нашых блізкіх і далёкіх суседзяў. Фестывалі такога кшталту развіваюць і падтрымліваюць цікавасць навучэнцаў да замежнай мовы, павышаюць узровень практычных навыкаў маўлення, выхоўваюць павагу да ўласнай культуры, а таксама іншых народаў. І вядома ж, спрыяюць развіццю творчых здольнасцяў, эстэтычнага густу, уяўлення, памяці і ўвагі юных акцёраў.
Сёлета ў фестывалі прынялі ўдзел вучнёўскія тэатральныя калектывы ліцэя, гарадскіх, Ленінскай, Азяцкай, Крыўлянскай сярэдніх школ, Стара-сельскай базавай і Жа-бінкаўскай спецшколы-інтэрната. Яны прапанавалі на суд журы і гледачоў 10 пастановак на англійскай і нямецкай мовах. У час фестывалю прысутныя падарожнічалі разам з брэменскімі музыкантамі, назіралі за прыгодамі Тома Соера і Пэпі Доўгая Панчоха, за героямі казак “Чараўнік ізумруднага горада”, “Прынцэса Ружа і залатая птушка”, “Кот, які гуляе сам па сабе”, убачылі “Папялушку” ў сучаснай інтэрпрэтацыі.IMG_4028
Пераможцамі ў першай узроставай групе, у якой выступалі вучні 3-7 класаў, былі прызнаны калектывы сярэдняй школы №3 г.Жабінка (кіраўнікі — настаўнікі англійскай мовы В.Ф.Карпук, В.Л.Дзенісюк і Ю.В.Кавальчук) і спецыяльнай агульна-адукацыйнай школы-інтэрната (кіраўнік — настаўніца нямецкай мовы А.М.Уласюк). Жывое, музычнае, энергічнае выступленне тэатральных калектываў гэтых устаноў з мюзікламі “Пэпі Доўгая Панчоха” і “Муха-Цакатуха” адпаведна не пакінулі абыякавымі ні гледачоў, ні журы. Уразіла ўсіх і чыстае гучанне англійскай і нямецкай моў з вуснаў юных акцёраў.
У другой узроставай групе, дзе ўдзельнічалі вучні 8-11 класаў, лепшым стаў тэатральны калектыў гарадскога ліцэя з пастаноўкай “Прыгоды Тома Соера” (кіраўнік — настаўніца англійскай мовы А.М.Дамасевіч).
Алена Мікалаеўна адзначыла ў нашай размове, што школьны тэатр на замежнай мове “School theatre” ў гарадскім ліцэі існуе восьмы год.
— Мы робім акцэнт на такія пастаноўкі, дзе больш дыялогаў, чым спеваў. Да мінулага года нашы дзесяцікласнікі былі адзінымі прадстаўнікамі Жабінкаўшчыны на абласным фестывалі школьных тэатральных калектываў на замежнай мове “Асарці”, які штогод праходзіць у Брэсце. Узровень яго вельмі высокі. У ім прымаюць удзел звыш 500 вучнёўскіх тэатральных калектываў, якія дэманструюць выдатнае валоданне замежнымі мовамі. Прыемна, што наш аддзел адукацыі, спорту і турызму райвыканкама летась правёў раённы фестываль, што стала добрай традыцыяй, і ўжо другі раз гонар Жабінкаўшчыны на абласным этапе абараняць будуць не толькі ліцэісты, але і прадстаўнікі іншых навучальных устаноў Жабінкаўшчыны.IMG_2702
Падзялілася сваімі ўражаннямі ад сёлетняга фестывалю і намеснік дырэктара ў выхаваўчай рабоце трэцяй гарадской школы, настаўніца англійскай мовы Вольга Фёдараўна Карпук. Яна адзначыла, што ўзровень выступленняў жабінкаўскіх вучнёўскіх тэатральных калектываў у параўнанні з мінулым годам павысіўся. Найбольш ёй спадабалася пастаноўка “Мухі-Цакатухі” дзецьмі са спецшколы-інтэрната, адзначыла яна таксама дэкарацыі ў дзвюх пастаноўках першай гарадской адзінаццацігодкі.
— У нашай школе існуе аб’яднанне па інтарэсах “Англійская драма”, якім кіруе Вольга Леанідаўна Дзенісюк, — расказала В.Ф.Карпук. — Аднак у падрыхтоўцы пастановак да фестывалю тэатральных калектываў я і Юлія Валер’еўна Кавальчук заўсёды ёй дапамагаем. У адзіночку складана адпрацаваць маўленне навучэнцаў, танцавальныя рухі, прадумаць і падрыхтаваць касцюмы, зняць відэа, распрацаваць буклеты-візітоўкі. Вынікам нашай сумеснай працы сёлета стала пастаноўка мюзікла “Пэпі Доўгая Панчоха”, у якой былі задзейнічаны вучні 7 “А” і 8 “Б” класаў. І першае месца — гэта наша агульная перамога.
Настаўніца нямецкай мовы спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы-інтэрната Аксана Мікалаеўна Уласюк расказала, што ў музычнай пастаноўцы “Муха-Цакатуха” ўдзельнічалі вучні 3-5 класаў, прычым трое з дзесяці — татальна сляпыя, астатнія — слабавідушчыя.
— Дзеці з зада-вальненнем вучылі ролі, пераўвасабляліся ў вобразы, — сказала яна. — Мы вельмі рады, што наша выступленне ацанілі і журы, і гледачы. Зараз зноў рэпеціруем — 23 красавіка едзем у Брэст на абласны этап фестывалю. Пажадайце нам удачы.
Зычым усім тэатральным калектывам-пераможцам раённага этапу далейшых поспехаў.
Наталля ВАЛОШКА.
На здымках: у час правядзення раённага фестывалю.
Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top