Для моцных целам і духам

Для моцных целам і духам

Kssf7H9jKhQБольшасць жыхароў нашага райцэнтра з ранняй вясны і да позняй восені перамяшчаюцца па вуліцах горада на веласіпедах: едуць на працу, за пакупкамі ў крамы, у госці да сяброў. Выбіраюць гэты від транспарту з-за яго даступнасці, мабільнасці, зручнасці. Язда на веласіпедзе, у час якой лагодны ветрык і цёплае сонейка прыемна лашчаць твар, дораць настрой, прыносіць не толькі хвіліны радасці і задавальнення, але і карысць усяму нашаму арганізму. Якую? Прывяду аргументы: пад час веласіпеднай прагулкі на свежым паветры нашы лёгкія працуюць у поўную сілу, кроў узбагачаецца кіслародам, паляпшаецца дзейнасць дыхальнай і сардэчна-сасудзістай сістэм, умацоўваюцца мышцы ног, трэніруецца вестыбулярны апарат. Веласіпед вельмі карысны тым, хто хоча скінуць лішнія кілаграмы.
Плюсаў шмат, але самае галоўнае, на мой погляд, што калі мы катаемся, атрымліваем велізарны зарад бадзёрасці, у нас паляпшаецца настрой, агульны эмацыянальны стан, сыходзяць паўсядзённыя клопаты і трывогі, здымаецца стрэс. Многія не ўяўляюць свайго жыцця без “сябра” — веласіпеда, некаторым з цягам часу становіцца сумна проста так катацца па ваколіцы, і яны дадаюць у гэтае “сяброўства” экстрым, здзяйсняючы складаныя пад’ёмы і спускі па вузкіх горных дарогах, пераадольваючы перашкоды ў выглядзе ям, пяскоў, балоцістай мясцовасці. Такое пад сілу моцным целам і духам, бо каб прайсці трасу, трэба мець добрыя мышцы, валодаць тэхнікай, неймавернай вынослівасцю і кемлівасцю. Хуткасная язда па перасечанай мясцовасці, бездарожжы на горным веласіпедзе (маунцінбайку) называецца крос-кантры.
З 2011 года ў цікавым і незвычайным свеце гэтага веласпорту жыве Павел Данілюк, электрагазазваршчык Жабін-каўскай дыстанцыі пуці. Пра сваё захапленне ён і расказаў мне.

Як з’явіўся новы веласіпед

25 сакавіка 2011 года — знакавая дата ў жыцці Паўла: вырашыў развітацца са шкоднымі звычкамі і больш не курыць (страшна пакутаваў ад кашлю),  і не ўжываць алкагольных напояў. З наступнага дня пачаўся своеасаблівы эксперымент: грошы, якія раней ішлі на цыгарэты і любімае піва, Павел пачаў адкладваць. За паўгода сабралася значная сума… 600 долараў. За іх і быў куплены горны веласіпед.

Дапамог інтэрнэт

Напачатку Павел проста катаўся, а потым стаў задумвацца: як больш цікавей бавіць час з двухколым “сябрам”, дзе можна выпрабаваць свае ўменні язды на горніку. Дапамог інтэрнэт, дзе малады чалавек знайшоў інфармацыю пра крос-кантры. Дарэчы, гэта адзіны від спорту, дзе выкарыстоўваецца горны веласіпед і які з 1996 года ўключаны ў Алімпійскія гульні. Усю зіму Павел бліжэй знаёміўся з асаблівасцямі крос-кантры, там жа, у сусветнай павуціне, знайшоў аднадумцаў і прыхільнікаў гэтага віду спорта. Адзін з іх, мінчанін Валерый Леснеўскі, даў рэкамендацыі наконт трэніровак, велаадзення. Павел склаў спіс будучых пакупак: пульсометр, шлем, велаабутак… Рэчы дарагія. З прыходам вясны пачаліся доўгачаканыя трэніроўкі, а з імі і жаданне паўдзельнічаць у спаборніцтвах крос-кантры, так званых марафонах.

Няўдачы і поспехі

У маі 2012 года Павел Данілюк — удзельнік веламарафона, які сабраў кроскантрыйшчыкаў на Міншчыне ў Валер’янаве. Уся дыстанцыя — 64 кіламетры, самыя цяжкія ўчасткі шляху — балоцістыя. Паўлу пакарылася толькі палова трасы: пры адным са спускаў ён на імгненне страціў увагу і ўпаў, моцна траўміраваў локаць, пры гэтым зламаўся і веласіпед. З дыстанцыі Павел вымушаны быў зыйсці, у глыбіні душы быў рады гэтаму, бо далей прадаўжаць спаборніцтвы проста фізічна не мог.
Другі веламарафон 2012 года “Суседзі”, які ладзіўся на Гродзеншчыне, быў паспяховым: упершыню 60 кіламетраў Павел праехаў за 3 гадзіны 4 хвіліны — вынік шматлікіх трэніровак.

Веласайт прапануе: удзельнічай

З анонсамі ўсіх веламарафонаў Павел знаёміцца ў інтэрнэце. 2013 год быў адметны тым, што ён удзельнічаў у аматарскім кубку Рэспублікі Беларусь па крос-кантры, які складаўся з пяці этапаў. У жніўні таго ж года пакарыў 82-кіламетровую дыстанцыю горнага марафона, які праходзіў у Карпатах, горадзе Рахаве ва Украіне. Яе асаблівасць — складаныя, адлегласцю ў 12 кіламетраў пад’ёмы, і не менш напружаныя спускі, пры якіх хуткасць развіваецца да 50 км/г. Мінулы год быў адзначаны паспяховым удзелам ва ўсіх шасці этапах аматарскага кубка краіны па крос-кантры.

Планы на будучае

23-24 мая Павел Данілюк прыме ўдзел у веламарафоне “Налібокі”, які пройдзе каля Вілейкі на Міншчыне. Дыстанцыю ў 210 кіламетраў ён плануе праехаць за 10 гадзін. Рыхтуецца да ўдзелу ў чарговым аматарскім кубку краіны па крос-кантры, а яшчэ наперадзе — пакарэнне марафонскай трасы на Смаленшчыне ў Расіі.

Як змянілася жыццё

Кожны дзень дзве гадзіны Павел Данілюк прысвячае трэніроўкам. Ён праязджае 40 кіламетраў за паўтары гадзіны — такая адлегласць асноўнай дыстанцыі, абавязкова займаецца на турніку, выконвае іншыя практыкаванні. У суботу выхадны, у нядзелю проста язда на веласіпедзе. У здзітаўскім лесе ёсць 5-кіламетровы круг — своеасаблівая траса, якую распрацаваў Павел, яе можна прайсці ўсім жадаючым. Шкадуе мой герой, што пакуль у Жабінцы няма прыхільнікаў крос-кантры. “У гэтым відзе веласпорту ў асноўным мужчыны, — гаворыць Павел. — Узрост марафонцаў розны, давялося сустрэцца на трасе з 74-гадовым кроскантрыйшчыкам з Польшчы. Ёсць і жанчыны, але іх мала, як правіла, у заездзе 3-4 удзельніцы, яны праязджаюць значна меншую адлегласць у параўнанні з мужчынамі”.
Памянялася ў Паўла і харчаванне: у рацыёне больш гародніны, перавагу аддае кашам, сырым салатам, заўсёды на стале тварог і малако.
“Любы занятак: плаванне, гімнастыка, язда на веласіпедзе дысцыплініруе чалавека, дае тонус мышцам, настройвае на пазітыў, — гаворыць Павел. — Можна пералічваць далей, але галоўнае — нясе здароўе, адступаюць хваробы. Я забыў пра свой кашаль, зніклі прастудныя захворванні, адчуваю сябе выдатна, не хварэю. Сядайце на веласіпеды, ідзіце ў спартзалы і басейны, рухайцеся, бо рух — гэта жыццё. Пачніце сёння, каб кожны новы дзень быў радасным і шчаслівым. У мяне ўсе дні такія”.
Алёна НІКАНЧУК.
На здымку:
Павел Данілюк пад час
праходжання
веламарафонскай трасы.
Фота з сямейнага архіва.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top