НАРАДЗІЛАСЯ я ў вёсцы Вялікія Бары Хойніцкага раёна Гомельскай вобласці. Нас у бацькоў было трое: браты Мікалай, Піліп і я.
Гора пастукалася ў нашу хату ў 1940-ым годзе: цяжка захварэла і памерла мама. Мне споўнілася тады чатыры гады і, памятаю, не зусім разумела, чаму родная маміна сястра Марыя, усхліпваючы ля труны з нябожчыцай, туліла мяне да сябе і са слязьмі прыгаворвала: “Надзейка, сірацінушкай ты стала… Як жа вы, дзетачкі, расці без мамы будзеце?”.
Толькі змірыліся з гэтай бядою, як прыйшла ў хату другая — пачалася вайна, і бацька пайшоў на фронт. Калі адыходзіў, моцна прыціснуў нас да сябе, пацалаваў, нагадаў трымацца разам і паабяцаў вярнуцца, калі знішчыць усіх ворагаў. Але не вярнуўся…
Мы засталіся ў хаце адны: Мікалаю ішоў 16 год, мне — шосты, Піліпу — другі. Брат замяняў нам, наколькі мог, і маму, і тату: гатаваў ежу, мыў бялізну, увіхаўся па гаспадарцы. Пачатак вайны адбіўся ў памяці стратамі дарагіх людзей: услед за бацькам на фронт пайшоў матулін брат Іван. Дзве родныя цёткі загінулі ад куль нямецкіх аўтаматчыкаў. Дапамогі чакаць не было ад каго. Жылі, спадзеючыся толькі на сябе.
5 мая 1943 г.
Гэты дзень застаўся ў маёй памяці назаўсёды. Мы прачнуліся і пачулі вэрхал і лямант: у вёску прыйшлі карнікі. Адзін з іх з аўтаматам у руках зайшоў і ў наш двор, нешта гучна скамандаваў. Брат Мікалай растлумачыў нам, меншым, што трэба некуды ехаць і на зборы далі дзве гадзіны. Людзі збіраліся ля хат, садзілі ў павозкі дзяцей, кідалі туды ж клункі з вопраткай і ежай. Мікалай таксама запрог кабылу, да вазка прывязаў нашу карову. Хутка абоз рушыў у дарогу. Куды ідзём? Навошта? Што чакае наперадзе? Ніхто не ведаў. Спалоханы Піліп туліўся да мяне. Плакаць мы баяліся. Калі ад’ехалі некалькі кіламетраў ад роднай хаты, нехта ў абозе закрычаў: “Нашы Бары гараць!”. Усе азірнуліся ў бок роднай вёскі. Стала жудасна: уся яна была ахоплена агнём. Жонкі загаласілі, плакалі дзеці. Як потым даведаліся, ад прыгожай вялікай і заможнай вёскі да вечара засталіся адны галавешкі, у агні згарэлі 75 аднавяскоўцаў, якія не пагадзіліся ехаць у абозе.
Ехалі ўвесь дзень. Нарэшце прагучаў загад спыніцца ля вялізнай варонкі ад разарванай бомбы. Якая думка мільганула ва ўсіх? Гэта канец, тут і расстраляюць. Аднак немцы нас не чапалі, далі раскласціся на начлег. Іржалі коні, мычалі каровы.
Стомленыя дзеці заснулі, а дарослыя да світанку не спалі. Раніцай высветлілася, што наша карова адарвалася і ўцякла. Кабыла таксама прапала. Воз аказаўся нікому не патрэбны. Таму свой шлях мы прадоўжылі пешшу. Малодшага браціка — яму было тры годзікі — неслі з братам па чарзе. Надвячоркам абоз дайшоў да чыгуначнай станцыі Васілевічы. Убачылі вялізныя саставы таварнякоў і зразумелі, што яны чакаюць нас. Так і атрымалася. Усіх хутка запіхнулі ў вагоны і зачынілі дзверы. Колькі ехалі — не памятаю. Калі нарэшце выпусцілі, зямля доўга яшчэ хісталася пад нагамі.
Аказаліся мы ў Магдэбурскай воласці. Мяне з братамі забраў ў мястэчка Вульверштэйн баўэр Бона. У яго мы пражылі да канца вайны, пакуль не вызвалілі амерыканцы.
Брат Мікалай працаваў на ферме — карміў, даіў, чысціў кароў, вывозіў гной. Нам, меншым, знайшлася работа на птушніку. Полька, якая была ў баўэра за гаспадыню, на досвітку будзіла нас, адводзіла ў птушнік, ставіла вялізныя чаны з вадой і мешанкай і замыкала на вялікі замок да самага вечара. Мы, дзеці, разносілі корм, налівалі ваду ў паілкі. Цэлымі днямі былі з курамі, лічы, жылі і раслі з імі. Кармілі нас горш, чым курэй — раніцай і ўвечары толькі баланда з бруквы. Ратавала тое, што з мешанкі для птушкі маглі ўпотай выбраць кавалачкі бульбы. Радаваліся, калі позна вечарам з фермы вяртаўся Мікалай — у абдымку з ім засыналі ў каморцы. А раніцай — зноў на птушнік. І так з дня ў дзень.
Амаль два гады працавалі на баўэра. Радасную вестку, што мы цяпер свабодныя, на ферму прынеслі вызваленцы-амерыканцы, а потым і савецкія воіны з’явіліся. Нас адправілі эшалонамі на радзіму, а брата забралі ў войска.
Нарэшце мы ў Беларусі. Куды рушыць — дом жа згарэў? На станцыі Аўрамаўская, што ў некалькіх кіламетрах ад нашых Вялікіх Бароў, нас забрала маміна стрыечная сястра, у якой сваіх было шасцёра дзяцей. Адразу па прыездзе я і Піліп цяжка захварэлі тыфам. Мабыць, лёсам нам было наканавана выжыць.
У Хойніках арганізавалі дзіцячы дом для дзяцей-сірот. 17 снежня 1945 года мы ў ліку яшчэ 150 дзяцей вайны аказаліся там.
Дзіцячы дом — радасці прытулак
ГАДЫ, праведзеныя ў дзіцячым доме — самыя лепшыя ў маім жыцці. У нас былі вельмі добрыя дырэктар, завуч, выхавальнікі. Дагэтуль мы, дзеці, успамінаем іх з цеплынёй і шчымлівым сэрцам. Гэтыя педагогі ад Бога замянілі, як маглі, нам бацькоў. Мы рабілі ўсё: дапамагалі на кухні, пілавалі дровы, палілі ў печах, у бараках, дзе жылі, прыбіралі, шылі вопратку і бялізну, летам працавалі ў калгасе — і адтуль атрымлівалі гародніну. У тыя пасляваенныя гады, калі краіна падымалася з руін і попелу, гэта была дзіцячаму дому вялікая дапамога. На змену кансервавай бляшанцы тут у кожнага дзіцяці з’явіліся талерка, персанальныя лыжка і відэлец.
Выхавальнікі прывучылі нас не цурацца любой работы і, як маглі, стараліся разнастаіць нашае сіроцкае жыццё. У нас быў свой духавы аркестр, фатаграфічны, літаратурны, танцавальны, харавы гурткі, і на кожнае свята мы выступалі ў гарадскім Доме культуры.
Памятаю, якая цяга была ў мяне да вучобы. У школу хадзілі недзе ўсяго за паўкіламетра. Навучальны год у першакласнікаў быў у самым разгары, а мяне выхавальнікі не пускалі — не было вопраткі. Я ўпотай у снежаньскі мароз у лёгкай сукенцы, без паліто, у шкарпэтках і гумавых галёшках уцякала ў школу. Некалькіх такіх “вылазак” хапіла, каб абмарозіць ногі і захварэць на запаленне лёгкіх. Аднак і хворая трызніла школай. Калі паправілася, выхавальнікі трымаць мяне не сталі, наадварот, “справілі” нейкае паліто. Першы клас завяршыла на адны пяцёркі. Выдатныя адзнакі былі ў табелі за дзесяцігодку.
Наш завуч Верамейчык, які з фронту вярнуўся без нагі, за добрую вучобу фатаграфаваў вучняў — гэта была, бадай, найвышэйшая ўзнагарода за працу ў школе. Гэтыя фотаздымкі падпісаныя прыгожымі літарамі, захоўваюцца ў фотаальбоме, як самая дарагая каштоўнасць і памяць. Ён часта садзіў дзяцей у грузавік і вазіў у Мозыр, суседнія гарады, каб паказаць як аднаўляецца наша няскораная ворагу краіна.
Мы жылі тады адной вялікай, дружнай сям’ёй. Не памятаю, каб біліся між сабой. Затое сябравалі моцна, на ўсё жыццё. І дагэтуль маем сувязь з тымі, хто яшчэ жывы, збіраемся ў Хойніках на вечарыны сустрэчы з выпускнікамі. Часта размаўляю па тэлефоне з Машай Лутчанка, Валодзем Крамлёвым, Ганнай Адзінец, Кацяй Курыленка, Мікалаем Паддубным, Наталляй Рагулік, Нэляй Жаўняк і інш. Лёс раскідаў нас па ўсёй Беларусі, аднак аб’яднаў любоўю да дому, які па-сапраўднаму стаў родным.
Кіеў — Гарадзея — Жабінка
НАСТАЎ час расстання з дзіцячым домам. Час крочыць у дарослае жыццё. Дамовілася з Машай Лутчанка паступаць у Кіеўскі тэхналагічны інстытут харчовай прамысловасці. Маша абрала накірунак “спіртавая”, а я “цукровая прамысловасць”. Вучоба давалася лёгка, нарэшце і дыплом на руках. Была вакансія на толькі што пабудаваным Гарадзейскім цукровым заводзе. Паехала. Тут сустрэла свой лёс. Іван Лявонцьевіч якраз завочна давучваўся ў інстытуце і працаваў на заводзе. Згулялі камсамольскае вяселле. Нарадзіўся першынец — Андрэйка.
Сынок вучыўся хадзіць ножкамі і гаварыць першыя словы, калі Івану прапанавалі ехаць у Жабінку, на тутэйшы цукровы завод. Так, у 1966 годзе мы пераехалі на Жабінкаўшчыну. Усё сваё жыццё тут мы прысвяцілі роднаму прадпрыемству. Муж стаў намеснікам дырэктара завода, а я працавала начальнікам змены, галоўным тэхнолагам, потым вучыла і перадавала вопыт маладым.
Напамяць аб самаадданай працы засталіся ўзнагароды — мае ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга, медалі “За працоўную доблесць”, “За доблесную працу”, і Іванавы “Знак Пашаны” і значок “Ударнік камуністычнай працы”, а таксама стос дыпломаў і грамат.
Хоць і даўно на заслужаным адпачынку, жыва цікаўлюся тэхнічным пераўзбраеннем і дасягненнямі нашага цукровага магната.
Нашы дзеці, на жаль, не працягнулі працоўную дынастыю. Сын Андрэй працуе інжынерам на аўтазаводзе ў Мінску, дачка Ірына настаўнічае ў трэцяй гарадской школе. Унукі Барыс, Сярожа, Юлія і Ларыса атрымалі вышэйшую адукацыю, таксама ўжо зарабляюць самі. Дзяўчаткі пра мне, дзякаваць Богу, не забываюць, наведваюць, тэлефануюць і турбуюцца. Раддаваліся з дзедам, што ў іх усё добра складваецца, усё могуць пры жаданні набыць і прыдбаць. на жаль, няма ўжо ўсярод нас дзеда Івана…
…Мне часта сняцца птушнік і эшалоны. Памяць вяртае туды ў гаротнае дзяцінства. Мы зведалі, як гэта — быць малалетнім вязнем фашызму, галадаць і працаваць ад світанку і дацямна. Толькі, дзякаваць Богу і татаваму запавету, мы ўтраіх трымаліся моцна, як кулачок, не згубіліся ў жыцці, выстаялі… Мікалай жыў у Мінску да сыходу ў іншы свет, Піліп — на Піншчыне. Дай Бог, каб нашы дзеці і ўнукі не паўтарылі нашай долі.
Надзея ШАСТАК,
жыхарка г.Жабінка.
Святлана КІСЛАЯ
На здымках: Надзея Барысаўна Шастак — у дзіцячым доме (40-ыя гады) і пад час работы на заводзе (70-ыя).
Фота з сямейнага архіва.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%
Вялікі дзякуй за цікавы артыкул! Надзея — мая зямлячка. Я — з вёскі Клівы. Прыемна было пачуць родныя, знаёмыя назвы населенных пунктаў. Цікавы лёс. Жадаю Надзейцы і яе сям’і шчасця, здароўя, добрых дзён і радасці!