Зямлі патрэбны клопат кожнага

Зямлі патрэбны клопат кожнага

Дзеля таго, каб наваколле вызначалася ўтульнасцю і парадкам, сёлета з 20 сакавіка па 30 красавіка традыцыйна праводзіцца месячнік добраўпарадкавання. Гэта і стала нагодай для размовы з галоўным дзяржаўным санітарным урачом раёна, кіраўніком дзяржаўнай установы “Жабінкаўскі раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі” Н.П.Шосцік.

IMG_2746— Надзея Палінараўна, служба, якую вы ўзначальваеце, забяспечвае кантроль і дзяржаўны санітарны нагляд. Відаць, вясной, асабліва пад час правядзення месячніка, калі наводзіцца парадак на зямлі, клопату ў вашых супрацоўнікаў прыбаўляецца?
— Такая масавая веснавая акцыя вельмі важная. Лічу, гэта вельмі добрай традыцыяй у нашага народа: наводзіць чысціню навокал у час месячніка добраўпарадкавання, суботнікаў. Да 1 мая кіраўніцтвам краіны і вобласці пастаўлена задача — стварыць ідэальны парадак ва ўсіх населеных пунктах і навакольных тэрыторыях.
Аднак зазначу, што ў сваёй дзейнасці мы не абмяжоўваемся месячнікам, бо гэтая справа цягнецца ўвесь год. У нас дзейнічае раённая камісія ў складзе наглядных органаў, старшыняў сельвыканкамаў пад кіраўніцтвам намесніка старшыні райвыканкама А.В.Шалтанюка. Калі нешта выяўляем у час сістэматычных аглядаў, неадкладна прымаем меры. Гэтак санітарнай службай раёна толькі за першыя тры месяцы года выдадзена ў адрас суб’ектаў гаспадарання
IMG_275258 рэкамендацый альбо прадпісанняў.
Раней “падснежнікі” (гэтак у народзе часам завуць смецце, якое хаваецца ў сумётах) шукалі толькі пасля сыходу покрыва. Сёлета зусім не было снегу, добраўпарадкаванне не спынялася і на працягу зімы. Што паспелі ўжо зрабіць?
Прыемна адзначыць, пра-цаўнікамі жыллёва-камунальнай гаспадаркі ў кароткія тэрміны прыбраны тэрыторыі вуліц Кобрынская, Лесапаркавая, Каштанавая, Кароткіна, Лінейная, 67-га палка, Дачная і інш. Пачатыя летась работы прывядзення ў належны стан гаспадарчых пабудоў у мікрараёне цукровага завода і сёлета працягваюцца, усталяваны кантэйнерныя пляцоўкі ў гаражных масівах па вуліцах Заводская, Чкалава, праве-дзены іншыя мерапрыемствы.
— Ці прыносяць практычныя вынікі маніторынгі, што сістэматычна праводзіць служба, якую вы ўзначальваеце?
— Падобныя меры нагляду дазваляюць заўжды мець аператыўную карціну пра стан парадку на зямлі. Паколькі шэраг пытанняў па санітарнай ачыстцы ўсе ж такі застаюцца. Спецыялісты цэнтра гігіены і санэпідэміялогіі ў кароткія тэрміны ўжо аб’ездзілі ўсе сельсаветы, фотафіксавалі праблемныя месцы, каб пазней прывесці іх у належны стан. Затым кожны момант разглядаецца з удзелам уласнікаў.
— На што звяртаецца найперш увага?
— Акцэнты пад час маніторынгаў: гаражныя масівы, аўтобусныя прыпынкі, міні-палігоны (напрыклад, Азяцкі і Ленінскі), дзе патрабуецца навядзенне парадку, кантэйнерныя пляцоўкі.
Усе мы рыхтуемся да слаўнай даты — 70-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Да яе патрэбна звярнуць уласнікам помнікаў асаблівую ўвагу на чысціню вакол гэтых аб’ектаў, напрыклад, ачысціць тэрыторыю ля мемарыяльнага комплексу “Драмлёва”. Калі ўязджаеш у вёскі, іх выгляд псуюць закінутыя сядзібы. Але апошнім часам, адзначу, шмат робяць старшыні сельвыканкамаў, каб такіх аб’ектаў станавілася менш. Дзеля гэтага адшукваюць гаспадароў, спадчыннікаў. У гэтай справе ёсць станоўчыя вынікі.
Асабліва хочацца спыніцца і на стане могілак у сельскай мясцовасці. Да гэтага пытання звяртаемся перыядычна. Гэта асаблівыя мясціны, і культура паводзінаў на іх вызначае многае, у тым ліку агульную чалавечнасць. Станоўчая дынаміка ва ўтрыманні месцаў пахаванняў ёсць: высякаецца драўнінна-хмызняковая расліннасць, на асобных могілках з’явіліся кантэйнерныя пляцоўкі, аднак на іх няма цвёрдага пакрыцця і адсутнічаюць кантэйнеры. Іх уладкаваць патрэбна да 1 ліпеня. Дадзенае патрабаванне санітарных норм і правіл падтрымліваюць органы ўлады паводле Пратаколу абласной выязной нарады з органамі мясцовага кіравання і самакіравання ад 17 ліпеня 2014 года. Дзеля гэтага неабходна працягваць работы на могілках аграгарадкоў Крыўляны, Сцяпанкі, вёсак Арэпічы, Здзітава, Шчэглікі і інш.
Усё ж па выніках маніторынгаў большасць тэрыторый прыведзена ў парадак. Бясспрэчна, прыкладам для іншых могуць быць установы адукацыі, культуры, аховы здароўя, парадак назіраецца і на прадпрыемствах, у тым ліку сельскагаспадарчых. Хочацца назваць станоўчы прыклад працаўнікоў ПМК №19 пад кіраўніцтвам начальніка арганізацыі П.В.Вайноўскага ў паляпшэнні эстэтыкі інтэр’ераў і фасадаў адміністрыцыйных будынкаў і навакольнай тэрыторыі, а таксама КУШВП ЖКГ “Жабінкаўская ЖКГ” (дырэктар А.М.Будзько) у добраўпарадкаванні прыдамавых тэрыторый шматкватэрных дамоў у райцэнтры.
— Аднак, каб прыгожа стала навокал, працы адных толькі камунальнікаў недастаткова. Што робіцца дзеля таго, каб прыцягнуць да гэтай добрай справы і астатніх жыхароў Жабінкаўшчыны?
— Цалкам з вамі згодная, што кожны павінен клапаціцца пра парадак. Тады праблемы знікнуць ці значна паменшацца. Трэба прыйсці на тыя ж могілкі з адказнасцю, пасля ўборкі смецце выносіць у спецыяльна адведзенныя месцы. Гэтак паводзіць сябе і ў сваім двары, і паблізу яго. Напрыклад, на вуліцах Германовіча, Скарыны ў Жабінцы ўжо гадамі захоўваюцца кучы зарослага гравію, які скінуты за плот пасля заканчэння будаўніцтва. Вось і назіраем у параўнанні з мінулым годам павелічэнне выпадкаў, калі стала больш прадпісанняў, адрасаваных прыватным асобам (летась іх было 17, а сёлета за такі самы перыяд ужо 44). За невыкананне нядобрасумленныя гаспадары будуць прыцягвацца да адказнасці.
У чым прычына такой неахайнасці, што прымушае абапірацца на літару закона? На жаль, не кожны ведае, дзе заканчваюцца ягоныя ўладанні, а дзе пачынаюцца гарадскія межы. Вось і атрымліваецца: для сябе пабудавалі ўтульнае жытло і навокал яго чысціня, парадак, а друз, смецце, адыходы ад будоўлі — доўгі час не прыбраныя, зваленыя за плотам у кучы. З такім становішчам мірыцца нельга. Усё ж парадак на зямлі — клопат агульны. Таму не толькі караем, але й падказваем, што трэба зрабіць, каб стала прыгажэй. Са свайго боку тлумачым грамадзянам, вядзём з імі прафілактычныя размовы. Бо хочацца, каб усведамленне было выхавана ў іх, і нашы людзі самі цягнуліся да чысціні.
— Дзякуй за размову.
Інтэрв’ю браў
 Анатоль БЕНЗЯРУК.
На здымках: працаўнікі ЖКГ (на першым плане Т.А.Авяр’янава) фарбуюць бардзюры; устанаўліваюць вулічнае асвятленне В.Ф.Лаўранюк, А.В.Салаўёў і Д.В.Крывец.
Фота Ірыны ЖУК.

 

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top