ЖАНЧЫНА! МЕЛОДЫЯ Ў КОЖНЫМ ІМЕНІ ТВАІМ

Ад вяршыні да вяршыні

Жанчыны зараз здольныя выконваць многія прафесійныя абавязкі, якія яшчэ адносна нядаўна лічыліся выключна мужчынскімі. Пры гэтым прадстаўніцы прыгожай паловы чалавецтва, апрануўшы форму з пагонамі, не губляюць сваёй прывабнасці і абаяльнасці. Сярод жанчын, што прысвяцілі сябе няпростай справе, звязанай з правазнаўствам, – начальнік Жабінкаўскага аддзела прымусовага выканання Ірына Тэадаровіч.

“Лепш за горы могуць быць толькі горы”

Ірына Генадзьеўна пераканана, што кожнага чалавека чакае ў жыцці шлях, у якім патрэбна крок за крокам браць новыя вяршыні. Гэта наканаванне, а таму рухацца да вызначанай мэты патрэбна штодня насуперак усяму. Сваёй першай сапраўднай вяршыні яна дасягнула яшчэ ў зусім юным узросце. Як такое сталася?

Яе тата Генадзь Фядотавіч Турыцын – рускі, сапраўдны сібірак, матуля Галіна Іванаўна – беларуска з палескага запаветнага краю. Гэтыя выдатныя людзі заснавалі сямейны саюз, які дзесяцігоддзі трымаецца на ўзаемнай павазе і шчырым каханні. У такіх надзейных парах, створаных раз і на ўсё жыццё, звычайна нітачка цягнецца за іголачкай. Іншымі словамі: абое – як адное, вадой іх нават не разліць… Вось і паехала жонка за мужам у далёкі суровы край.

Праца ў Генадзя Турыцына была надзвычай адказная ды часам і небяспечная. Што называецца, “служба дня і ночы”, як спявалася ў песні – нефармальным міліцэйскім гімне. Ён служыў у праваахоўных органах на транспарце. Адважны міліцыянер нават вызначыўся, калі арыштаваў узброенага злачынцу.

Бывала, такое, як жонка захварэе, бацька бярэ маленькую дачушку, якую не было з кім пакінуць, з сабою на працу. Вёў часам допыт нейкага парушальніка закону, а маленькая – ёй і году яшчэ не споўнілася! – ляжала побач на стале ды гулялася. Прычым і “цацкі” былі тады вельмі незвычайныя, якіх ні ў якой краме ні за якія грошы нельга было набыць. Адной з любімых для маленькай Ірынкі стала… кабура ад пісталета.

– Гэтак з малаком маці ды на бацькавай працы набывала азы юрыспрудэнцыі, – весела расказвае пра сваё маленства наша гераіня і нібыта вяртаецца міжволі ў тыя даўнія часы.

На жаль, сібірскі клімат не спрыяў матулі. Галіна Іванаўна нярэдка хварэла, і дактары ўсялякі раз раілі неадкладна пераязджаць у іншае месца, дзе больш цёпла ды спрыяльна для здароўя. Сталі сур’ёзна думаць, куды рушыць. Адказ прыйшоў хутка, бо першай і, бадай, адзінай у спісе значылася Брэстчына – малая радзіма мамы. Як гаворыцца, родны кут і палечыць, і накорміць. Гэтак наша заходняя вобласць з яе палескімі і пушчанскімі краявідамі стала роднай і для Генадзя Фядотавіча, які надзвычай любіў і дасюль любіць цудоўныя багацці прыроды. Падаравала гэтая зямля сваю ўтульнасць і гадавалай Ірынцы, хутка стала для яе сапраўднай калыскай.

Спярша Турыцыны спыніліся ў вёсцы, адкуль паходзіла матуля, – у Вульцы Аброўскай Івацэвіцкага раёна. Тата развітаўся з міліцэйскай службай, замест кіцеля апрануў будаўнічую адзежу, калі вырашыў прысвяціць сябе гэтай самай мірнай і стваральнай прафесіі, а неўзабаве паступіў вучыцца ў Брэсцкі інжынерна-будаўнічы інстытут.

Уплыў бацькі дачка адчула і ў яго вялікім захапленні. Яго хобі аднойчы і на ўсё жыццё стаў турызм. Генадзь Фядотавіч – вядомы падарожнік і краязнаўца, што заўсёды гуртаваў вакол сябе юных даследчыкаў. І тыя літаральна рваліся пад яго кіраўніцтвам даследаваць вяршыні ды высокія горныя перавалы падчас захапляльных вандровак на Каўказ, Урал альбо Карпаты. Кожны з юных турыстаў услед за Высоцкім з гатоўнасцю мог паўтарыць: “Лепш за горы могуць быць толькі горы, на якіх ты пакуль не бываў”.

У адным са шматлікіх паходаў, што насіў першую катэгорыю складанасці, быў пастаўлены своеасаблівы рэкорд. Гэта адбылося ў ліпені 1982 года на Цэнтральным Каўказе. За белыя аблокі на вышыню больш за тры тысячы метраў сярод старшакласнікаў на гару Дангуз-Арун паднялася і Іра Турыцына. І ўсё сваімі ножкамі, без дапамогі іншых! Дзяўчынцы было тады ўсяго дзевяць гадоў. Цяпер, праз доўгі час, яна лічыць, што гэта і была сапраўдная школа, якая дазваляла станавіцца мужнай, больш арганізаванай і вельмі мэтанакіраванай.

На шляху да вяршыні іх група сустрэлася з іншымі спартсменамі. Хутка высветлілася, што тыя прыбылі для ўзыходжання на пік ажно з Германіі. Калі немцы пабачылі маленькую альпіністку, што ўпарта нароўні з дарослымі ішла наперад, дык толькі рукамі развялі ў захапленні ды выгукнулі амаль разам:

– О! І сваіх дзяцей пара ўжо браць у горы!

Жабінка – месца для жыцця

У гэтым шчыра пераканана Ірына Генадзьеўна. У яе біяграфіі наш горад узнік восенню 1978 года, і з таго часу застаецца як лепшае месца на зямлі, куды хочацца заўсёды вяртацца. Тут дасягнуты за апошнія гады новыя жыццёвыя вяршыні, шмат у чым лёсавырашальныя.

Так, з роднай Жабінкай звязаны самыя лепшыя моманты жыцця. Тут дзяўчынка ў алімпійскім 1980 годзе першы раз пайшла ў першы клас. Старанна вучылася ў школе, якая нездарма носіць гордую лічбу адзін і з’яўляецца першай і па нумары, і па сутнасці сваёй. Што прыкметна і выдатна, Ірына Турыцына скончыла сваю дзесяцігодку з залатым медалём!

Увесь час, пакуль наведвала ўрокі, у дзяўчыны расла цікавасць да грамадскіх навук, а ў старэйшых класах узнікла пэўная патрэба і неабходнасць дапамагаць людзям разбірацца ў правах ды асновах заканадаўства. А для гэтага і самой спачатку патрабавалася атрымаць адпаведныя веды. Пагэтаму пасля выпускнога званка, што абвясціў развітанне з дзяцінствам, Ірына падала дакументы ў тэхнікум на аддзяленне правазнаўства. Вучылася ў беларускай сталіцы. Навучальную ўстанову закончыла зноў жа з адзнакай, ці, як тады казалі, з чырвоным дыпломам.

А затым у жніўні 1992 года ўладкавалася ў суд Ленінскага раёна горада Брэста на пасаду судовага выканаўцы. І ў тым самым годзе падала дакументы ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт на юрыдычны факультэт, каб вучыцца, так бы мовіць, без адрыву ад вытворчасці. Неўзабаве Ірына Генадзьеўна перавялася па месцы жыхарства ў суд Жабінкаўскага раёна. У час рэформы ў 2014 годзе служба судовых выканаўцаў была выдзелена ў самастойны аддзел прымусовага выканання. З першых дзён існавання новай структуры і па сённяшні дзень яго ўзначальвае Ірына Тэадаровіч.

Увесь гэты час Ірына Генадзьеўна адчувае падтрымку з боку прадстаўнікоў сваёй сям’і. Яна атрымалася ў поўнай меры “юрыдычная”, паколькі муж Леанід Тэадаровіч таксама звязаны з праваахоўнай справай. Прычым праслаўленым юрыстам быў і яго тата Мікалай Мікалаевіч. Леанід, яго брат і сястра таксама пайшлі па бацькоўскіх слядах.

Разам з мужам Ірына Генадзьеўна дала жыццё і выправіла ў вялікі свет добрых выхаваных дзяцей. Дарэчы, старэйшая дачка Ніна па адукацыі таксама юрыст. Прычым яна поўная цёзка сваёй бабулі, бацькавай мамы. З гэтай прычыны нават узнікалі кур’ёзныя выпадкі, калі дзяўчына адпраўляла пасылку, а на пошце пыталіся:

– Адпраўляе Тэадаровіч Ніна Леанідаўна Тэадаровіч Ніне Леанідаўне: тут няма ніякай памылкі?

Не, ніякай памылкі: гэта ўнучка любімай бабулі падарунак дасылае!

А вось малодшая дачка Ірыны Генадзьеўны Сафія хоча прысвяціць сябе ахове прыроды. У гэтым дзяўчына ў нечым падобная на дзядулю Генадзя Фядотавіча. Таму яна паступіла ў Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.С. Пушкіна на факультэт прыродазнаўства. У выніку пасля заканчэння дзяўчына стане інжынерам-эколагам.

Як вядома, сёлетні год абвешчаны Годам беларускай жанчыны. У сувязі з гэтым Ірына Генадзьеўна выказвае свае пажаданні прадстаўніцам прыгожай паловы чалавецтва:

– Самае галоўнае – усім бязмежнага цярпення, бо на нашых плячах не толькі праца, але і дом, утульнасць у ім, здароўе нашых дзяцей і ўсіх родных людзей. Жадаю любові і ўвагі ад блізкіх. Няхай не будзе перад вамі неадольных вяршынь. Усім вялікага і чыстага, як неба, шчасця!

Анатоль БЕНЗЯРУК

Фота Дзіяны МЕЛЬНІКАВАЙ

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.