Юныя тэхнікі ў захапленні

Юныя тэхнікі ў захапленні

_DSC2531

Які хлапчук не марыць праехацца “з ветрыкам”? На веласіпедзе не вельмі разгонішся, а так часам хочацца сябе адчуць “шумахерам”!
У юнакоў, якія наведваюць аб’яднанне па інтарэсах “Юны матацыкліст” пры РЦТДіМ, такая магчымасць ёсць. Яны не толькі вучацца кіраваць двухколавым “жалезным канём”, а таксама знаёмяцца з правіламі дарожнага руху.
— Нам тут вельмі падабаецца, — кажуць браты Дзіма і Юра Лісічыкі, — стараемся не прапускаць ніводнага занятку. Самае прыемнае — магчымасць пакатацца на матацыкле. Першыя разы ён не вельмі “слухаўся”, на хаду мог заглохнуць, а цяпер, нічога, “паслухмяны”. Навучыліся ўжо рабіць многія практыкаванні: павольна кранацца з месца, рухацца па прамой, на паваротах, рабіць “змейку”, “мост”, “тунэль”, “васьмёрку”, “габарытны дворык”.
— Я не магу дачакацца, калі споўніцца 16 гадоў, — уключаецца ў гутарку Андрэй Зеляняк. — Вельмі ўважліва вывучаю правілы, каб паехаць у Кобрынскую ДАІ і здаць экзамен. З правамі ў кішэні тады змагу свабодна ездзіць па гарадскіх вуліцах, а не толькі па аўтадроме. Угаворваю бацькоў купіць мне матацыкл. Гэта мая мара…
Уладзімір Віктаравіч Даманскі, які пры ЦТДіМ вядзе аб’яднанне па інтарэсах, бачыць, што юнакі апантаныя жаданнем навучыцца кіраваць тэхнікай, гатовыя гадзінамі корпацца ў запчастках, з цікавасцю вывучаюць устройства матацыкла. З такіх хлопчыкаў (а самы юны вучыцца ў шостым класе), як паказвае практыка, вырастаюць вопытныя, акуратныя і ўважлівыя на дарозе кіроўцы. Такі захапляльны занятак атрымалі дзеці ад філіяла Брэсцкага ДТСАФ, які мінулай восенню на дабрачыннай аснове перадаў матацыкл і картынг цэнтру, і ў хлапчукоў з’явілася выдатная магчымасць бясплатна навучыцца ездзіць на іх. Калі было холадна, юныя тэхнікі вывучалі ў асноўным правілы дарожнага руху, а ледзь пацяплела, заняткі перанесліся на аўтадром.
— Засядзеліся хлопцы ў кабінетах, катацца хочуць, — лагодна пасміхаецца кіраўнік У.В.Даманскі. — За паўтары гадзіны кожны па чарзе пракаціцца паспявае па некалькі разоў. Тое, што цягнуцца яны да тэхнікі, а не да “стралялак” у камп’ютары, не можа не радаваць. Рыхтуемся ўжо да спаборніцтваў па фігурнаму ваджэнню, якія запланаваны на май у Брэсце. Яўген Барнюк, Аляксандр Шчытоў, Арцём Астроўскі, Віталь Траццяк няблага навучыліся кіраваць матацыклам, думаю, яны будуць выступаць за Жабінку на спаборніцтвах. Вось толькі яшчэ майстэрства трэба паднабрацца.
Святлана БЯЛЯК.
Фота аўтара.

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*