“Салодкія” пытанні пасяўной кампаніі

“Салодкія” пытанні пасяўной кампаніі

big-1331824933-JSZ

Вытворчасць цукровых буракоў заслужана адзін з самых паспяховых сегментаў беларускага АПК, аднак і ў ім вырашаны пакуль не ўсе праблемы. Аб рэзервах тэхналогіі вырошчвання і планах напярэдадні пасяўной кампаніі расказвае карэспандэнту “Сельскай праўды” намеснік генеральнага дырэктара па сыравіне ААТ “Жабінкаўскі цукровы завод” А.Я.Яраш.
— Андрэй Яўгенавіч, з кожным годам завод павялічвае вытворчыя магутнасці. Зразумела, каб забяспечыць яго сыравінай, буракаводам вобласці даводзіцца нямала папрацаваць, але і цукравары не застаюцца ўбаку. Якую дапамогу аказвае сельгас вытворцам прадпрыемства?
— Сёлета паводле дзяржзаказу ў Брэсцкай вобласці мы павінны нарыхтаваць 920 тысяч тон цукровых буракоў, у Гродзенскай — 112 тысяч. Акрамя гэтага, 24,5 тыс. тон Гродзненская вобласць будзе дастаўляць па дагаворах прамой пастаўкі. Вырошчваннем буракоў будуць займацца на Брэстчыне 94 гаспадаркі і 9 фермераў, а таксама 15 гаспадарак у Дзятлаўскім і Іўеўскім раёнах Гродзенскай вобласці.
Традыцыйна аказваем пасільную дапамогу ўсім ім у закупе насення цукровых буракоў. Сёлета для сыравіннай зоны ААТ “Жабінкаўскі цукровы завод” набыў 41 тысячу пасяўных адзінак пад поўную патрэбу з улікам страхавога фонду насення. Пры такіх аб’ёмах высеву спадзяемся атрымаць караняплодаў у неабходным аб’ёме.
Акрамя насення цукровых буракоў, мы праавансуем сельгасвытворцаў у памеры не менш як 30% ад кошту дзяржзаказу. Далейшыя выплаты будуць праходзіць пад час сдачы буракоў на працягу 30 банкаўскіх дзён.
Акрамя гэтага, нашы спецыялісты штогод выязджаюць у гаспадаркі і даюць кансультацыі па тэхналогіі вырошчвання салодкіх каранёў, аказваюць тэхнічную падтрымку.
— Ці ёсць праблемы ў практыцы вырошчвання цукровых буракоў і дзе яны праяўляюцца?
— Так, ёсць памылкі, якія немагчыма выправіць у працэсе вегетацыі расліны, адсюль — і недабор масы, і цукрыстасці караняплодаў. Я маю на ўвазе падрыхтоўку глебы. Калі поле ўзарана не з восені, а вясной, назіраецца дадатковае перасыханне яе і, як вынік, недахоп вільгаці для насення на лёгкіх глебах, адсюль могуць назірацца ветраныя эрозіі. Наступная памылка — невытрыманая глыбіня работы культыватара і перадпасяўнога агрэгата. Гэта прыводзіць да нераўнамерных усходаў. Пачынаюцца праблемы ў час хімічных праполак, бо расліны знаходзяцца ў розных фазах развіцця. На глыбіні залягання зярнят — а гэта 2,5-3 см — павінен быць шчыльны падмурак, а верхні слой глебы заставацца рыхлым.
Наступная памылка, якую нельга будзе выправіць — няправільная глыбіня закладкі насення: глыбокая абцяжарвае прарастанне насення і гібель яго.
Мы таксама засяроджваем увагу сеяльшчыкаў на абавязковае завостранне так званых кіляў, каб яны мелі востры падмурак. Кіль часта стачваецца і становіцца не конусавідным, а проста пляскатым, і бароздка атрымліваецца няправільнай формы, што ўплывае на далейшую гушчыню і прарастанне зярнятак.
Элементарныя хібы, якія дапускаюць у гаспадарках — гэта невыкананне шырыні міжрадкоўя і гушчыні раслін, што прыводзіць да неабаснаваных страт каранёў пры механізаванай уборцы. Як правіла, усе яны вырашаюцца самім механізатарам. Калі вясной ён абы як пасее, то восенню, пад час уборкі, будзе бачыць сваю неахайнасць, і на наступны год іх не дапусціць.
— Андрэй Яўгенавіч, вы многа гаварылі пра тое, як правільна закладваецца ў глебу насенне. Дык якім насеннем сёлета будзем сеяць?
— Пералік фірм-пастаўшчыкоў насення не змяніўся. Гэта 6 еўрапейскіх, 1 польская і 1 беларуская кампаніі — Нясвіжская вопытная станцыя па цукровых бураках. На бягучы год адабралі каля 60 найменняў гібрыдаў. Пры гэтым сеяць будзем як звычайнае, так і вырашчанае па паскоранай тэхналогіі. Што гэта азначае? У лабараторыі зярнятка праходзіць стадыю прарошчвання і рост зародка штучна спыняецца. Калі яно трапляе ў глебу, то ўсходзіць на 3-5 дзень, а не на 7-12, як пры звычайнай тэхналогіі. Гэта дазваляе, па-першае, павялічыць перыяд ве-гетацыі і назапашвання цукру ў корані, а таксама “апярэдзіць” рост пустазелля. Гэта важна, паколькі адзін дзень веснавога развіцця прыраўноўваецца да пяці дзён асенняга. Такое насенне каштуе даражэй звычайнага.
На перспектыву пла-нуем больш масава выкарыстоўваць хутка-спелыя гібрыды, якія вырошчваліся па тэхналогіі паскоранага прарошчвання, каб да 1 верасня дасягнуць цукрыстасці вышэй 15%.
Трэба браць у разлік і той факт, што пакуль не ўсе буракасеючыя гаспадаркі зацікаўлены вырасціць сыравіну і здаць яе на завод у пачатку верасня. Ну а тыя, хто вытрымлівае тэхналогію, сур’ёзна падыходзяць да вырошчвання цукровых буракоў, маюць і вынік.
Скажам, калі сёлета пад цукровыя буракі на Жабінкаўшчыне адведзена 1063 гектары, то толькі ў адным СВК “Крошын” Баранавіцкага раёна яны займаюць 1030, і штогод у гэтай гаспадарцы атрымліваюць выдатныя ўраджаі. Хто дбае, той і мае.
— Дзякуй за гутарку.
Інтэрв’ю ўзяла Святлана БЯЛЯК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top