Untitled-13

Сабраліся
прафсаюзныя актывісты

У аўторак адбылося выязное пасяджэнне прэзідыума Жабінкаўскага райкама прафсаюза работнікаў АПК з удзелам прафсаюзнага актыву. Разгледжана, у прыватнасці, работа прафарганізацый аграпрамысловага комплексу раёна ў забеспячэнні паўнаты паступлення ўзносаў і своечасовага іх адлічэння. Удзельнікі прэзідыума праінфармаваны аб магчымасці членаў прафсаюза і іх дзяцей аздараўлівацца ў прафсаюзных санаторыях краіны са скідкай 25% ад кошту пуцёўкі. Пры гэтым на летні перыяд арганізавана браніраванне месцаў. Вядзецца работа па вяртанні сістэме “Беларустурыст” статусу першага нацыянальнага тураператара краіны. Пры арганізацыі экскурсій і турыстычных паездак таксама прадугледжаны розныя зніжкі для членаў прафсаюза. Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі рэкамендуе камітэтам пры арганізацыі экскурсій і паездак карыстацца паслугамі гэтага тураператара.
У рамках мерапрыемстваў, прысвечаных 70-годдзю Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне, удзельнікі прэзідыума наведалі Мемарыяльны комплекс “Брэсцкая крэпасць-герой” і музей “Выратаваных мастацкіх каштоўнасцяў”.

Што паказала
дэкада “Дзяржтэхагляду”

Як паведамляла “Сельская праўда” з 16 па 25 сакавіка УДАІ МУС “Транспартная інспекцыя” і УП “Белтэхагляд” Міністэрства транспарту і камунікацый Рэспублікі Беларусь праводзілі рэспубліканскую сумесную дэкаду “Дзяржтэхагляд”. Начальнік Жабінкаўскай дыягнастычнай станцыі №222 філіяла УП “Белтэхагляд” у Брэсцкай вобласці Дзмітрый Харковіч расказаў, што ў гэты перыяд было праведзена 2 рэйды, праверана 135 транспартных сродкаў. Выяўлена 42 факты эксплуатацыі аўтамабіляў без праходжання дзяржтэхагляду, іх вадзіцелі, у тым ліку тры службовыя асобы, прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці.
Мэта акцыі была дасягнута. Гэта яшчэ адзін напамін вадзіцелям: не сядайце за руль, калі ваша аўто няспраўнае альбо своечасова не прайшло дзяржтэхагляд.

Нельга ўтойваць

З мэтай выяўлення ўтойвання аб’ектаў падаткаабкладання паводле зямельнага падатку (арэнднай платы за зямельныя ўчасткі) на пастаяннай аснове супрацоўнікамі інспекцыі ў Жабінкаўскім раёне ажыццяўляецца аналіз звестак землеўпарадкавальнай службы райвыканкама і дадзеных, што адлюстраваны ў дэкларацыі і картках асабовых рахункаў. “Напрыклад, было выяўлена, што СТАА “Х” не аплаціў і не прад’явіў у інспекцыю такіх дэкларацый (разлікаў) за 2013-2014 гады, — сказала начальнік аддзела ўліку падаткаў, справаздачнасці і эканамічнага аналізу Людміла Віктараўна Валасюк. — У ходзе праверкі даналічана ў бюджэт 93047,7 тысячы рублёў, у тым ліку падатку 84791,9 тысячы рублёў”.

Пра рацыянальнае
і бяспечнае харчаванне

7 красавіка праходзіў Сусветны дзень здароўя. Сёлета яго тэма “Бяспека харчовых прадуктаў”. Галоўная мэта — зарыентаваць грамадзян на здаровае харчаванне, знізіць рызыку неспрыяльных вынікаў ад ужывання няякасных прадуктаў. У рамках Дня здароўя медыцынскімі работнікамі УАЗ “Жабінкаўская ЦРБ” праводзіліся лекцыі і гутаркі сярод насельніцтва раёна, распаўсюджваліся інфармацыйна-адукацыйныя матэрыялы (памяткі, буклеты, лістоўкі аб рацыянальным і бяспечным харчаванні).
Нельга не адзначыць, падкрэсліла ўрач-валеолаг установы Ірына Астроўская, што нашы медыкі пастаянна прымаюць усе неабходныя меры, каб харчаванне пацыентаў, што знаходзяцца на лячэнні ў стацыянары, было бяспечным і не выклікала нараканняў. Так, напярэдадні Сусветнага дня здароўя ва УАЗ “Жабінкаўская ЦРБ” прайшла чарговая ўрачэбная канферэнцыя “Метады ацэнкі якасці гатовай ежы”.

Педагогі гулялі ў валейбол

Настаўнікі СШ №3 г.Жабінка не толькі творчыя і актыўныя, але і спартыўныя. Нядаўна ва ўстанове адбылася таварыская сустрэча па валейболе каманды педагогаў, капітанам якой была дырэктар школы Галіна Сцяпанаўна Бурко, і дзесяцікласнікаў-валейбалістаў са школьнай зборнай. У цікавай і захапляльнай гульні перамаглі вучні. Вынік быў прадказальны, таму што зборная каманда Брэсцкай вобласці па валейболе, у якую ўваходзяць і навучэнцы Жабінкаўскай трэцяй гарадской адзінаццацігодкі, была пераможцай рэспубліканскіх спаборніцтваў і летась, і сёлета. Моцныя сапернікі дасталіся педагогам.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top