Untitled-13

Медаль з рук міністра абароны

У сераду ў Цэнтральным Доме афіцэраў Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь ва ўрачыстай абстаноўцы міністр абароны генерал-маёр А.А.Раўкоў уручыў дзяржаўныя ўзнагароды ваеннаслужачым, адзначаным за ўзорнае выкананне службовых абавязкаў. Сярод уганараваных — і ваенны камісар Жабінкаўскага раённага камісарыята падпалкоўнік А.М.Ануфрыюк. Ён удастоены медаля “За бездакорную службу” ІІІ ступені. Андрэй Мікалаевіч нарадзіўся і вырас у Жабінцы, пасля заканчэння трэцяй гарадской адзінаццацігодкі выбраў прафесію ваеннага. Шляхі-дарогі прывялі яго назад, у родны горад. З 2014 года працуе ваенным камісарам райваенкамата.
Віншуем вас, Андрэй Мікалаевіч! Жадаем далейшых поспехаў!

Які ён, працуючы жабінкавец?

Як паведамілі ў раённым аддзеле статыстыкі, на 1 студзеня 2015 года на прадпрыемствах (у тым ліку і малых) і ў арганізацыях раёна было занята 8495 чалавек, з іх 5200 — рабочых і 3295 служачых. Прычым, з усіх работнікаў жанчын — 53,6%, мужчын — 46,4%. Сярэдні ўзрост працуючых 42 гады. Пераважаюць работнікі з вышэйшай адукацыяй (2152) і сярэдняй спецыяльнай (1931), у нязначнай колькасці за плячамі ў іх агульная базавая адукацыя (257). Цікава, што жабінкаўскія жанчыны не надта ўступаюць мужчынам у лідарстве. 362 прадстаўніцы слабога полу займаюць кіруючыя пасады, мужчын-кіраўнікоў 413.

Пра балоты — навукова

Вучаніца 9 “Б” класа ДУА “Сярэдняя школа №2 г.Жабінка” Яна Юрчук наведвае школьны гурток “Юны эколаг”. Дзяўчынка зацікавілася экалагічным значэннем балот у Жабінцы. Яе даследчыцкая праца была адзначана дыпломамі: на раённай навукова-практычнай канферэнцыі “З навукай у будучае” І ступені, а на абласным узроўні — ІІІ ступені.
Дзевяцікласніца з Жабінкі паўдзельнічала ў VI рэгіянальнай студэнцкай навукова-практычнай канферэнцыі “Устойлівае развіццё: экалагічныя праблемы”, што праводзілася ў Брэсцкім дзяржаўным універсітэце імя А.С.Пушкіна. Яна расказала, як вывучала экалагічнае значэнне балот Жабінкі. Нядаўна ў складзе абласной каманды прыняла ўдзел у ХХVI рэспубліканскім конкурсе навуковых эколага-біялагічных работ, які праходзіў у Мінску.

Крыніца здароўя і натхнення

У аўторак, 31 сакавіка, у цэнтральнай раённай бібліятэцы прайшоў урок здароўя, прысвечаны Міжнароднаму дню лесу. Вядучая — бібліятэкар Валянціна Славуціч — расказала дзесяцікласнікам першай гарадской школы пра значэнне лесу ў прыродзе і для чалавека, пра дрэвы-донары і вампіры. Да ўвагі вучняў былі прапанаваны прэзентацыя лясных краявідаў з музычным суправаджэннем і ўрывак з фільма “Кобрынскі вопытны лясгас”. У мерапрыемстве прыняла ўдзел урач-валеолаг Жабінкаўскай ЦРБ Ірына Астроўская. “Лес — крыніца здароўя і натхнення”, — сказала яна напрыканцы свайго выступлення.

“Два колы — двайная небяспека!”

Начальнік АДАІ Жабінкаўскага РАУС Андрэй Мядзведзь паведаміў у рэдакцыю, што ў дынаміцы аператыўнай абстаноўкі на Брэстчыне прасочваюцца сезонныя негатыўныя тэндэнцыі, звязаныя са здзяйсненнем ДТЗ з удзелам матацыклістаў, веласіпедыстаў…
У сувязі з гэтым на Жабінкаўшчыне з 6 па 26 красавіка бягучага года праводзяцца дадатковыя меры па папярэджанні дарожна-транспартных здарэнняў з удзелам мотатранспарту пад назвай “Два колы — двайная небяспека!”.

Надвор’е “жартавала”

Дзень гумару 1 красавіка здзіўляў жыхароў Жабінкаўшчыны метамарфозамі надвор’я. Яны адчулі на сабе парывы моцнага ветру, дождж з градам, снег і сонечныя промні, якія ненадоўга выглядвалі з-за хмар. А жыхары аграгарадка Ракітніца нават сталі сведкамі маланкі і раскацістага грому — першай у гэтым годзе навальніцы. Калі верыць народным прыкметам, маланка і гром ранняй вясной, калі лісце на дрэвах яшчэ не з’явілася, — да галоднага году. Аднак, жабінкаўцы — людзі незабабонныя, будзем спадзявацца, што надвор’е “пажартавала” і год удасца ўраджайным.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top