Паўэканамічны сюрпрыз для гуманітарыя

Паўэканамічны сюрпрыз для гуманітарыя

IMG_1759Студэнтка 2-га курса факультэта філасофска-сацыяльных навук Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Марына Ярмаловіч — адзіная прадстаўніца Жабінкаўшчыны на курсе. Яна як першая ластаўка асвойвае рэдкую прафесію.
— Многія знаёмыя спачуваюць: “Ты будзеш сацыяльным работнікам”, — расказвае Марына. — Гэта вялікая памылка. Я вучуся не на сацыяльнага работніка — буду сацыёлагам, выкладчыкам сацыяльных навук. Іншыя, пачуўшы гэта, “палохаюць”: “Ты ўсё жыццё будзеш стаяць з анкетамі ў гандлёвых цэнтрах”. Я толькі ўсміхаюся.
Сапраўды, сацыёлаг ва ўяўленні многіх людзей — чалавек, які чапляецца на вуліцы з дакучлівымі пытаннямі, угаворвае адказаць на іх па тэлефоне, прыходзіць з анкетамі на дом… На самой справе тэматычныя апытанні — толькі маленькая частка складанай, але цікавай работы такога спецыяліста. Сацыёлаг — у першую чаргу спецыяліст па інфармацыі, які павінен яе не толькі сабраць, але і пісьменна апрацаваць.
Цікаўлюся ў дзяўчыны, хто дапамагаў ёй з выбарам будучай прафесіі. Марына прызнаецца, што было шмат варыянтаў, куды паступаць. У дзяцінстве марыла стаць урачом, аднак боязь выгляду крыві перакрэсліла мару. У школе (Марына Ярмаловіч скончыла трэцюю гарадскую адзінаццацігодку) ёй вельмі падабаліся і лёгка даваліся гісторыя і грамадазнаўства. Рэпетытар падказала, што гэтыя прадметы трэба здаваць пры паступленні на факультэт філасофска-сацыяльных навук БДУ. Рашэнне ехаць вучыцца ў сталіцу было прынята пасля таго, як Марыну падтрымалі бацькі — Сяргей Рыгоравіч і Таццяна Лявонцьеўна.
Пасля пачатку заняткаў дзяўчыну чакаў лёгкі шок.
— Спецыяльнасць сацыёлага, аказваецца, паўэканамічная, а я чысты гуманітарый, — расказвае Марына Ярмаловіч. — Я не была гатова да вывучэння вышэйшай матэматыкі. Лічыла, што дысцыпліны на факультэце філасофска-сацыяльных навук маюць гуманітарную накіраванасць, аднак глыбока памылілася. На справе аказалася, што матэматыка для сацыёлага — асноўны інструмент даследавання, без якога ён проста не зможа апрацаваць атрыманую інфармацыю. Складана, але спраўляюся.
На факультэце вельмі творчая атмасфера, прызнаецца Марына. Акрамя сацыёлагаў, тут вучацца псіхолагі, філосафы і піяршчыкі-рэкламшчыкі.
Марына Ярмаловіч удзячна сваім школьным настаўнікам за трывалую базу ведаў, шырокі кругагляд. За кошт гэтага вучыцца на першым курсе было даволі лёгка. Словы ўдзячнасці яна адрасуе ўсім педагогам трэцяй гарадской школы, а асабліва настаўніцам рускай мовы і літаратуры Святлане Міхайлаўне Пасталюк і беларускай мовы і літаратуры Таццяне Мікалаеўне Галавейка.
— З другога курса вучобы пачалася больш вузкая спецыялізацыя: філасофія, культуралогія, сацыялогія, — дзеліцца Марына. — Мае любімыя выкладчыкі Ірына Міхайлаўна Кляцкова і Даніла Рыгоравіч Дабрародні — педагогі ад Бога. Падабаецца іх манера выкладання, жыццёвыя прыклады. Вучыцца вельмі цікава, кожны дзень адкрываю для сябе нешта новае. Зараз мы прыдумваем пытанні для анкетавання моладзі. У далейшым будзем складаць праграмы і праводзіць паводле іх сацыялагічныя даследаванні, аналізаваць іх: апрацоўваць першасную інфармацыю, абагульняць атрыманыя дадзеныя, распрацоўваць рэкамендацыі.
Сацыёлага часта параў-ноўваюць з псіхолагам. І недарэмна. Ён павінен умець слухаць і разумець свайго суразмоўніка. Марына Ярмаловіч любіць зносіны з людзьмі, сябры звяртаюцца да яе па парады і падказкі. Яна не толькі слухае, але і чуе, што ёй кажуць, і аналізуе.
На маё пытанне, што б Марына параіла будучым і сённяшнім студэнтам, яна адказала: “Усім вядомы выраз “ад сесіі да сесіі жывуць студэнты весела”. Аднак, на мой погляд, трэба старанна працаваць у семестры, а не адцягваць вучобу да сесіі. Тады і вынік не прымусіць сябе чакаць”.
Студэнцкія гады — адны з самых запамінальных у жыцці. Марына Ярмаловіч гэта разумее і стараецца разнастаіць вольны ад вучобы час цікавымі заняткамі. Любіць наведваць тэатры, музеі. Нацыянальны тэатр оперы і балета і мясціны ля яго — любімы куточак Мінска.
Інтарэсы ў Марыны разнастайныя. У школьныя гады займалася керамікай, турызмам (арыентаваннем на мясцовасці), плаваннем. Атрымлівае вялікую асалоду ад чытання кніг і малявання.
Калі прыязджае дадому ў Жабінку, Марына прывозіць са сталіцы цікавыя навіны, падаруначкі для малодшага браціка Сашы, для якога кожны прыезд сястры — свята.
Наталля АЛЯКСЕЙЧЫК.
На здымку: студэнтка 2 курса факультэта філасофска-сацыяльных навук БДУ
Марына Ярмаловіч.
Фота Ірыны ЖУК.

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*