Выхавала не адно пакаленне вучняў

Выхавала не адно пакаленне вучняў

IMG_2404

“Пра мінулае Крыўлянскай школы распытайцеся ў былой настаўніцы рускай мовы і літаратуры Марыі Рыгораўны Марковіч,” — параіў дырэктар Аляксандр Іванавіч Казюра і паказаў дарогу да яе дома.
Нас сустрэла малажавая сімпатычная жанчына з яснымі вачамі і лагоднай усмешкай. Ад яе веяла дабрынёй і пяшчотай. “Раскажыце, калі ласка, пра школу і пра сябе”, — папрасіла я.
Марыя Рыгораўна — нараджэнка Гомельскай вобласці. У 1967 годзе скончыла філалагічны факультэт Мазырскага педагагічнага інстытута імя Н.К.Крупскай. Атрымала спецыяльнасць “настаўніца беларускай мовы і літаратуры”. Нягледзячы на гэта, больш падабалася руская мова і — асабліва — літаратура. Творы класікаў яна чытала запоем, любіла паэзію Ясеніна, Ахматавай.
Якім было шчасце маладога педагога, калі прыехала на Жабінкаўшчыну паводле размеркавання і яе накіравалі ў Крыўлянскую васьмігадовую школу настаўніцай рускай мовы і літаратуры. У першы год працы Марыя Рыгораўна выкладала яшчэ і нямецкую мову, была піянерважатай і бібліятэкарам у адной асобе.
— Я была вельмі актыўная ўсё жыццё. Паспявала выкладаць, удзельнічаць у конкурсах, весці гурткі, — расказвае яна.
Першыя восем гадоў Марыя Рыгораўна працавала ў старой школе. У будынку былі чатыры класныя пакоі, вучыліся ў дзве змены, бібліятэка размяшчалася на калідоры. Класы налічвалі па 30 вучняў, было вельмі цесна. Былая настаўніца рускай мовы і літаратуры ўспамінае:
— Калегі, з якімі я пачынала: Ігар Пятровіч Саковіч (першы дырэктар школы) і яго жонка Вольга Лук’янаўна, Ніна Фёдараўна Семянюк, Марыя Сяргееўна і Андрэй Пятровіч Клочкі, Валянцін Васільевіч і Надзея Мікалаеўна Якавенкі. Класным кіраўніком першага выпуску была настаўніца гісторыі Ніна Васільеўна Расіч.
Калектыў быў вельмі дружны. Школьным аўтобусам мы аб’ездзілі ўсю Прыбалтыку, Украіну.
Калі ў 1975 годзе пабудавалі новую школу (літаральна за год), настаўнікі, бацькі і вучні не маглі дачакацца, калі яна адчыніць дзверы для малечы.
— 1 красавіка пачыналася 4-ая чвэрць, — успамінае Марыя Рыгораўна, — а на вясновых канікулах у новай школе ўсе рыхтаваліся да першых урокаў у ёй. І такая радасць была ад таго, што дзеці будуць вучыцца ў прасторным будынку! Старую школу, дарэчы, толькі нядаўна разабралі, стаяла дагэтуль як помнік-успамін.
Разглядваем з Марыяй Рыгораўнай старыя фотаздымкі. Першы выпуск новай школы… Клас быў вельмі моцны, актыўны. Вася Мушынскі, Галя Макарава, Вася Будзько, Воля Кавальчук, Ніна Карпук… Настаўніца памятае ўсіх, ведае, як у кожнага склалася жыццё.
— Не так важна, як дзіця вучыцца, — разважае Марыя Рыгораўна, — галоўнае — выхаваць яго добрым, чулым чалавекам. Напрыклад, я прыходзіла знаёміцца з пяцікласнікамі, пачынала ў іх выкладаць і праз паўгода магла сказаць, хто кім будзе і якім будзе. Школу сваю я вельмі любіла, усё жыццё ёй прысвяціла. Толькі год як не працую і вельмі сумую па вучнях, калегах.
Былая настаўніца жартуе, што ўся ваколіца — яе вучні, паедзе ў Жабінку, Брэст — паўсюль сустракае сваіх выпускнікоў. І яны не забываюць пра любімага педагога: тэлефануюць, віншуюць са святамі, з днём нараджэння, цікавяцца здароўем, справамі.
Зараз Марыя Рыгораўна жыве клопатам пра ўнукаў Мікалая і Аляксандра. Хлопцы выраслі разумныя, старанныя, творчыя. Старэйшы Коля ў 2012 годзе перамог у конкурсе для дзяцей-сірот і інвалідаў, аб’яўленым Дзіцячым фондам, напісаў эсэ пра матылька. Малодшы Саша заняў летась першае месца ў вобласці з сачыненнем “Тры ўрокі аб вайне”, сёлета напісаў на конкурс сачыненне “Дзякуй, прадзед, за Перамогу!”.
Ганарыцца Марыя Рыгораўна і сваім сынам (Віктар Мікалаевіч Марковіч — старшыня СВК “Шпіталі”). Родныя, у сваю чаргу, з гонарам расказваюць пра бабуліны поспехі і дасягненні.
Так, у 2004 годзе Марыя Рыгораўна была ўзнагароджана Дыпломам лаўрэата Пушкінскай прэміі для настаўнікаў рускай мовы і літаратуры ў краінах СНД і Балтыі.
— Я была пяць дзён у Маскве, — расказвае педагог, — нас ганаравалі ў мэрыі Лужкова, мы наведалі Траццякоўскую галерэю, Новадзявочы манастыр, урокі ў прыватнай і звычайнай школах.
У размову ўключаецца дырэктар Аляксандр Іванавіч Казюра:
— Разам з Марыяй Рыгораўнай мы працавалі 27 гадоў. Гэта настаўнік ад Бога, чалавек, які ніколі не падвядзе. Мы звяртаемся да яе і зараз, хоць Марыя Рыгораўна ўжо на заслужаным адпачынку. Яна ніколі не адмовіла ў дапамозе. У нас цудоўны, дружны калектыў, добрыя вучні. У паловы настаўнікаў, як і ў Марыі Рыгораўны Марковіч, у працоўнай кніжцы пазначана толькі адно месца працы — Крыўлянская сярэдняя школа.
Папрасіла дазволу ў Марыі Рыгораўны пагартаць яе працоўны дакумент. Чытаю запісы: “28.08.1987. Узнагароджана Ганаровай граматай Міністэрства народнай адукацыі СССР”, “15.08.1989. Прысвоена званне “старшы настаўнік”, “01.05.1991. Прысвоена вышэйшая катэгорыя”, “23.08.1999. Узнагароджана значком “Выдатнік народнай адукацыі” і г.д.
Падумалася пасля сустрэчы з Марыяй Рыгораўнай, што вучыцца ў такога педагога было для дзяцей за шчасце і за гонар.
Наталля АЛЯКСЕЙЧЫК.
На здымку: былая настаўніца рускай мовы і літаратуры М.Р.Марковіч прысвяціла Крыўлянскай школе ўсё жыццё.
Фота Ірыны ЖУК.

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*