Засталіся вернымі традыцыям

Засталіся вернымі традыцыям

IMG_2443
У 1991 годзе Крыўлянскую сярэднюю школу заканчвала 12 выпускнікоў: шасцёра юнакоў і шасцёра дзяўчат. З іх сёння чацвёра працуюць у роднай установе, прымнажаюць яе славу і гонар, захоўваюць традыцыі. Што ўспамінаюць яны са свайго школьнага жыцця? Якім быў іх клас? Чаму засталіся вернымі сваёй навучальнай установе?
Ларыса Мікалаеўна Лаўранюк — першая сярэбраная медалістка школы, цяпер настаўніца інфарматыкі і матэматыкі:
— У школьныя гады перавагу аддавала дакладным навукам, найбольш падабалася фізіка. Свет атамаў быў блізкім і зразумелым, ён захапляў і вабіў, дзякуючы цікавым урокам Аляксандра Іванавіча Казюры, які пачынаў з намі з азоў у сярэдняй ступені і выпускаў у адзінаццатым класе. На парозе самастойнага жыцця ваганняў кім быць не было: канечне, настаўнікам. Пасля заканчэння ў 1996 годзе Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С.Пушкіна па спецыяльнасці “Фізіка. Інфарматыка” вярнулася на Жабінкаўшчыну. На выбар у аддзеле адукацыі прапанавалі дзве школы: Якаўчыцкую і Крыўлянскую. Ні хвілінкі не думала, у якой працаваць — менавіта з 96-га ідзе адлік маёй педагагічнай дзейнасці ў Крыўлянскай сярэдняй школе. За гэты час яна змянілася: пасля апошняга рамонту стала больш утульнай і прыгожай, выглядае па-сучаснаму і нават памаладзела, але засталася такой жа гасціннай, са сваімі традыцыямі, сапраўдным сяброўствам паміж настаўнікамі і вучнямі, якія жывуць адной дружнай сям’ёй.
Юрый Валянцінавіч Якавенка, настаўнік фізічнай культуры:
— У класе я ўзначальваў спартыўны сектар актыву, быў фізоргам. Уваходзіў у школьную каманду па футболе, валейболе, лёгкай атлетыцы. Неаднойчы абараняў гонар роднай установы на раённых спаборніцтвах. Са школьнага жыцця памятаюцца спартыўныя святы, дні здароўя, у якіх мы прымалі актыўны ўдзел. У класе ўсе хлопцы сябравалі са спортам, любілі рухомыя гульні. Паміж аднакласнікамі панавалі шчырыя ўзаемаадносіны, мы сябравалі.
У будучым я бачыў сябе настаўнікам фізічнай культуры, але адразу пасля школы не атрымалася паступіць. Толькі праз год стаў студэнтам Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С.Пушкіна, веды атрымліваў па спецыяльнасці “Фізкультурна-аздараўленчая работа і турызм”. Пасля вучобы была служба ў арміі. З 1998 года працую ў Крыўлянскай сярэдняй школе, дзе вучыўся сам, дзе працавалі мае бацькі — таксама настаўнікі. Складана было пачынаць, на той момант я быў адзіным настаўнікам фізічнай культуры ў школе, але падтрымлівала адміністрацыя, калектыў, слушныя парады давалі калегі з Хмелеўскай і Ленінскай сярэдніх школ. Усім за гэта ўдзячны і зараз. Прыемна, што сярод былых вучняў ёсць тыя, хто выбраў шлях настаўніка фізічнай культуры. Адзін з такіх — Сяргей Аляксандравіч Карпук — вярнуўся ў родную школу, працуе трэці год, імкнецца, каб на ўроках вучням было цікава. Гледзячы на тое, як спяшаюцца яго выхаванцы пераапрануцца хутчэй у форму і апынуцца ў спартзале ці на стадыёне, як гараць у іх пры гэтым вочы, разумееш: у яго гэта атрымліваецца.
Інеса Анатольеўна Буза (у дзявоцтве Семянчук) — намеснік дырэктара ў выхаваўчай рабоце:
— У Крыўлянскую школу я трапіла ў 7 класе пасля таго, як бацькі пераехалі на Жабінкаўшчыну з Мінскай вобласці. У калектыў улілася лёгка. Са школьных спраў чамусьці больш памятаецца актыўны ўдзел у цімураўскім руху: дапамагалі ветэранам, адзінокім, пажылым людзям. Дзя-ўчаты мы-лі падлогу, прыбіралі ў двары, палолі градкі, хлопцы калолі і склад-валі дровы. У старэйшых класах любілі рыхтаваць школьныя вечары. На-стаўнікі, якія выкладалі, заўсёды для нас былі пры-кладам. Да ўсіх адносіліся па-добраму, з паразуменнем, не памятаю, каб чыталі нам натацыі, павучалі. У любой сітуацыі заставаліся тактоўнымі і справядлівымі. Цікава было на ўроках Валянціна Васільевіча Якавенкі, Марыі Пятроўны Свістун, нашага класнага кіраўніка. Не адразу я вырашыла стаць настаўнікам, спачатку хацела быць фармацэўтам і толькі ў старэйшых класах прыняла рашэнне паступаць пасля 11-га ў Баранавіцкае педвучылішча. Спроба была няўдалай. Пасля гэтага год працавала ў дзіцячым садзе ў Крыўлянах, затым мастацкім кіраўніком у сельскім Доме культуры, потым там жа дырэктарам. За гэты час скончыла завочна Маскоўскую сацыяльна-педагагічную акадэмію па спецыяльнасці “Пачатковыя класы. Псіхалогія”.
У 1997 годзе Аляксандр Іванавіч запрасіў у школу, пачынала я як настаўніца пачатковых класаў. Цяпер намеснік дырэктара, на гэтай пасадзе 14 гадоў. Так сталася, што адзін з аднакласнікаў — Віктар Буза — стаў маім мужам. Некалі вучыліся разам, цяпер працуем у адным калектыве. Вось і атрымліваецца: школа дала не толькі веды, але і прадвызначыла мой лёс.
Віктар Канстанцінавіч Буза, вадзіцель школьнага аўтобуса:
— Хоць і невялікі быў наш клас, але вельмі дружны. Імкнуліся добра вучыцца, адказна падыходзілі да грамадскіх спраў, весела адпачывалі. Памятаю, як усе разам збіралі металалом, дапамагалі калгасу на ўборцы бульбы. Не цураліся работы, з любой маглі справіцца. Я з шостага класа дапамагаў бацьку на жніве, мне падабалася. Многія вучні летам працавалі ў калгасе. Ездзілі і на экскурсіі, з якіх найбольш запомнілася ў Літву: своеасаблівай архітэктурай здзівіла старажытная частка Вільнюса, Каўнаса. Пасля сёмага класа ездзіў у “Зубраня”, дасюль памятаю сваю змену, дзяцей, з якімі адпачываў. У школе душа больш ляжала да гуманітарных прадметаў, любіў урокі рускай мовы і літаратуры, добра пісаў дыктанты, лёгка даваліся сачыненні. Падабалася заалогія, анатомія. Калі ў класе з’явілася Інеса, адразу звярнуў на яе ўвагу: прыгожая дзяўчына з блакітнымі вачамі і доўгімі кучаравымі валасамі, да таго ж працавітая. З дзясятага класа сябравалі ўжо сур’ёзна, яна мяне ў армію праводзіла, чакала. Дачакалася. Вяселле згулялі 16 верасня 1995 года. З таго часу разам ідзём па жыцці, цяпер і на працы разам.
Дзявяты год я вадзіцель школьнага аўтобуса. Да гэтага пятнаццаць адпрацаваў у калгасе на грузавой машыне, потым на легкавой. Калі прапанавалі перайсці ў школу, ні хвілінкі не раздумваў, гэта тое самае, што вярнуцца з доўгага падарожжа ў сям’ю, дзе табе радыя, дзе цябе любяць.
Акрамя гэтага квартэта аднакласнікаў з былых выпускнікоў, у Крыўлянскай сярэдняй школе працуюць: Л.В.Пасюк, В.І.Марчук, В.В.Гоман, С.А.Карпук, Т.С.Карпук, Н.В.Лойкуц, В.У.Батура, С.В.Кабаеў. Самі калісьці атрымлівалі тут веды, а цяпер шчыруюць на карысць сваёй установе. Школа, як маці, не хоча адпускаць сваіх дзяцей далёка, таму збірае іх пад сваім крылом, каб яны, у сваю чаргу, зберагалі яе набыткі і прымнажалі іх.
Гутарыла Алёна НІКАНЧУК.
На здымку: педагогі І.А Буза, Ю.В. Якавенка і  Л.М. Лаўранюк.
Фота Ірыны ЖУК.

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*