40 гадоў на хвалях ведаў і творчасці

40 гадоў на хвалях ведаў і творчасці

IMG_7657 копияЗ уводам новага будынка ў эксплуатацыю Крыўлянская школа набыла статус сярэдняй 1 красавіка 1975 года. Сёння яна адзначае свой 40-гадовы юбілей. Гаспадарылі ў ёй у гэты час чатыры кіраўнікі: Ігар Пятровіч Саковіч, Ала Сцяпанаўна Замкавец, Валянцін Васільевіч Якавенка, апошнія 28 гадоў — Аляксандр Іванавіч Казюра.

Пра дырэктара

IMG_2424У жніўні 1987-га Аляксандра Іванавіча Казюру (на здымку) выклікалі ў Жабінку. Другі сакратар райкама партыі Пётр Канстанцінавіч Гопша і загадчык райана Мікалай Мікалаевіч Грыневіч прапанавалі 26-гадоваму фізіку з Якаўчыцкай СШ кіраўніцтва школай у Крыўлянах. Ён не адмовіўся. Майстэрству кіраваць вучыўся ў сваіх калег-дырэктараў: Васіля Раманавіча Дошчыка, Пятра Міхайлавіча Грыцука, Васіля Веніямінавіча Кузьміна, Мікалая Іванавіча Смалюка. На працягу ўсяго свайго дырэктарскага тэрміну жыве неспакойна, не спыняецца на дасягнутым, набіраецца цярпення і вопыту, адным словам, “расце”. Разам з ім расце і школа.

Галоўнае багацце — настаўнікі і вучні

Зараз у школе 134 вучні (а было некалі пад тры сотні), з іх 15 — выдатнікі, 47 — “харашысты”. Педагагічны калектыў складаецца з 26 настаўнікаў, значная частка іх — былыя крыўлянскія школьнікі. Не кожная навучальная ўстанова можа пахваліцца такой асаблівасцю. Дзесяць педагогаў маюць вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю, яшчэ столькі ж — першую, два — другую, чатыры — без катэгорыі.

Уваходзяць у “залаты” фонд

За 40 гадоў са сцен школы выйшла 15 медалістаў: пяць “залатых” і дзесяць “сярэбраных”. Успомнім першых. У 1991 годзе “серабро” ў скарбонку школьнай славы прынесла Ларыса Лаўранюк (зараз Ларыса Мікалаеўна выкладае ў Крыўлянскай СШ інфарматыку і матэматыку), першае “золата” атрымала ў
1997-ым Вольга Ігнатчык, якая цяпер працуе тэрапеўтам у Жабінкаўскай ЦРБ і завецца Вольгай Леанідаўнай Бутрым.

Імі ганарацца

Сярод выпускнікоў Крыўлянскай школы нямала тых, хто праслаўляе яе імя. Шчырай працай на палетках, у бальнічных палатах, студэнцкіх аўдыторыях, на вытворчасці… Іх ведаюць у раёне, многіх — за яго межамі. Пералічыць усіх немагчыма, назавем некаторых: Анатоль Марчук — старшыня Крыўлянскага сельскага Савета дэпутатаў; Віктар Марковіч — старшыня СВК “Шпіталі”; Алег Бутрым — начальнік Жабінкаўскага раённага аддзела надзвычайных сітуацый; Валерый Галавейка — дырэктар Якаўчыцкай сярэдняй школы; Сяргей Кісялевіч — дырэктар СШ №9 Брэста; Жанна Падрубная (Дубіна) — дырэктар Жабінкаўскага раённага гісторыка-краязнаўчага музея; Аксана Пінчук (Карпук) — начальнік цэнтра страхавых паслуг; Максім Кавальчык — вадзіцель СВК “Маціевічы”, паказаў лепшыя вынікі на раённым жніве сярод моладзевых экіпажаў; Віктар Васільчык — вадзіцель СВК “Маціевічы”, пераможца-тысяч-нік у абласных спаборніцтвах на ўборцы збожжавых сярод маладых вадзіцеляў; Аляксандр Ермакоў — начальнік станцыі тэхабслугоўвання машынна-трактарнага парка Жабінкаўскай сельгастэхнікі; Сяргей Паў-ловіч — выкладчык Брэсцкага ўніверсітэта; Юлія Канашук (Казюра) — магістр эканамічных навук; Руслан Супруноўскі — урач-стаматолаг… Ставім шматкроп’е. Спіс гэты можна прадаўжаць, бо каго ні вазьмі з выпускнікоў, мае жыццёвыя набыткі. У кожнага свае гарызонты.

Дасягненні

За 40 гадоў існавання іх шмат: перамогі ў раённых і абласных прадметных алімпіядах, навукова-практычных канферэнцыях, спартыўных спаборніцтвах, розных конкурсах. Пералічыць усе немагчыма, з апошніх: перамога ў абласным конкурсе вытворчых брыгад, рэспубліканскім конкурсе “Збяры Беларусь у сваім сэрцы”, на які быў прапанаваны відэаролік пра Гродзенскую і Мінскую вобласці, І месца ў вобласці,
ІІ-ое — у рэспубліцы ў конкурсе “Грамадзянска-патрыятычнае выхаванне ў школьным летнім аздараўленчым лагеры”, перамога настаўніка фізічнай культуры Сяргея Карпука ў раённым этапе конкурсу “Малады настаўнік Брэстчыны”.

Традыцыі

Жыве імі школа. Некаторыя з’явіліся з моманту адкрыцця ўстановы, некаторыя толькі цяпер. Яны маюць сваіх заснавальнікаў. Так, ідэя правядзення міжшкольнага валейбольнага турніру памяці воіна-афганца Васіля Дудара належыць сённяшняму настаўніку фізічнай культуры Ю.В.Якавенку і былому А.Ф.Марчуку. З 2005 года раённы турнір праводзіцца штогод.
З прыходам у школу гісторыка Уладзіміра Аляксандравіча Марковіча творча вядзецца турысцка-краязнаўчая работа. Ім заснаваны і актыўна дзейнічае турыстычны клуб “Трыал”, поспехі якога асвятляюцца ў школьнай краязнаўчай насценгазеце. Дзе толькі не пабывалі разам са сваім настаўнікам крыўлянскія вучні! Турыстычныя злёты — таксама традыцыя.
А яшчэ праводзяцца школьныя кірмашы, на якіх вучні прапаноўваюць розныя саладосці, прыгатаваныя сваімі рукамі, дні самакіравання напярэдадні Дня настаўніка, 8 Сакавіка, пасвячэнні ў першакласнікі, вечары сустрэчы з выпускнікамі. І настаўнікі, і вучні ведаюць, што кожны навучальны год закончыцца паходамі па родным краі — такая ўжо традыцыя.

З удзячнасцю да калег

Напярэдадні юбілею ў размове Аляксандр Іванавіч Казюра сказаў: “Усе гады, што працую ў школе, не перастаю дзякаваць тым людзям, з якімі звёў лёс, з кім давялося ісці побач, набірацца вопыту, сталець. Перш-наперш — калегам-ветэранам, хто шмат гадоў адпрацаваў на настаўніцкай ніве, хто цяпер у нашых шэрагах і каго няма з намі: Валянціну Васільевічу і Надзеі Мікалаеўне Якавенкам, Алене Сяргееўне Ігнатчык, Марыі Пятроўне Свістун, Марыі Рыгораўне Марковіч, Марыі Сяргееўне Клочка і многім іншым, а таксама ўсяму калектыву, з кім працую зараз”.

Слова віншавальнае

Прыгожы юбілей у школы. Памятаюць найлепшыя старонкі яе гісторыі былыя вучні і настаўнікі. Упэўнена крочыць у заўтрашні дзень сённяшні калектыў установы са сваімі выхаванцамі. Дык новых дасягненняў вам, крыўлянцы, у навуцы і спорце, новых вам перамог!
Алёна НІКАНЧУК.
Фота Ірыны ЖУК.

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*