Сельгастэхніка — лепшая
Падведзены вынікі спаборніцтва сярод арганізацый рэспубліканскага аб’яднання “Белаграсэрвіс” за 2014 год. ААТ “Жабінкаўская сельгастэхніка”, якой кіруе У.М.Дземідзюк, названа лепшай сярод раённых арганізацый, што займаюцца рамонтам і падрыхтоўкай сельскагаспадарчай тэхнікі да палявых работ.
Віншаванні прымалі камунальнікі
У дзіцячай школе мастацтваў у мінулую пятніцу прайшло ўрачыстае мерапрыемства з нагоды святкавання Дня работнікаў жыллёва-камунальнай гаспадаркі і бытавога абслугоўвання насельніцтва. Цёплыя словы віншаванняў гучалі ў адрас тых, хто стварае ўтульнасць і камфорт, прыбірае вуліцы і двары, упрыгожвае горад да святаў, забяспечвае бесперабойнае паступленне святла, газу і цяпла ў дамы жабінкаўцаў. Самым лепшым работнікам былі ўручаны Ганаровыя граматы і Пісьмы падзякі ад Міністэрства і Брэсцкага ўпраўлення жыллёва-камунальнай гаспадаркі, Жабінкаўскага райвыканкама.
Выхаванцы школы мастацтваў пад кіраўніцтвам сваіх педагогаў падарылі гасцям мілагучныя, харэаграфічныя, музычныя нумары.
Як абудзіць сумленне абавязаных?
На пасяджэнні савета па каардынацыі работы дзяржаўных органаў і арганізацый, грамадскіх аб’яднанняў раёна ў рэалізацыі Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №18 “Аб дадатковых мерах у дзяржаўнай абароне дзяцей у няўдалых сем’ях”, якое нядаўна прайшло пад старшынствам Ф.Ф.Каланчука, ішла гаворка, як працавалі ў мінулым годзе. Падкрэслівалася, што, як і раней, прыярытэтным накірункам дзейнасці заставалася своечасовае выяўленне дзяцей, што апынуліся ў сацыяльна небяспечным становішчы. У аддзел адукацыі, спорту і турызму райвыканкама паступілі летась 84 паведамленні, што ў сем’ях не ўсё ў парадку (на 29 менш, чым у 2013 годзе).
Розныя меркаванні выказваліся на пасяджэнні савета, калі разглядалася пытанне аб эфектыўнасці работы з абавязанымі асобамі, якія павінны кампенсаваць расходы дзяржавы на ўтрыманне іх дзяцей. Сярод прапаноў: каб абудзіць сумленне гора-бацькоў, неабходна заслухоўваць іх “прынародна”, у тым ліку і на такіх пасяджэннях.
Час Зямлі
28 сакавіка г.г. з 20.30 да 21.30 праводзіцца штогадовая міжнародная акцыя “Час Зямлі”, якая накіравана на прыцягненне ўвагі грамадскасці да пытанняў энергазберажэння і экалогіі і адпавядае праводзімай у рэспубліцы палітыцы павышэння энергаэфектыўнасці і замацавання ў грамадстве псіхалогіі эканоміі і беражлівасці. Брэстчына заўсёды актыўна ўдзельнічае ў гэтай акцыі, аб чым сведчаць скарачэнні спажывання электраэнергіі ў час яе правядзення.
“Бяспраўніку” не месца за рулём!”
Як паведаміў старшы дзяржаўтаінспектар АДАІ Жабінкаўскага РАУС Раман Крупко, з 20 па 30 сакавіка на тэрыторыі Брэсцкай вобласці праходзіць рэспубліканская прафілактычная акцыя пад умоўнай назвай “Бяспраўніку” не месца за рулём!”. Яе мэта — папярэджанне і спыненне фактаў кіравання транспартнымі сродкамі асобамі, якія не маюць вадзіцельскіх правоў ці пазбаўлены іх.
З пачатку бягучага года на дарогах Брэстчыны адбылося 97 дарожна-транспартных здарэнняў, у выніку якіх 20 чалавек загінулі, 99 былі траўміраваны. У сямі аварыях былі вінаватыя вадзіцелі-“бяспраўнікі”. У гэтых здарэннях адзін чалавек загінуў, сямёра атрымалі траўмы. У адным ДТЗ кіроўца, які не меў права знаходзіцца за рулём, быў нападпітку.
Перамогу камандзе прынеслі і жабінкаўцы
З 16 па 21 сакавіка ў Брэсце праводзілася першынство Рэспублікі Беларусь у валейболе сярод юнакоў 1999-2000 гадоў нараджэння. У складзе зборнай каманды Брэсцкай вобласці прымалі ўдзел і шасцёра спартсменаў вучэбна-спартыўнай установы “Спецыялізаваная дзіцяча-юнацкая школа алімпійскага рэзерву Жабінкаўскага раёна”: Аляксандр Чарнецкі, Аляксей Каменеў, Аляксей Брызгуноў, Данііл Карпук, Валерый Андрасюк і Антон Карпук. Як паведаміла ў рэдакцыю інструктар-метадыст школы Ірына Сарока, у выніку ўдалых выступленняў каманда нашай вобласці заняла першае месца. Юнакі ўзнагароджаны медалямі і дыпломамі адпаведных ступеняў. Рыхтаваў да спаборніцтваў іх трэнер-выкладчык Сяргей Леанідавіч Кісляк.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%
Оставить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.