Заўтра ў гасціннай хаце Алены і Васіля Валетавых з Жабінкі будзе шумна і весела, будуць гучаць сардэчныя віншаванні і пажаданні. Алена Пятроўна і Васіль Інакенцьевіч адзначаць двайное свята: брыльянтавае вяселле і дзесяць гадоў з дня вянчання.

Брыльянт – самы каштоўны з усіх камянёў, сімвал шчасця і трываласці. Гэтаксама і сямейнае жыццё, якое вымяраецца шасцю дзясяткамі гадоў, рэдкае і каштоўнае. Пражыць у шлюбе столькі гадоў – гэта сапраўднае дасягненне, а само брыльянтавае вяселле – цэлая падзея.
Напярэдадні такой цудоўнай даты сустрэліся з юбілярамі, каб даведацца, як яны пазнаёміліся, як зразумелі, што створаны адзін для аднаго, а таксама далі каштоўныя парады маладым.
Бабуліна мудрасць
Алена Пятроўна расказала, што родам яна з вёскі Антонаў Нараўлянскага раёна Гомельскай вобласці. Дзяўчынка рана асірацела: бацька Пётр Фёдаравіч загінуў падчас Вялікай Айчыннай вайны, матуля Тамара Мацвееўна памерла, калі дачушцы было сем гадоў. Леначку выхоўвала бабуля Соф’я Цітаўна.
Штораніцы ўзімку, баючыся, каб на ўнучку не напалі ваўкі, бабуля вяла яе праз лес сем кіламетраў у сярэднюю школу ў Галоўчыцы. Не раз мудрая жанчына, што пражыла 85 гадоў, не ведаючы ўрачоў, прыгаворвала:
– Я табе, унучачка, са свайго цяжкага жыцця нічога не жадаю. Адно толькі хачу перадаць: маё здароўе на доўгія гады!
Алена Пятроўна бязмежна ўдзячна бабулі за выхаванне, любоў і клопат, за мудрыя парады.
– Мы з суседкай пасварыліся, а ты рабі выгляд, што нічога не чула. Мы пасварыліся і памірыліся, ты ж не павінна ў дзіцячай душы насіць крыўду на таго чалавека, які сапсаваў настрой тваёй бабулі. Калі цябе хто-небудзь словам пакрыўдзіць, таксама даруй і пажадай у думках дабра гэтаму чалавеку і здароўя. І памятай: добрых людзей на свеце больш, чым дрэнных, – так вучыла Соф’я Цітаўна ўнучку, і Лена прыслухоўвалася да бабуліных слоў.
Дружная сям’я
Пасля школы дзяўчына працавала піянерважатай, настаўніцай рускай мовы і літаратуры. А затым Алене Пятроўне прапанавалі пасаду загадчыцы школьнага аддзела райкама камсамола. Па працы даводзілася часта ўзаемадзейнічаць з сакратаром камсамольскай арганізацыі Васілём Валетавым. Ён адслужыў у Севастопалі на флоце, а затым пераехаў з бацькамі з Новасібірска ў Нароўлю, бо яго матулі патрабавалася змена клімату.
Паміж Васілём і Аленай неўзабаве прабегла іскрынка кахання, і 5 лютага 1966 года маладыя пажаніліся. Урачыстая цырымонія праходзіла ў Нараўлянскім Доме культуры, віншаванні маладыя прымалі ад прадстаўнікоў райкама камсамола, райана, родных і сяброў.
Пасля вяселля Валетавы пераехалі ў дом Васілёвых бацькоў, дзе, акрамя іх, жылі сем’і сястры Васіля і двух яго братоў. Адзін з пакояў у гасціннай дружнай хаце занялі нашы маладажоны.
– Сям’я была вялікая, за сталом на сняданак, абед і вячэру збіралася адзінаццаць чалавек. І з кожным годам іх колькасць павялічвалася: на радасць бацькам нараджаліся дзеткі. Наша дачушка Тамара прыйшла на свет у лістападзе 1966-га, сын Андрэй – у кастрычніку 1972 года, – дзеліцца ўспамінамі Алена Валетава.
Па словах Алены Пятроўны, за шэсць гадоў пад адным дахам з бацькамі мужа і яго роднымі яны ніколі не сварыліся, жылі ў ладзе ды згодзе. Дый пра самога Васіля Інакенцьевіча яна з цеплынёй у голасе кажа:
– Мы пражылі з мужам доўгае сумеснае жыццё, якое не назавеш лёгкім. Асабліва цяжка нам даўся пераезд з Нароўлі ў Жабінку. Але мой дзядуленька (так ласкава называе наша гераіня сваю другую палавінку), як у песні пяецца “ніколі не піў, не курыў”, голас не павышаў, усе праблемы вырашаў.
Усяляк падтрымліваў Васіль Інакенцьевіч жонку і дзяцей, калі ў 1990-я гады давялося пакінуць родны ўласны дом, з душою пабудаваны і абуладкаваны на вуліцы Калініна ў Нароўлі. Прыйшла чарнобыльская бяда, і трэба было шукаць паратунку, бо дачка Тамарка і так расла слабай і хваравітай.
Радасць і гонар
Валетавы, як і многія іншыя перасяленцы, выбралі маленькую ўтульную Жабінку. Васіль Інакенцьевіч, які к таму часу меў статус ліквідатара аварыі на Чарнобыльскай АЭС, уладкаваўся ў раённы вузел электрасувязі, Алена Пятроўна ўжо была на заслужаным адпачынку. Яна знайшла прымяненне сваіх талентаў і энергіі ў народным хоры ветэранаў “Тонус”, у аб’яднаннях па інтарэсах у Жабінкаўскім тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Валетавых часта можна сустрэць на мерапрыемствах, якія ладзяцца ў ТЦСАН, у “Акадэміі “Клопат” ад “Белаграпрамбанка”, у гарадскім Доме культуры. Яны актыўныя, неабыякавыя, цікавыя суразмоўнікі, прыклад для іншых як любячыя, клапатлівыя муж і жонка.
– Мы выгадавалі дваіх дзяцей – яны маюць вышэйшую адукацыю, чырвоныя дыпломы. У нас з дзядулечкам чацвёра ўнукаў: Ангеліна, Лена, Лёша і Віця – і двое праўнукаў: Мацвей і Багдан. Старэйшы праўнук – чатырнаццацігадовы Мацвей, названы ў гонар прапрадзеда, – вучыцца на другім курсе сувораўскага вучылішча ў Мінску. Малодшы Багданчык сёлета пойдзе ў першы клас. Яны – наша радасць, наша шчасце, наш гонар, – расказвае Алена Пятроўна.
Незабыўная цырымонія
Дзесяць гадоў таму 5 лютага Валетавы рыхтаваліся адзначаць 50-годдзе сумеснага жыцця. У рэстаране “Вясёлка”, з вялікай колькасцю гасцей.
– Леначка, а давай у дзень нашага залатога вяселля павянчаемся, каб нашы душы і на нябёсах былі разам, – прапанаваў Васіль Інакенцьевіч.
Алена Пятроўна з радасцю пагадзілася, і залатых маладых павянчалі ў Свята-Васкрасенскім саборы ў Брэсце. Як расказала мая суразмоўніца, унукам Алене і Аляксею не давялося нават трымаць вянцы над галовамі дзядулі і бабулі: святар адразу надзеў вянцы на галовы сямейнай пары Валетавых, патлумачыўшы, што яны даказалі трывалась шлюбу пяццю дзясяткамі сумеснага жыцця.
– У мяне да гэтай пары мурашкі па скуры ад успамінаў пра ўрачыстую цырымонію вянчання – неперадавальныя адчуванні! Мы былі такія шчаслівыя з Васілёчкам, нібыта толькі пажаніліся! – кажа Алена Пятроўна.
А вечарам было святкаванне залатога вяселля ў рэстаране. Цяпер 5 лютага Валетавы адзначаюць дзве даты, і дзесяцігоддзе ад дня вянчання лічаць больш важнай і светлай падзеяй.
У чым сакрэт такіх пяшчотных адносін і доўгага сямейнага жыцця? Заўтрашнія брыльянтавыя маладажоны шчыра дзеляцца парадамі:
– Будзьце больш цярплівымі адзін да аднаго, не сварыцеся з-за дробязяў, дзе трэба, прамаўчыце. І абавязкова шукайце пазітыў у любоў сітуацыі, згладжвайце вострыя вуглы жартамі. Думайце перад тым, як нешта сказаць мужу ці жонцы, каб не пакрыўдзіць словам. Слова не верабей: вылеціць – не зловіш.
Возьмем на ўзбраенне слушныя парады і маладых брыльянтавых павіншаваць мы рады ды пажадаць, каб не падводзіла здароўе і каб былі атулены ўвагай і любоўю.
Наталля КАВЯРГОВІЧ
Фота з архіва сям’і ВАЛЕТАВЫХ
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%
