Сінонім здароўя і дзяцінства

Сінонім здароўя і дзяцінства

Ці могуць інавацыі стаць сінонімам дзяцінства і здароўя? Могуць, калі гутарка ідзе аб ДУА “Яслі-сад №1 г.Жабінка”. Менавіта ў гэтай дашкольнай установе ажыццяўляецца рэспубліканскі інавацыйны праект “Укараненне мадэлі фарміравання ў дзяцей старэйшага дашкольнага ўзросту ўсвядомленых адносін да свайго здароўя”, які разлічаны на тры гады. Удзельнічаюць у ім выхаванцы старэйшай групы, а рэалізуюць яго загадчык сада І.А.Кунц і яе намеснік па асноўнай дзейнасці В.Г.Быкава, а таксама выхавальніцы А.І.Касянюк, В.С.Паўлавец, педагог-псіхолаг Ю.М.Васілевіч, кіраўнік фізвыхавання Т.В.Зарбаілава. Своечасовыя парады па рэалізацыі праекта дзіцячы сад атрымлівае ад кансультанта, доктара педагагічных навук ДУА “Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка” Л.Д.Глазырынай.
_DSC0342— У сучасных умовах праблема здароўя дзяцей, фарміраванне навыкаў і звычак здаровага ладу жыцця як ніколі з’яўляюцца актуальнымі, — кажа загадчыца сада Ірына Антонаўна Кунц. — Пры паглыбленым вывучэнні стану здароўя дзетак у розных рэгіёнах Беларусі здаровымі прызнаюцца не больш 10% дзяцей ранняга ўзросту. Не сакрэт, што менавіта ў дзяцінстве закладваюцца асновы здароўя на ўсё жыццё. Усе правілы здаровага ладу жыцця павінны ўваходзіць у свядомасць дзіцяці як звыклыя, прыемныя і абавязковыя. Для гэтага ў нашым дзіцячым садзіку створаны ўсе ўмовы. Так, для правядзення ўрокаў фізкультуры ў спартыўнай зале ёсць разнастайны гімнастычны інвентар. Малым прыйшоўся даспадобы канструктар-трансформер, які нядаўна з’явіўся тут. На “ўра” праходзяць і заняткі ў басейне.
Выхавальніцы садзіка ўмеюць заняткі ператвараць у яркія, запамінальныя святы здароўя, у якія прыахвочваюць удзельнічаць не толькі выхаванцаў, але і бацькоў — спартландыі “Тата, мама, я — спартыўная сям’я”, “Мы — за здаровы лад жыцця нашай сям’і”, рукапісны часопіс “Здаровае дзіця?!” і агульная выстава творчасці дзяцей і бацькоў “Дзе хаваецца здароўе?”.
Каб хлопчыкі і дзяўчынкі лепш разумелі, што такое здароўе і як трэба аб ім клапаціцца, у рамках праекта з’явіліся разнастайныя па форме і структуры заняткі: гульнёвыя (“Чалавек і яго здароўе”, “Што мы ядзім”), тэатралізаваныя (“Што такое гігіена”, “У свеце небяспечных прадметаў”), віктарыны (“Свет электрычнасці”). Усе пазнаваўчыя заняткі былі аб’яднаны ў два цыклы “Маё цудоўнае цела” і “Дапамажы сабе сам”. Дзецям вельмі падабаюцца заняткі-эксперыменты. Трэба адзначыць, што адно з іх — па тэме “Тваё сэрца” выхавальніцы А.І.Касянюк — атрымала першае месца ўнутры дашкольнай установы на лепшы ўрок у фарміраванні валеалагічнай культуры дашкалят.
…Інавацыйны праект яшчэ рэалізуецца. Аднак ужо зараз ёсць станоўчыя вынікі яго. Так, праведзеныя даследаванні выпускной групы паказалі, што хлопчыкі і дзяўчынкі ведаюць аб карысці водных працэдур і загартоўвання, могуць расказаць аб будове свайго тулава, праяўляюць чуласць да састарэлых і хворых людзей; валодаюць элементарнымі прыёмамі аказання першай дапамогі пры мікратраўмах, ушыбах; прытрымліваюцца правілаў бяспечных паводзін у быце і на вуліцы і г.д. Самае галоўнае, што веды, атрыманыя ў дзіцячым садзіку, ім спатрэбяцца і ў дарослым, самастойным жыцці.

Святлана БЯЛЯК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top