Парадак трэба падтрымліваць

Парадак трэба падтрымліваць

IMG_112120 сакавіка пад старшынствам Ф.Ф.Каланчука прайшло пасяджэнне райвыканкама. Удзел у яго рабоце прынялі начальнік упраўлення Міністэрства транспарту і камунікацый Рэспублікі Беларусь А.М.Чарнобылец і старшыня Брэсцкага абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Т.А.Ялкоўская.
Актыўна абмяркоўвалася пытанне аб навядзенні парадку на зямлі і добраўпарадкаванні населеных пунктаў у 2014 годзе і задачах на 2015-ы. Дакладваў начальнік аддзела архітэктуры і будаўніцтва райвыканкама А.А.Казак. Патрэбна адразу падкрэсліць, што акцэнт гаворкі быў скіраваны больш на тое, што патрэбна выканаць, якія праблемы вырашыць. Хоць нельга прыніжаць тую значную работу, праведзеную летась у добраўпарадкаванні, азеляненні і паляпшэнні санітарнага стану населеных пунктаў Жабінкаўшчыны.
Галоўны дзяржаўны санітарны ўрач раёна Н.П.Шосцік паведаміла аб выніках выбарачнага маніторынга, праведзенага ў вёсках напярэдадні пасяджэння выканкама, 19 сакавіка, і падмацавала фотаздымкамі факты. У прыватнасці, яна звярнула ўвагу: на нездавальняючы стан кантэйнерных пляцовак (в.Крыўляны, Арэпічы, Сцяпанкі); адсутнасць кантэйнераў для раздзельнага збору адходаў; утварэнне стыхійных смеццязвалак (ля в.Вярхі, Сцяпанкі, Глыбокае); антысанітарыю і запушчанасць побач дамоў сельгаспрадпрыемстваў (в.Якаўчыцы, Вежкі, Арэпічы); на адсутнасць парадку на тэрыторыях магазінаў, якія не функцыянуюць (в.Залуззе, Глыбокае); “просіць” рамонту будынак дома народнай творчасці в.Залуззе, а таксама добраўпарадкавання тэрыторыя ля яго. Санітарнай службай раёна толькі за люты-сакавік было выдадзена 26 рэкамендацый і прадпісанняў у адрас суб’ектаў гаспадарання.
Начальнік раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага  асяроддзя С.С.Шык назваў нізкай культуру людзей, якія звальваюць смецце ў лесе, ля прыдарожных палос. Безумоўна, цяжка ў большасці знайсці, хто гэта зрабіў і пакараць. Таму, як падкрэсліў старшыня райвыканкама Ф.Ф.Каланчук, пачынаючы ад старастаў неабходна працаваць з насельніцтвам, тлумачыць, пераконваць,. Наводзіць парадак трэба ля пустуючых дамоў, на землях, выдзеленых для выпасу жывёлы вяскоўцаў, якія даўно не выкарыстоўваюцца, на меліярацыйных каналах, якія пазарасталі — вось толькі некаторыя “слабыя месцы”, названыя кіраўніком раёна.
Прыемна было пачуць, калі старшыня абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Т.А.Ялкоўская ўжыла ў сваім выступленні эпітэты “чыстая, прыгожая, светлая”. Гэта пра нашу Жабінку. На жаль, на ўскрайках некаторых вёсак раёна яна ўбачыла іншы малюнак: раскіданая папера, бутэлькі, усялякае смецце.
Старшыня раённага Савета дэпутатаў С.В.Мартысюк заўважыў, што неабходна актыўна наводзіць парадак сельвыканкамам на падведамасных тэрыторыях і месцах агульнага карыстання, прыцягваць да гэтай справы вяскоўцаў.Важна не толькі прыбірацца, але і падтрымліваць чысціню на сваіх рабочых месцах, на тэрыторыях прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў, дзе працуем, у горадзе, вёсках, ля сваіх жылых дамоў. Гэта ў ходзе размовы падкрэслівалі ўсе выступоўцы.
Адзін з пунктаў рашэння выканкама — правесці з 20 сакавіка па 30 красавіка месячнік добраўпарадкавання, азелянення і паляпшэння санітарнага стану населеных пунктаў раёна.
На пасяджэнні была заслухана справаздача старшыні СВК “Арэпічы” П.А.Шыдловіча аб арганізацыі работы з кадрамі, а таксама інфармацыя аб ходзе выканання ў раёне мерапрыемстваў праграмы дэмаграфічнай бяспекі.
Святлана ВІШНЕЎСКАЯ.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top