Ранні старт — ураджаю зарука

Ранні старт — ураджаю зарука

_DSC3501На календары — сакавік, а веснавыя палявыя работы ў галоўнага агранома СВК “Маціевічы” А.А.Харламповіча пачаліся яшчэ напрыканцы лютага. У яго штодзённіку зроблены запісы: 24 лютага ў гаспадарцы пачалі раскідваць арганіку на палях, 25 — першымі ў раёне вывелі тэхніку з плугамі. Праз два тыдні заняліся падкормкай шматгадовых траў і азімых культур. 15 сакавіка Адам Ануфрыевіч зрабіў чарговы запіс — пачалі сеяць зернебабовыя.
Яравы клін у гаспадарцы немалы: 300 гектараў адведзена пад пшаніцу, 310 — пад ячмень, 160 — пад зернебабовыя, што на 40 больш, чым летась, цукровыя буракі зоймуць 250 гектараў, проса — 70. 1095 гектараў азімых зерневых няблага перазімавалі. Тут ведаюць, што трэба прыкласці ўсе намаганні, каб яны далі добры ўраджай.
Клопатаў у Адама Ануфрыевіча ў гэтыя дні, як гаворыцца, з ліхвой: стараецца ўсюды паспець і ўсё арганізаваць. Ягоная “Ніва” — усюдыход — шпарка нясецца па малаезджаных дарогах да сеяльшчыкаў і аратых. Усяго за 10 дзён на спідометры службовай машыны “наматана” сотні кіламетраў. Яно і не дзіва — палявыя работы вядуцца ў розных куточках гаспадаркі. Аграном, як дбайны гаспадар, намагаецца за ўсім прасачыць.
— Марудзіць нельга, вясна сёлета надта ранняя, — разважае Адам Ануфрыевіч. — Пасеяць трэба як мага хутчэй, бо нашы лёгкія супясчаныя глебы зусім вільгаць не “трымаюць”. Прамарудзім дзень — недаатрымаем ураджай. Гэта разумеюць і рупліўцы-механізатары. Зімою адпачылі і цяпер з новымі сіламі ўзяліся за працу. Задзейнічаны ўжо дзве сеялкі, а таксама арганізавалі дзвюхзменную работу энерганасычанага трактара на ворыве. У гаспадарцы кемлівыя хлопцы,  якім двойчы адно і тое ж паўтараць не трэба. Гэта сеяльшчыкі — Леанід Аляксандравіч Хадановіч з Генадзем Мікалаевічам Царуком і аратыя Сяргей Барысавіч Навумук і Аляксей Міхайлавіч Пятроў. Яны прафесіяналы сваёй справы. Ім і даверылі самыя адказныя работы.
З задавальненнем аграном расказваў пра іх. Напрыклад, Леанід Хадановіч 6 гадоў таму атрымаў “Джон Дзір”. На сучаснай магутнай тэхніцы прыемна працаваць, і засеяць да 40 гектараў зерневых у дзень для Леаніда Аляксандравіча — не праблема. Дарэчы, на ягоным “рахунку” пасеяных ужо 120 гектараў ячменю, 10 — аўса, 46 — падсеяных аднагадовых траў. Калі зерне даспявае, Леанід Хадановіч перасаджваецца на зернеўборачны камбайн, убірае тое, што пасее вясной.
Разам з ім шчыруе вадзіцель Аляксандр Сцяпанавіч Давідчук. У гэтыя дні ён падвозіць сеяльшчыку насенне. Працуюць яны дацямна.
З панядзелка плануецца рабочых, занятых на палявых работах, забяспечыць гарачым харчаваннем.
— Кожная вясна для мяне, як экзамен — ці ўсё ўдасца зрабіць, каб максімальны атрымаць ураджай, — працягвае аграном. У кніжках і рэкамендацыях вучоных адно напісана, а на справе не заўжды так атрымліваецца — то паліва не хапае, то з угнаеннямі праблема, то сродкі аховы раслін надта позна прывязуць. А зямля-карміцелька клопат і своечасовасць любіць. Хочацца, каб сёлетні ўраджай не горшы за леташні быў, калі цукровых буракоў накапалі 496 цэнтнераў з кожнага гектара і ўраджайнасць зерневых склала 35,7 ц/га.
Для гэтага ўнеслі арганічных угнаенняў 5300 тон пад азімыя, пад авёс — 6000 тон. Яравая пшаніца і кукуруза таксама арганіку любяць — пад гэтыя культуры ўнеслі яе з разліку 60 тон на адзін гектар. Дарэчы, пры плане 46000 тон арганікі штогод у гаспадарцы назапашваюць як мінімум на 25% больш.
З мінеральнымі ўгнаеннямі і сродкамі аховы раслін складаней. Першую  падкормку пасеваў тукамі зрабілі, а вось другая, як кажуць, пад знакам пытальніка, бо не хапае грошай на яе набыццё.
Ураджай залежыць і ад насення, якое будзе закладзена ў раллю. У СВК “Маціевічы” насенне зерневых культур рыхтуюць самастойна — апрацоўваюць прэпаратам “ИНЖУРБперформ”, які знішчае многія хваробы.
— Чулі станоўчыя водгукі пра авёс сорту “золак”, — кажа аграном. — Сёлета вырашылі на сваіх палях вырасціць яго. Дзве тоны насення першай рэпрадукцыі набылі ў суседзяў — ААТ “Ракітніца”. А вось новыя сарты кукурузы “палескі”, “крэмень”, “лювена” завязём з Івацэвіцкага кукурузакалібровачнага завода. 27 тон насення ў бліжэйшы час паабяцалі даставіць у гаспадарку.
На думку Адама Ануфрыевіча, палявыя работы вядуцца ў спакойным рытме. “Калі сеяць да 60 гектараў у дзень, то за два тыдні справімся. Абы толькі запас паліва быў і тэхніка не псавалася. А людзі вытрымаюць. Ім не прывыкаць да нялёгкай сялянскай працы”, — на развітанне гаворыць аграном.
Святлана КІСЛАЯ.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top