Ствараем настрой усім і кожнаму

Ствараем настрой усім і кожнаму

IMG_2503
Наўрад ці знойдзеш сёння іншую галіну, чым жыллёва-камунальная гаспадарка, ад работы якой настолькі б залежала стварэнне камфортных умоў пражывання людзей і забеспячэнне жыццядзейнасці прадпрыемстваў і ўстаноў, у тым ліку аб’ектаў сацыяльнай сферы. На самай справе дабрабыт кожнага дома, сям’і ў многім вызначае ўстойлівая і зладжаная дзейнасць названай службы, прафесіяналізм і адказнасць людзей, якія ў ёй працуюць.
САПРАЎДЫ работнікі жыллёва-камунальнай гаспадаркі выконваюць вялікі аб’ём работ, аказваюць мноства жыццёва важных паслуг
насельніцтву, у любы час дня і ночы сочаць за бездакорнай працай вода-
IMG_2527каналізацыйных сістэм, ухіляюць непаладкі ў самыя кароткія тэрміны. Словам, стараюцца, каб у нашых дамах, кватэрах заўсёды была вада, газ, цяпло, святло, каб радавалі вока паркі і скверы, вуліцы і дарогі, двары і пад’езды.
ДА ЛІКУ важнейшых спажывецкіх даброт адносяцца такія паслугі, як вода- і цеплазабеспячэнне, каналізацыя, азеляненне, асвятленне, санітарная ачыстка і інш. Мы не можам скараціць колькасць і якасць работ і паслуг, таму што гэта прывядзе да разбурэння асяродку пражывання большасці насельніцтва. А каб забяспечыць мінімальна дастатковы ўзровень паслуг галіны, неабходна выкарыстаць вялікі аб’ём матэрыяльных, паліўна-энергетычных і іншых рэсурсаў.
Работнікі жыллёва-камунальнай гаспадаркі Жабінкаўшчыны сустракаюць прафесійнае свята з неблагімі паказчыкамі. Вынікі дзейнасці прадпрыемства ў 2014 годзе паказваюць, што яно працягвае развівацца. Летась, напрыклад, выручка ад рэалізацыі тавараў, работ, паслуг склала 55,5 мільярда рублёў, што ў параўнанні з 2013-ым на 8,4 мільярда рублёў больш. Забяспечана выкананне асноўнага мэтавага паказчыка ў энергазберажэнні (-7,9% пры заданні -7%), тэмп росту прадукцыйнасці працы 115% пры заданні 106,9%; уведзена плошчаў пасля капітальнага рамонту 0,9 тыс. кв. м пры плане 0,8 тыс. кв. м; сэканомлена паліўна-энергетычных рэсурсаў 562,2 тоны ўмоўнага паліва пры гадавым плане 560; зніжаны затраты на аказанне жыллёва-камунальных паслуг насельніцтву.
АСНОЎНАЯ галіна прадпрыемства — кацельная гаспадарка і, дарэчы, самая затратная, таму неабходна яе мадэрнізацыя. Трэба замяніць цеплавыя сеткі, перайсці ў жыллёвым фондзе на энер-гаэфектыўныя тэхналогіі і г. д. Летась замянілі 1800 пагонных метраў цеплавых сетак. Сёлета распрацоўваецца праектна-каштарысная да-кументацыя на мадэрнізацыю іх як у Жабінцы, так і ў раёне, прыкладна на 1500 м п. Падрыхтавана яна на рэканструкцыю кацельняў №9 і №10 у аграгарадках Азяты і Ракітніца з устаноўкай катлоў на мясцовыя віды паліва. Акрамя таго, плануецца замяніць катлы ў кацельнях у Старым Сяле, Хмелеве, Арэпічах, Вежках, Маціевічах.
НАША прадпрыемства пад-трымлівае на належным узроўні нарматывы сацыяльных стандартаў у абслугоўванні насельніцтва. У 2014 годзе завершаны рамонтна-будаўнічыя работы на добраўпарадкаванні дваровых тэрыторый да жылых дамоў №№ 8, 10, 12, 14, 16 з вуліцы Зарэчная і №№ 4 і 6 Моладзевая ў Жабінцы. У выніку абсталявана стаянка на 25 аўтамабіляў, дзіцячая гульнёвая пляцоўка з устаноўкай арэляў і іншага абсталявання для гульняў, выканана асфальтаванне пад’ездаў да жылых дамоў і гаспадарчых пляцовак, тратуары, праезды, газоны, зроблена ліўнёвая каналізацыя і вулічнае асвятленне. Распрацавана і зацверджана дакументацыя на рамонт дваровай тэрыторыі ля дома № 8 па Моладзевай. На разглядзе ў Дзяржбудэкспертызе праектна-каштарысная дакументацыя на капітальны рамонт дваровых тэрыторый ля жылых дамоў №№ 8 і 17 з Цэнтральнай, № 7 з Ф.Скарыны. Выкананне будаўніча-мантажных работ на гэтых аб’ектах дазволіць завяршыць добраўпарадкаванне мікрараёна ў Жабінцы.
РАБОТНІКІ жыллёва-камунальнай гаспадаркі займаюцца бягучым і капітальным рамонтам жыллёвага фонду. Але на працягу шэрагу апошніх гадоў фінансаванне на гэта скарачаецца. А вось плошчы яго, дзе неабходна гэтым займацца, павялічваюцца.
Летась работнікамі ўчастка “Жылфонд” адрамантавана 1016 кв. м дахаў і 338 м п. панэльных швоў; праведзена цеплавая рэабілітацыя 1726 кв. м сцен. На ўсё гэта з бюджэтнага фонду зрасходавана звыш 496 мільёнаў рублёў. Правялі таксама абнаўленне 12-ці пад’ездаў з долевым удзелам жыльцоў, узнавілі адмосткі двух жылых дамоў у аграгарадку Ленінскі. Сёлета рамонтныя работы дахаў панэльных швоў, цеплавая рэабілітацыя сцен і адмосткаў прадоўжыцца і ў большых аб’ёмах. На гэта плануецца зрасходаваць каля 800 мільёнаў рублёў. Пад’ездаў у жылых дамах будзе адрамантавана ў 3,5 раза больш, чым летась.
НАША сённяшняя задача — прапаганда паасобнага збору цвёрдых камунальных адходаў. Трэба знайсці агульную мову з людзьмі, што і будзе галоўным дасягненнем нашага калектыву. Летась набылі і ўстанавілі два прэсы, для нарыхтоўкі другасных матэрыяльных рэсурсаў, а таксама 83 кантэйнеры. Ахоплена паасобным зборам цяпер у горадзе 75% насельніцтва, у вёсцы — 70%. Каб павялічыць гэты паказчык, плануем набыць яшчэ 20 кантэйнераў. Мінулагодні даведзены план не выканалі па зборы адходаў паперы і кардону, а таксама шкла. Палімерных, будаўнічых і тэкстыльных адходаў і зношаных шынаў сабралі столькі, колькі патрабавалася.
ЁСЦЬ шмат праблем, якія трэба абавязкова вырашаць. Адна з іх — высокі ўзровень зношанасці сетак водазабеспячэння і водаадвядзення. Зразумела, што пабудаваць новыя ці мадэрнізаваць старыя аб’екты — гэта нятаннае “задавальненне”. З мэтай рэалізацыі раённай праграмы “Чыстая вада” напрыканцы мінулага года ўведзены ў экслуатацыю сеткі гаспадарча-бытавой каналізацыі і водазабеспячэння квартала “Коласаўскі”. Сёлета плануем завяршыць будаўніцтва сетак гаспадарча-бытавой каналізацыі квартала “Камсамольскі”.
Стабільнасць якасці пітной вады забяспечваецца ў адпаведнасці з нормамі і рабочай праграмай, зацверджанай Дзяржнаглядам і акрэдытаванай лабараторыяй нашага прадпрыемства. Адпаведнасць яе стандартам правяраецца штодзённа не толькі ў горадзе, але і ў раёне. Летась замянілі фільтруючыя загрузкі на паскораных фільтрах станцыі абезжалезвання з мэтай забеспячэння спажыўцоў якаснай пітной вадой.
Але, як бы нашы спецыялісты і рабочыя ні стараліся, ёсць нараканні на працу камунальнікаў, таму мы будзем паляпшаць якасць аказваемых насельніцтву паслуг, умацоўваць вытворчую дысцыпліну і адказнасць за выконваемую работу.
ВЯДОМА, за тымі лічбамі, якія прывёў у сваім выступленні, руплівая праца нашых спецыялістаў, майстроў, рабочых — прафесіяналаў сваёй справы. У жыллёва-камунальнай гаспадарцы раёна працуе 350 чалавек, многія з іх гадамі: сумленна, карпатліва, здараецца, і ў “няўрочны” час. Толькі добрае магу сказаць пра інжынера-хіміка Т.А.Іваноўскую, вадзіцеляў А.В.Давідчыка, С.П.Дзенісовіча і В.Г.Міхалойця, майстра Э.П.Вайноўскага, аператара кацельні В.Ф.Мартынюк, слесара А.В.Басняка.
Напярэдадні прафесійнага свята хачу пажадаць работнікам калектыву моцнага здароўя, утульнасці, згоды як на працы, так і ў сям’і, поспехаў у нашай агульнай справе.
Аляксандр БУДЗЬКО, дырэктар КУШВП ЖКГ “Жабінкаўская ЖКГ”.
На здымках: вадзіцель А.В. Давідчык і слесар водаканала А.В. Басняк.
Фота Ірыны ЖУК.

 

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top