Untitled-13

Журналісцкая канферэнцыя

18 сакавіка ў Брэсце прайшла справаздачна-выбарная канферэнцыя абласной арганізацыі ГА “Беларускі саюз журналістаў”. Удзел у ёй прынялі госці з Мінска — першы намеснік старшыні і сакратар грамадскага аб’яднання В.Ф.Гігін і С.Д.Сверкуноў. Яны адзначылі, што Брэсцкая і Гродзенская арганізацыі лічацца ў краіне “флагманамі па актыўнасці” творчай суполкі, якая аб’ядноўвае на сённяшні дзень 2 тысячы чалавек, у берасцейскай амаль 200 сяброў саюза і 22 “пярвічкі”. Безумоўна, у многім гэта заслуга старшыні абласной арганізацыі Г.С.Тамашэвіча, які нямала гадоў яе ўзначальвае, сам выдатны творца, чалавек з “жывінкай у вачах”, як цяпер гавораць, крэатыўны. Немалаважна таксама, што ў гэтых рэгіёнах знаходзяць журналісты падтрымку і з боку ўлады.
На канферэнцыі калегі падзяліліся думкамі, праблемамі, абмяняліся вопытам у асвятленні актуальных тэм. Сёлета сярод асноўных — 70-ы юбілей Вялікай Перамогі і Год моладзі. Старшынёй абласной журналісцкай арганізацыі выбраны галоўны рэдактар газеты “Заря” А.А.Лагвіновіч.

Галоўны дакумент

Дзень Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь Настасся Капусціна, Валянцін Панасюк, Алена Раманюк, Яна Макасюк, старшакласнікі першай і трэцяй гарадскіх школ, запомняць надоўга. У гэты дзень яны не толькі пабывалі ў моладзевым патрыятычным цэнтры мемарыяльны комплекс “Брэсцкая крэпасць-герой”, але й ва ўрачыстай абстаноўцы атрымалі жыццёва важны дакумент — пашпарт.
У межах акцыі “Мы — грамадзяне Беларусі” ім і яшчэ чатыром дзясяткам юных здольных берасцейцаў старшыня Брэсцкага абласнога Савета дэпутатаў С.Д.Ашмянцаў уручыў пашпарты і кнігу “Я — грамадзянін Рэспублікі Беларусь”. Найбольш актыўным вучням першы сакратар АК ГА “БРСМ” В.С.Іваноў уручыў членскія білеты ГА “БРСМ”.

У лідарах — “Рагазнянскі”

19,6 кілаграма малака ад кожнай каровы атрымліваюць у гэтыя сакавіцкія дні жывёлаводы СВК “Рагазнянскі”. Гэта лепшы паказчык у раёне. Усяго на адзін кілаграм саступаюць перадавікам аператары машыннага даення СВК “Вазнясенскі”. “Замыкаюць” тройку лідараў з паказчыкам у 17 кілаграмаў хмелеўцы.
З дзвюх гаспадарак — СВК “Хмелева” і “Рагазнянскі” — гатункам “экстра” рэалізуецца 88,5 і 79,9% малака адпаведна.

Вясновы кантроль

На працягу некалькіх дзён начальнік Брэсцкага аддзялення Беларускай чыгункі Аляксандр Міхайлавіч Шматаў праводзіў вясновы агляд усёй інфраструктуры Жабінкаўскай дыстанцыі пуці. Ён даў заключэнне, што тут земляныя палотны, верхнія збудаванні, сістэмы сігналізацыі і блакіроўкі, штучныя і іншыя будынкі ўтрымліваюцца ў стане, які гарантуе бяспечны і бесперапынны рух цягнікоў з вызначанымі хуткасцямі.

Якасная падрыхтоўка — зарука поспеху

Як паведаміла спецыяліст па маркетынгу ААТ “Жабінкаўскі камбікормавы завод” Аксана Галавейка, аддзел, у якім яна працуе, рыхтуецца да Міжнароднай выставы-кірмашу “Брэст. Садружнасць-2015”, што адбудзецца 23-26 красавіка ў Лядовым палацы ў Брэсце. Будзе аформлены стэнд камбікормавага завода з узорамі прадукцыі, з дапамогай якога спажыўцы змогуць азнаёміцца з сухімі кармамі для катоў і сабак і камбікармамі для ўсіх відаў хатняй жывёлы.
Напрыканцы сакавіка плануецца адкрыццё спецыялізаванага магазіна “Камбікармы” ў аграгарадку Моталь Іванаўскага раёна. Гэта ўжо 55-ая гандлёвая кропка ААТ “Жабінкаўскі камбікормавы завод”.

Арсенал

З 23 сакавіка на тэрыторыі нашага раёна будуць праводзіцца спецыяльныя комплексныя мерапрыемствы “Арсенал”. Прадоўжацца яны да 27 сакавіка.
Аддзел унутраных спраў райвыканкама звяртаецца да грамадзян, якія жывуць на тэрыторыі раёна, з просьбай здаваць у РАУС у любы час сутак зброю, выбуховыя рэчывы, боепрыпасы. Усё гэта будзе прымацца дзяжурным аператыўна-дзяжурнай службай аддзела ўнутраных спраў райвыканкама, а таксама ў Кобрыне ў будынку міжраённага аддзела КДБ па адрасе г.Кобрын, вул.Дзяржынскага, 44, тэл. (801642)2-28-86.
Незаконнае нашэнне, захоўванне, набыццё, выраб, перадача, збыт зброі ці выбуховых рэчываў падвяргаецца крымінальнаму пакаранню. Тыя, хто добраахвотна здасць зброю і боепрыпасы, вызваляюцца ад крымінальнай адказнасці.
Парушэнне гэтага патрабавання прадугледжвае пазбаўленне волі на розныя тэрміны, абмежаванне яе ці штрафныя санкцыі з канфіскацыяй зброі і боепрыпасаў.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top