Пераўзысці сябе

Пераўзысці сябе

Шмидт 2Упершыню Сяргей Шмідт убачыў пажар маленькім хлапчуком. У вёсцы гарэў сухі драўляны хлеў, і агонь бушаваў на ўсю моц. Зусім не падобны ён быў на тыя вогнішчы, што ўвосень паліліся вяскоўцамі ў полі ці на ўзлессі. Гэта была моцная, шквалістая стыхія, што не зачароўвала, а палохала. І з тым большым захапленнем хлопчык назіраў за людзьмі, якія тушылі пажар: увішна і зацята, але без лішняй мітусні. Яны ўтаймоўвалі і агонь, і дзіцячы міжвольны страх.
Ці паўплываў той малюнак з маленства на выбар прафесіі выпускніка Маціевіцкай базавай школы і гарадскога ліцэя Сяргея Шмідта? “Можа, крыху, — кажа ён, ужо трэці год як курсант Камандна-інжынернага інстытута МНС Беларусі. — Я, мабыць, уцяміў, што чалавек можа і павінен перамагаць і агонь, і іншую стыхію, дый любую бяду. Ва ўсялякім разе, я падаў дакументы ў інстытут сам, без нічыёй падказкі”.
У школьныя і ліцэісцкія гады Сяргей развіваўся рознабакова. Любіў фізіку і астраномію, а разм з тым гісторыю і грамадазнаўства, удзельнічаў у раённых вучнёўскіх алімпіядах. Выкладваўся на ўроках фізкультуры, захапляўся спортам, найперш футболам і валейболам. Таму паспяхова здаў тэсты і паказаў добрую фізічную падрыхтоўку пры паступленні ў навучальную ўстанову Міністэрства надзвычайных сітуацый Беларусі.
Ён згадвае сябе першакурснікам. На прыняцце прысягі бацькі прыехалі прыкметна ўстрывожаныя. А потым, калі ўбачылі яго ў вайсковай форме, зграбнага і дужага, супакоіліся. Маці, праўда, пусціла слязу, ды гэта была сляза палёгкі і радасці.
Сын, вядома ж, па-мужчынску ўтаіў ад іх, што курс маладога байца даўся не так проста: у школе ўсё ж ты больш вольны, над табою няма камандзіраў у пагонах, а тут усё паводле строгага раскладу. Заняткі, фізічныя нагрузкі, каравулы і дзяжурствы напачатку стамлялі, а то і вымотвалі. Патрэбен быў не адзін дзень, трэба было не раз пераступіць цераз сябе, праявіць вытрымку і настойлівасць, каб паступова ўвайсці ў належны рытм ды спаўна ўсвядоміць залатую прымаўку: цяжка ў вучэнні — лёгка ў баі. Без гэтага ніякі хлопец не стане сапраўдным мужчынам.
Затое нідзе, як тут, так не цэніцца вольны час! Перш за ўсё ён аддаецца на лісты і тэлефонныя званкі да родных, сяброў, каханых. Ёсць магчымасць займацца спортам, чытаць бібліятэчныя кнігі, глядзець тэлевізар. Толькі на першым годзе вучобы курсанты жывуць у казармах, усе астатнія пяць гадоў — у інтэрнаце ў Мінску. У пакоях чыста і ўтульна, памяшканні своечасова рамантуюцца.
Асаблівая ўвага ў інстытуце — здароўе хлопцаў і дзяўчат (апошніх у Сяргея на курсе дванаццаць, і вынікае, што прафесія пажарнага-выратавальніка не толькі мужчынская). Выдатнае, збалансаванае і карыснае харчаванне ў сталоўцы, дзе мяса, рыба, яйкі, гародніна падаюцца на фарфоры ці бліскучай нержавейцы. У медпункце — працэдурны, фізіятэрапеўтычны, стаматалагічны кабінеты. І ніякіх абмежаванняў — можна звярнуцца да ўрачоў пры першай неабходнасці.
І ўсё ж, як кажа курсант Шмідт, тут не курорт, на першым плане — спецыяльнасць, фізічная і псіхалагічная загартоўка. Неўзабаве, пасля заканчэння трэцяга курса, будуць напружаныя заняткі на баявым палігоне, да якіх Сяргей ужо гатовы. Яшчэ два гады таму ён прайшоў выпрабаванне агнём — удзельнічаў у тушэнні моцнага пажару ў сталіцы. Неаднаразова атрымліваў падзякі за дабрую вучобу і службу, за ўзорныя паводзіны і ўдзел у грамадскім жыцці. Мусіць жа, на святочныя вайсковыя парады ў горадзе-героі Мінск бяруць не абы-каго…
Але мне карціць задаць яму пытанне пра галоўнае — пра паядынак з агнём ды іншаю стыхійнаю навалаю: “Сяргей, вам цяпер не бывае страшна?” — “Ну, можа ў першую хвіліну, пакуль не ўступім у бой. А потым баяцца папросту няма калі. Ты ж адказваеш за жыцці іншых людзей. І ты не толькі баец, а ў нейкай ступені і псіхолаг, бо вельмі важна не дапусціць панікі. Калі ў чалавека траўма і ён курчыцца ад таго, ты павінен тут жа аказаць яму першую медыцынскую дапамогу, чаму таксама вучаць у інстытуце. Словам, ліквідатар надзвычайных сітуацый павінен быць гатовы да ўсяго, часам рызыкаваць сабой і прымаць рашэнне імгненна. Ведаеце, у нас усё на “аўтамаце”, — на роздум парою ні паўхвілі няма…”
Сваім характарам Сяргей Шмідт спакойны, ураўнаважаны, уседлівы за кнігамі, цягавіты і вынослівы, цярплівы і настойлівы ў пераадоленні цяжкасцей. У ім адчуваецца сіла волі, мужнасць. Ён таксама шчыры і сумленны, з ім цікава размаўляць і даросламу, і школьніку. У роднай Маціевіцкай базавай школе Сяргей бывае часта. Вучні слухаюць яго з затоеным дыханнем, а настаўнікі ганарацца ім.
Лідзія ПЕНДЗІКОЎСКАЯ.
На здымку: курсант Сяргей Шмідт
у роднай школе.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top