Ніколі не кажы “ніколі”

Ніколі не кажы “ніколі”

IMG_3634Нашымі беларускімі жанчынамі не перастаеш захапляцца і здзіўляцца шматграннасці іх таленту. Жыхарка Жабінкі Святлана Калькова ўмее ўсё. Ну, ці амаль усё. А рабіць тое, што не ўмее, абавязкова навучыцца. У гэтым я ўпэўнілася пад час нашай размовы. Даволі часта з вуснаў Святланы Іванаўны гучалі фразы, якія пачыналіся са слоў “Я ніколі не…”. Іх я і вынесла ў падзагалоўкі.

Не думала,
што стану поварам

Амаль два дзясяткі гадоў Святлана Калькова гатуе абеды для школьнікаў і ведае, як накарміць самае пераборлівае дзіця. Хаця прызнаецца: ніколі не думала, што будзе працаваць поварам.
Пасля школьнай парты марыла паступіць у педагагічны інстытут на спецыяльнасць “Пачатковыя класы”. Жыццё распарадзілася інакш: дзяўчыне не хапіла балаў, і яна паехала ў Маларыту вучыцца на прадаўца. Аднак першыя ж гады працы ў гандлі (прызначылі Святлану загадчыцай магазіна ў Панцюхах) паказалі, што гэта не яе прызначэнне. Душа не ляжала да рахункаў-падсумоўванняў, акрамя таго, “усушкі” і “ўтрускі” прадуктаў “з’ядалі” долю заробку. Святлана Калькова ўзяла тры гады на роздум — пайшла ў дэкрэтны адпачынак. І менавіта тады яна ўзгадала, з якім задавальненнем асвойвала азы поварскай справы пад час вучобы ў Жабінкаўскім вучэбна-вытворчым камбінаце. Трэба сказаць, гатаваць Святлане падабалася заўсёды. Яшчэ ў юнацтве, дапамагаючы маме рыхтавацца да святаў, яна ўпрыгожвала звычайныя стравы так, што госці здзіўляліся і не скупіліся на пахвалу.
Вырашана — зроблена. У 1996 годзе Святлана Калькова ўладкавалася поварам у першую гарадскую школу. Напачатку ёй вельмі дапамагала, вучыла, давала каштоўныя падказкі шэф-повар Таццяна Уладзіміраўна Дзмітрук. Святлана Іванаўна ўдзячная ёй да гэтай пары.
У народзе кажуць: добры той вучань, які дарос да ўзроўню свайго настаўніка і нават пераўзышоў яго. Святлана Калькова сёння, як і яе настаўнік, працуе шэф-поварам — толькі ў другой гарадской адзінаццацігодцы.
— Мая асноўная задача — скласці меню, — расказвае пра сваю работу Святлана Іванаўна. — Яно павінна быць збалансаваным, карысным, разнастайным. Для гэтага штодня раблю закладку страў, заказваю прадукты. Галоўная ацэнка працы повара — гэта тое, з якім апетытам ядуць школьнікі. Калі страва смачная і добра прыгатаваная, дзеці абедаюць з ахвотай.
Да распрацоўкі школьнага меню і прыгатавання кожнай стравы шэф-повар падыходзіць з душой. Супы, катлеткі, салаты ў яе — пальчыкі абліжаш.
Акрамя Святланы Іванаўны, у працэсе задзейнічаны повар Таццяна Міхайлаўна Федасюк, медсястра Таццяна Мікалаеўна Свірыдава і работніца кухні Наталля Віктараўна Уцева.
Па словах дырэктара СШ №2 Ірыны Міхайлаўны Кашчэва, вучні і іх бацькі задаволены харчаваннем у школьнай сталоўцы. Сама кіраўнік таксама добра адзываецца пра Святлану Іванаўну Калькову як пра майстра сваёй справы, выдатнага спецыяліста і добрага, чулага чалавека.
На маю просьбу падзяліцца фірменнымі рэцэптамі, шэф-повар адказала:
— У мяне нярэдка просяць рэцэпт той ці іншай стравы. А мне часам складана гэта зрабіць, таму што, як ні дзіўна, кулінарныя “шэдэўры” найчасцей атрымліваюцца з таго, што ёсць пад рукой і зроблены, як правіла, “на вока”.
Аднак некаторымі рэцэптамі ўсё ж падзялілася (гл. ніжэй).

Не бачыла сябе
за рулём

Ёсць катэгорыя жанчын, якія панічна баяцца вадзіць аўтамабіль. Ім здаецца, што ў крытычнай сітуацыі на дарозе яны выпусцяць руль і закрыюць рукамі вочы. Святлана Калькова адносіла сябе да такіх баязліўцаў. Пра жанчын-вадзіцеляў яна любіла анекдот: “За рулём я адчуваю сябе багіняй. — Гэта як? — Я еду, а муж моліцца”. Аднак менавіта муж Аляксандр настаяў на тым, каб Святлана навучылася вадзіць, калі яе перавялі працаваць у другую гарадскую школу. Дабірацца пешшу з вуліцы Кірава ў мікрараён цукровага завода а палове 6-й гадзіны раніцы было небяспечна, да таго ж гэта займала шмат часу. Святлана пайшла на курсы вадзіцеляў і паспяхова іх скончыла. Першапачаткова муж суправаджаў яе на работу, падтрымліваў і падказваў, як хутчэй стаць з аўтамабілем “на ты”. Дзякуючы гэтаму, у Святланы з’явілася ўпэўненасць у сабе і вера, што ў яе ўсё атрымаецца. Зараз за плячамі жанчыны чатыры гады вадзіцельскага стажу, і ёй вельмі падабаецца мабільнасць, якую дае аўтамабіль, магчымасць заехаць у любое месца ў любы час.
— Сёння не ўяўляю свайго жыцця без аўто, — прызнаецца Святлана Калькова.

Не баялася асвойваць нешта новае

Гераіня нататкі нарадзілася і вырасла ў шматдзетнай сям’і, дзе яна была старэйшай. Святлана з дзяцінства адчувала адказнасць за малодшых братоў і сястру, старалася быць для іх прыкладам. У юнацтве, прыязджаючы да бабулі ў вёску, выдатна ўпраўлялася з сярпом і касой. Яна ўмее рабіць адкосы, класці плітку, клеіць столевыя плінтусы. IMG_3636Акрамя “мужчынскіх” спраў і інструментаў, асвоіла і “чыста жаночыя”: вязанне спіцамі і кручком, вышыўку, макрамэ. Майстрыха-рукадзельніца аддае перавагу шторам, цюлям і дэкаратыўным падушкам, пашытым уласнымі рукамі, а не купленым у магазіне.
— Па-першае, пашыць іх нескладана, па-другое, эканоміцца сямейны бюджэт, па-трэцяе — і самае галоўнае — такіх больш ні ў кога не знойдзецца, а жанчыны не любяць аднолькавасці.
Зараз Святлана Калькова захапілася тэхнікай “дэкупаж” і стварае вазачкі для школьнай сталовай. Потым, кажа яна, трэба будзе нарабіць кветак з паперы ў тэхніцы “квілінг” і з папяровых трубачак, каб вазы “ажылі”. Жанчыне-творцы падабаецца асвойваць нешта новае, спрабаваць сябе ў розных “жанрах”.

Не марыла пра многа дзетак і многа кветак

Звычайна тыя, хто вырас у шматдзетнай сям’і, мараць стварыць такую ж. Аднак Святлана з сястрой вырашылі яшчэ да замужжаў, што лепш даць усё аднаму дзіцяці, чым нічога — чацвярым.
Сын Жэня — уцеха і надзея Святланы Кальковай. Яна з гонарам расказвае пра яго поспехі ў школьныя гады, пра Пісьмы падзякі, якія атрымлівала за яго выхаванне. Пасля заканчэння Кобрынскага дзяржаўнага політэхнічнага каледжа Яўген служыць у войсках Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі ў Гомелі. Святлана Іванаўна не можа дачакацца мая, калі сын вернецца дадому. Адзінае дзіця — гэта трайное хваляванне і клопат. Каб перасіліць іх, стараецца думаць пра светлае будучае — пра сынава вяселле, будучых унукаў. Святлане падабаецца дзяўчына, з якой сустракаецца сын.
Яшчэ адна яе ўцеха — кветкі. На дачным участку Святланы Кальковай з чатырох сотак палова адведзена пад кветнік. Цешаць вока півоні і гваздзікі, нарцысы і цюльпаны, анюціны вочкі і фіялкі, ландышы і лілеі, ірысы і бэз…
Кветкі высаджаны ў выглядзе розных геаметрычных фігур, сэрцаў, іншых мудрагелістых узораў.
Святлана Іванаўна — асоба творчая і неардынарная. І наперадзе ў яе мноства “ніколі не…”, якія яна збіраецца ажыццявіць!
Наталля АЛЯКСЕЙЧЫК.
На здымку: Святлана
Калькова з вазачкамі ў тэхніцы “дэкупаж”;
вышыванкі майстрыхі.
Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top