“Гарачая” тэма — пасяўная

“Гарачая” тэма — пасяўная

На базе Кобрынскага раёна тыдзень таму адбыўся абласны семінар па пытаннях правядзення пасяўной кампаніі. Аналагічны, раённага ўзроўню, прайшоў у мінулы чацвер на Жабінкаўшчыне на палях СВК “Шпіталі” з удзелам кіраўнікоў і спецыялістаў райсельгасхарчу, старшыняў і аграномаў гаспадарак.
“Паўтарэнне — маці вучэння”, — гаворыць прымаўка. Яшчэ раз пабачыць і паўтарыць “прой-дзены матэрыял” мінулых пасяўных мелі магчымасць удзельнікі семінара. Гаспадары-шпіталёўцы паказалі, як арганізавалі і праводзяць веснавыя палявыя работы. Галоўны аграном мясцовай гаспадаркі Аляксей Уладзіміравіч Раманюк, уводзячы прысутных у курс, адзначыў, што яравы палетак сёлета зойме тут 1200 гектараў. Пад збожжавыя адведзена 430 га, 80 га — пад кукурузу на зерне, 100 га — пад цукровыя буракі ды плюс аднагадовыя травы. Ён засяродзіў увагу ўдзельнікаў семінара на тым, як падрыхтавалі з восені плошчы пад сяўбу зернебабовых культур. Так, у той дзень на адным полі азімы рапс паджыўлялі вадкім КАСам, на другім уносіліся цвердыя азотныя ўгнаенні, на трэцім зладжана працавала звяно ў складзе пагрузчыка і трох гноераскідвальнікаў. Дарэчы, шпіталёўцы па-гаспадарску раўнамерна размясцілі бурты з арганікай –— далёка ад апор ліній электраперадач, на ўзгорках, каб было зручна да іх дабірацца тэхніцы і не выкарыстоўваць залішне паліва. На трэцім полі прысутных найбольш зацікавілі настройкі сеялкі.
— Менавіта на гэтым полі глыбіня запраўкі ў глебу насення складае 5 сантыметраў, норма высеву — 230 кілаграмаў на кожны гектар, — расказваў старшыня сельгаспрадпрыемства В.М.Марковіч. — Сёлета ў нас няма такіх месцаў, у якіх бы гразла тэхніка. Зіма была маласнежнай і вельмі цёплай. У выніку на пясчаных глебах, на якіх вядзецца сеў, ужо ў бліжэйшы час можа не хапаць вільгаці. Менавіта пагэтаму насенне ранніх яравых культур трэба класці ў глебу зараз, не марудзіць з тэрмінамі. Вясна прыспешвае. Адным словам, работы хапае ўсім. І ўсё трэба выканаць дакладна, інакш не дасягнуць намечанага.
Сёлетняя пасяўная кампанія ў раёне, на думку галоўнага спецыяліста райсельгасхарчу Алены Аляксееўны Якімчук, будзе няпростай: узнікаюць праблемы з назапашваннем тукаў і ГЗМ.
— Калі з арганікай пытанняў асаблівых няма, дык з мінеральнымі сітуацыя складаная, — казала яна. — Сельгасарганізацыям неабходна пад веснавую сяўбу і ранневясновыя падкормкі назапасіць 7739 т д. р., у тым ліку азотных угнаенняў — 3528 т д.р., фосфарных — 1245 т д.р. і калійных 296 т д. р. На 13 сакавіка 2015 года было назапашана толькі 34% да неабходнага, у тым ліку азотных — 38%, фосфарных — 10%, калійных – 38%. Самая нізкая забяспечанасць у СВК “Шпіталі” і “Арэпічы”. Каб гаспадаркам раёна закупіць мінеральныя ўгнаенні пад поўную патрэбу, неабходна 47,3 млрд. рублёў, яшчэ на 19 мільярдаў “пацягне” набыццё хімічных сродкаў аховы раслін.
У бягучым годзе сяўбу яравых культур трэба будзе правесці на плошчы 16517 гектараў, у тым ліку зерневыя зоймуць 7260 гектараў, крупяныя культуры — 360 га. Сеяць ёсць чым, усё насенне даведзена да пасяўных кандыцый.
Гаспадаркі заключылі дагаворы з элітгасамі вобласці на набыццё 61 тоны насення яравых і зернебабовых культур вышэйшых рэпрадукцый. Вядзецца праплата і выбарка яго. Што тычыцца насенняводчай гаспадаркі нашага раёна (гэта ААТ “Ракітніца”), то ў яе распараджэнні 120 тон ячменю, пшаніцы, аўса, кармавога гароху.
Насеннем кукурузы забяспечвае сельгасарганізацыі Івацэвіцкі кукуру-закалібровачны завод. Згодна з заяўкамі, аграрыям раёна неабходна набыць 199 тон яго, каб вырошчваць кукурузу на зерне на плошчы 1425 га. СВК “Хмелева”, “Шпіталі”, “Арэпічы”, ААТ “Ракітніца” ўжо выбралі заяўку ў поўным аб’ёме.
Насенне цукровых буракоў сельгасвытворцам пад поўную патрэбу паставіць ААТ “Жабінкаўскі цукровы завод”. Агульны кошт яго каля 5 мільярдаў рублёў.
Займацца вырошчваннем “другога хлеба”, як і ў папярэднія гады, сёлета будуць у СВК “Хмелева” і “Арэпічы” на плошчы 250 га.
— Каб правесці спакойна, зладжана пасяўныя работы, плануецца задзейнічаць 220 трактароў і 240 адзінак іншай тэхнікі, — дакладваў прысутным начальнік аддзела арганізацыі вытворчасці райсельгасхарчу Аляксандр Уладзіміравіч Чэрнік. — На ААТ “Жабінкаўская сельгастэхніка” створана па два звяны на вывазцы арганікі, на ўнясенні яе і доглядзе за пасевамі. У цэлым жа, у раёне на правядзенне веснавых палявых работ неабходна 800 тон дызельнага паліва, 45 тон бензіну, 23 тоны ГЗМ на агульную суму 9700 мільёнаў рублёў. З улікам сродкаў 4 млрд. руб. зваротных крэдытаў на ГЗМ, дэфіцыт сродкаў складае 5,7 млрд. рублёў і мяркуецца 1,7 млрд.руб. аднавіць са спецрахункаў за кошт паступаемых надбавак за здадзеную прадукцыю і 4 млрд.руб. з авансавых плацяжоў за раслінаводчую.СВК “Хмелева”, “Арэпічы”, “Маціевічы”, “Рагазнянскі” ўжо аформілі льготныя крэдыты на веснавыя палявыя работы. Адчуваецца недахоп кваліфікаваных кадраў для арганізацыі дзвюхзменнай работы. Для гэтага будуць прыцягвацца работнікі з прамысловых прадпрыемстваў раёна.
У цэлым, тэхнічная забяспечанасць сельгас-прадпрыемстваў дазваляе правесці сяўбу яравых зерневых і зернебабовых культур за 10-12 дзён, кармавых — за 20-25.
Падвёў вынікі семінара намеснік старшыні райвыканкама, начальнік райсельгасхарчу С.Л.Стасевіч.

Святлана БЯЛЯК.
На здымку: пад час раённага семінара па пытаннях правядзення пасяўной кампаніі.
Фота аўтара.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top