Untitled-13Сейбіты
выйшлі ў поле

11 сакавіка ў раёне пачалася сяўба яравых культур. Першымі да яе прыступілі ў СВК “Шпіталі” і “Хмелева”. У першай гаспадарцы каля Сцяпанак зернебабовыя сее механізатар Андрэй Данілік, у другой на сяўбе аўса заняты Валерый Прыдатка.
У чацвер у поле выйшлі і сейбіты ПУАП “Азяты” і ААТ “Жабінкаўскі”. Сяўбу ў гэтых гаспадарках пачалі з аўса.
На раніцу пятніцы ў “Шпіталях” засеялі 29 гектараў, у “Хмелеве” — 36, у “Азятах” — 25, у “Жабінкаўскім” — 20.

Заняткі
па тэрытарыяльнай абароне

Як паведаміў у рэдакцыю начальнік групы тэрытарыяльнай абароны Жабінкаўскага раённага ваеннага камісарыята капітан Я.Бінецкі, у адпаведнасці з планам падрыхтоўкі органаў кіравання тэрытарыяльнай абароны на 2015 год пад началам службовых асобаў райвыканкама праводзіліся заняткі з членамі рабочай групы раёна па пытаннях тэрытарыяльнай абароны. У ходзе іх былі адпрацаваныя розныя моманты, у тым ліку забеспячэнне фарміравання тэрытарыяльных войскаў на базе арганізацый і прадпрыемстваў. Мэты вучобы былі дасягнуты.

Дэкада
“Дзяржтэхагляд”

З 16 па 25 сакавіка УДАІ МУС, Транспартная інспекцыя і УП “Белтэхагляд” Міністэрства транспарту і камунікацый Рэспублікі Беларусь правядуць рэспубліканскую сумесную дэкаду “Дзяржтэхагляд”. Як паведаміў рэдакцыі начальнік Жабінкаўскай дыягнастычнай станцыі №222 філіяла УП “Белтэхагляд” у Брэсцкай вобласці Дзмітрый Харковіч, у гэты перыяд будуць праводзіцца рэйды з мэтай выяўлення ўдзелу ў дарожным руху аўтамабіляў без дзяржтэхагляду. Акрамя таго, правярацца будуць транспартныя сродкі, якія маюць яўна бачныя няспраўнасці і нездавальняючы знешні выгляд. Асноўная мэта акцыі — узмацненне кантролю за своечасовым праходжаннем дзяржтэхагляду, недапушчэнне эксплуатацыі тэхнічна няспраўных аўтамашын, а таксама засяроджанне ўвагі на гэтым іх уладальнікаў.

Уведзены
часовыя абмежаванні

З мэтай забеспячэння захаванасці рэспубліканскіх  аўтамабільных дарог у перыяд вясновага бездарожжа, на некаторых іх участках уводзяцца часовыя абмежаванні нагрузак на восі. Сёлета яны ўведзены на пэўных участках дарог у Віцебскай з 5 па 15, у Гомельскай з 10 па 20 і ў Магілёўскай абласцях з 9 па 18 сакавіка. Падрабязны пералік іх, дзе ўведзены абмежаванні, можна знайсці на сайтах абласных аўтадарог.
Абмежаванні не распаўсюджваюцца, як сказаў начальнік КП-ПВГК “Федзькавічы” Васіль Галюнчык, на транспартныя сродкі, якія перавозяць пасажыраў, лекі, дызельнае паліва, бензін, звадкаваны газ і маторнае масла, насенне, камбікармы, жывую жывёлу, кветкі, пошту і паштовыя грузы, гуманітарку, тавар, які хутка псуецца. Не ўводзіцца абмежаванне на перавозкі, звязаныя з папярэджаннем ці ліквідацыяй надзвычайных сітуацый, а таксама на транспартныя сродкі, якія выкарыстоўваюцца пры ўтрыманні аўтамабільных дарог.

“Каб душою не ачарсцвець…”

Да 80-годдзя з дня нараджэння славутага беларускага паэта Рыгора Барадуліна ў цэнтральнай раённай бібліятэцы была арганізавана вечарына “Да людзей з любоўю ідучы”. На яе былі запрошаны адзінаццацікласнікі ліцэя і дзесяцікласнікі першай гарадской школы.
Пад час імпрэзы прагучалі вершы Рыгора Барадуліна пра Радзіму, бацькоў, родную мову, вайну, каханне ў выкананні ліцэістак Дзіяны Кузнец і Наталлі Неваднічык. Вядучая вечарыны бібліятэкар чытальнай залы Валянціна Славуціч падкрэсліла, што ні ў кога з беларускіх паэтаў няма столькі твораў, у якіх славіцца “мамы светлае імя”. Напрыклад, самаму дарагому чалавеку ў сваім жыцці Рыгор Барадулін прысвяціў зборнік “Евангелле ад мамы”.
Расповед пра творцу — лірыка, гумарыста, сатырыка, эсэіста — дапоўніла прэзентацыя. Пад час яе прысутныя пачулі песні на словы Рыгора Барадуліна, пабачылі ўшацкія краявіды, родныя для паэта.

“Вясёлка падарункаў”

У раённым гісторыка-краязнаўчым музеі прайшла выстава работ жабінкаўскіх рамесніц Алёны Дзюбанавай і Людмілы Рудніцкай. Сама назва экспазіцыі “Вясёлка падарункаў” вабіла наведвальнікаў, якіх было нямала. На працягу тыдня з ёю пазнаёміліся вучні пачатковых класаў другой гарадской школы Жабінкі, тры берасцейскія сям’і і каля дзясятка гасцей з Варшавы. Ім прыйшліся даспадобы работы жабінкаўскіх майстрых, зробленыя з паперы, бісеру, лёну.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top