Падарылі праграму і добры настрой

Падарылі праграму і добры настрой

anstasia_tihanovichКожны прыезд папулярных спевакоў для жыхароў Жабінкі сапраўднае свята. Нядаўна яго падарылі нам Мікіта Фаміных, Настасся Ціхановіч і Іван Буслай — артысты двух буйнейшых прадзюсарскіх цэнтраў краіны: народных артыстаў Беларусі Ядзвігі Паплаўскай і Аляксандра Ціхановіча і “СПАМАШа”. Пасля канцэрта карэспандэнт раёнкі сустрэлася з абаяльнай Настассяй Ціхановіч і пагутарыла.
— Настасся, скажыце, калі ласка, як вам Жабінка, канцэрт, слухачы? Ці ўдалося рэалізаваць задуманае?
— Лічу, што ўдалося. Жабінка — цудоўны горад, чысты, утульны. Мы даўно хацелі да вас прыехаць і вельмі радыя, што гэты канцэрт адбыўся напярэдадні прыходу вясны. Цудоўны настрой нам усім дорыць надвор’е. А мы, спадзяюся, падарылі добры настрой слухачам. Акцыя “Мелодыі песень сваіх зберажы” доўжыцца каля двух гадоў, у ёй, акрамя мяне, прымаюць удзел Мікіта Фаміных і Іван Буслай. З гэтай канцэртнай праграмай мы пабывалі ў розных гарадах Беларусі. Леташні год быў вельмі паспяховым для нас: атрымалі нацыянальную музычную прэмію. Кожны канцэрт — гэта магчымасць зносінаў з рознымі людзьмі, як правіла, радасных. Гэта радасць ад сустрэчы, ад таго, што мы праспявалі разам якую-небудзь песню.
— Ваша канцэртная праграма праходзіць пад патранажам прадзюсарскага цэнтра народных артыстаў Беларусі Ядзвігі Паплаўскай і Аляксандра Ціхановіча? Як даўно ён існуе і што сабой уяўляе?
— Прадзюсарскі цэнтр маіх бацькоў існуе даўно, з канца 80-х гадоў. “Выгадаваў” ужо нямала папулярных артыстаў, якія супрацоўнічаюць з ім і сёння. Гэта сапраўдны астравок творчасці, які збірае пад сваім дахам маладых таленавітых артыстаў, тут ёсць цудоўная студыя гуказапісу. Мы супрацоўнічаем з рознымі творцамі і робім сумесныя канцэртныя праграмы. Вось, напрыклад, як зараз, з Іванам Буслаем, які прадстаўляе прадзюсарскі цэнтр “СПАМАШ”.
— Вашы бацькі Ядзвіга Паплаўская і Аляксандр Ціхановіч строгія настаўнікі? Якія каштоўныя рэкамендацыі яны даюць?
— Мае бацькі — гэта, безумоўна, прафесіяналы вышэйшага ўзроўню. Але справа ў тым, што я ўжо даўно існую як самастойная артыстка. Калі я толькі пачынала спяваць на сцэне, бацькі давалі шмат каштоўных парад. Многія з іх я выкарыстоўваю ў сваёй рабоце і зараз. Але з гонарам магу сказаць, што на сённяшні дзень я і сама з’яўляюся педагогам для многіх спевакоў. Хаця, канечне, для любога артыста парады і прапановы “мэтраў” будуць карыснымі заўсёды.
— Насця, у вашым рэпертуары самыя розныя музычныя кампазіцыі. Хто піша для вас песні?
— Мне пашчасціла супрацоўнічаць з многімі таленавітымі аўтарамі. У маім рэпертуары ёсць песні, напісаныя Эдуардам Ханком, Алегам Жукавым, Леанідам Шырыным, Сяргеем Сухамліным, Іванам Луцэнкам, Максімам Алейнікавым. Зараз запісваем з Максам вельмі душэўную песню.
— Мне падалося, што спачатку жабінкаўскія гледачы былі скупымі на апладысменты і эмоцыі і толькі потым “разагрэліся”. Складана пачынаць канцэрт?
— Выдатна разумею, што ў першыя хвіліны любога канцэрта гледачы, слухачы знаходзяцца яшчэ пад уплывам нейкіх сваіх праблем, думак, клопатаў. Наша задача, як артыстаў, прымусіць людзей забыць пра будзённыя справы і акунуцца на паўтары гадзіны ў свет прыгожага, высокага, адпачыць душой. Так было і ў Жабінцы. Спачатку нас “вывучалі”, а ўжо потым разам з намі спявалі, танцавалі.
— Настасся, што пажадаеце чытачам “Сельскай праўды”?
— Вясновага настрою, натхнення, моцнага здароўя. Радуйцеся ранішняму сонцу, сваім блізкім, жыццю.
Гутарыла Наталля АЛЯКСЕЙЧЫК.

***

Гучалі беларускія шлягеры

На сустрэчу з жабінкаўскімі гледачамі, якая праходзіла ў гарадскім Доме культуры, завіталі сталічныя спевакі з канцэртнай праграмай “Мелодыі песень сваіх зберажы”. Гэта Настасся Ціхановіч, Іван Буслай і Мікіта Фаміных. Яны выхаванцы прадзюсарскіх цэнтраў краіны: народных артыстаў Беларусі Аляксандра Ціхановіча і Ядзвігі Паплаўскай і “СПАМАШ”. Перад выступленнем адбылася мая сустрэча з Н.Ціхановіч. Яна паведала, што ў Жабінцы ўжо другі раз. Некалькі гадоў таму тут выступала з бацькамі. Цяпер яна прыехала з маладымі спевакамі. Усе яны сольныя артысты, лаўрэаты розных міжнародных конкурсаў і фестываляў, сумесна аб’ядналіся і атрымалася цікавая канцэртная праграма.
У Настассі Ціхановіч было няшмат часу, каб расказаць пра сябе і спевакоў-калегаў. Аднак, з размовы даведалася, што з чатырох гадоў з цікавасцю асвойвала тонкасці гульні на фартэпіяна, а калі ёй споўнілася шэсць, паступіла ў музычную школу. Праз колькі гадоў школу змяніў Рэспубліканскі ліцэй, а пазней Каледж мастацтваў. Потым быў Інстытут сучасных ведаў і факультэт мастацтваў. Навучалася рамяству прадзюсара. Настасся Ціхановіч пачынае працу над першымі песнямі і рыхтуецца да выступлення на фестывалі нацыянальнай песні і паэзіі ў Маладзечне, дзе ўпершыню ў суправаджэнні Дзяржаўнага канцэртнага аркестра Беларусі пад кіраўніцтвам прафесара, народнага артыста краіны Міхаіла Фінберга прагучала балада на музыку У.Дамарацкага і словы Л.Пранчака “Пабудзі мяне”. Потым былі фестываль “Залаты шлягер” у Магілёве, дзе разам з бацькамі выканала песню “Толькі ты” (муз. Я.Паплаўскай, словы Г.Бураўкіна).
Тэлеконкурс “Хіт-момант” прынёс спявачцы перамогу ў намінацыі “За абаянне і артыстызм”, а песня “Развітанне” выйшла ў фінал. На тэлеконкурсе “На перакрыжаваннях Еўропы” Настассі была ўручана спецыяльная прэмія “Надзея”, а песня “Для шчасця паўсвету” стала фіналісткай.
У 2005 годзе Настасся Ціхановіч стала прадзюсарам першай беларускай “Фабрыкі зорак” і тэлепраекта “Зорны дыліжанс”.
Жабінкаўскім гледачам спадабаліся шлягеры “Такія справы”, “Мы з табою два берагі”, іншыя ў выкананні гэтай абаяльнай спявачкі. Песня “Ружа белая”, якую выканаў Мікіта Фаміных, вельмі закранула гледачоў. Трэба сказаць, ён, акрамя таго,што з’яўляецца таленавітым спеваком, яшчэ й цудоўны гумарыст.
“Завёў” залу Іван Буслай песнямі “Дзве душы”, “Цыганскае каханне” і іншымі. Ён не толькі спяваў сам, але і гледачы яму дапамагалі спевамі і падтанцоўкамі.
Паколькі канцэрт ладзіўся ў працоўны дзень, зала была няпоўная. Але тым гледачам, што прысутнічалі, думаю, спадабаліся маладыя беларускія выканаўцы. На маю думку, паслухаць канцэрт са сцэны намнога ўразлівей і цікавей, чым убачыць па тэлевізары. Тыя, хто сустрэўся з артыстамі, спадзяюся, атрымалі асалоду ад прыгожай музыкі.
Алена ЧЫРКУН, метадыст арганізацыйна-метадычнага цэнтра аддзела ідэалагічнай работы, культуры і спраў моладзі райвыканкама.

 

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top