“Жалезныя коні” просяцца ў поле

“Жалезныя коні” просяцца ў поле

_DSC2465Сёлета зімы, можна сказаць, не было. Тэмпература паветра ў большасці была плюсавая ці крышачку ніжэй за нуль. Таму рыхтавацца да веснавых палявых работ маглі эфектыўна ўсе службы сельгаспрадпрыемстваў: на палі вывозіліся арганічныя ўгнаенні, рамантавалася тэхніка, глебаапрацоўчыя і пасяўныя агрэгаты, да высокіх пасяўных кандыцый даводзілася насенне. Неўзабаве ў сельскіх працаўнікоў наступіць тая гарачая пара, _DSC2400пра якую кажуць: адзін дзень год корміць.
Як у СВК “Шпіталі” падрыхтаваліся да веснавога экзамену, паспрабуем даведацца.
— Да сяўбы мы фактычна гатовыя, — кажа галоўны аграном Аляксей Уладзіміравіч Раманюк. — Пад поўную патрэбу забяспечаны насеннем яравых культур. Насенне “каралевы палёў” поўнасцю выбралі з Івацэвіцкага кукуруза-калібровачнага завода. Вясной неабходна будзе засеяць 1330 гектараў плошчаў. Пад кукурузу адведзена 500, пад ячмень 200 гектараў. На 50 гектараў зменшылі пасяўныя плошчы пад цукровыя буракі і на 100 — павялічылі зернебабовыя. Ёсць праблемы: запас паліва, ядаў, мінеральных угнаенняў вельмі мізэрны. Калі гэтыя пытанні вырашацца без прамаруджвання, то веснавыя палявыя работы правядзем спакойна, без зрываў. Пакуль сеялкі стаяць на мехдвары, можна ўжо ўносіць тукі і арганічныя ўгнаенні, паджыўляць азімыя і сенажаці. Зімовая “спячка” закончылася, уключаемся ў работу.
Не сакрэт, што аператыўнасць і якасць веснавых палявых работ у першую чаргу будуць залежаць ад надзейнасці сельгасмашын. Як папрацавалі зімой рамонтнікі, каб сяўба яравых культур была праведзена ў аптымальныя і сціслыя тэрміны? З гэтым пытаннем звярнулася да галоўнага інжынера сельгаспрадпрыемства “Шпіталі” Міхаіла Міхайлавіча Самасюка.
— Фактычна рыхтаваць тэхніку да веснавых работ пачалі з восені. Трэба было правесці вялікі аб’ём работ, які “тармазіла” нестабільнае выдаткаванне грошай на рамонт. Толькі на набыццё неабходных запчастак спатрэбілася звыш 250 мільёнаў рублёў. У нашай гаспадарцы 21 трактар, з якіх 2 — энерганасычаныя (Джон Дзір 84-30 і МТЗ-30-22). На лінейцы гатоўнасці ўжо на 19 трактароў.
Абнаўленнем сакавіка сельгасмашын і агрэгатаў займалася ў СВК “Шпіталі” брыгада з прафесіяналаў-слесараў Валерыя Пятровіча Юрчука, Ігара Іосіфавіча Якубовіча, Сяргея Дзмітрыевіча Даніліна і зваршчыка Мікалая Мікалаевіча Раўгеля. Што тычыцца трактароў, дык іх рыхтавалі да выхаду ў поле самі механізатары, за якімі яны замацаваныя: Андрэй Дзмітрыевіч Данілік, Мікалай Іванавіч Алізарук, Віктар Васільевіч Ліпіч, Ігар Канстанцінавіч Пятручык, Анатоль Іванавіч Лукашэвіч і інш. Яно і зразумела: кожны з іх ведае праблемы сваіх “жалезных коней”. Лепш абнавіць іх заранёў у мехмайстэрні, таму што вясною кожная хвіліна прастою дорага каштуе.
Канечне, не ўсю тэхніку можна адрамантаваць уласнымі сіламі. Таму і шпіталёўцы звярталіся ў сервісныя цэнтры ААТ “Жабінкаўская сельгастэхніка” і ААТ “Бярозаўскі маторарамонтны завод”. Мінулай зімой сур’ёзныя непаладкі былі ў двух рухавіках з энерганасычаных трактароў і ў здрабняльных агрэгатах кормаўборачнай тэхнікі. Пакуль яны яшчэ не адрамантаваныя. Прыёмку падрыхтаванай тэхнікі праводзіць у сельгаспрадпрыемстве камісія, у якую ўваходзяць галоўны аграном А.У.Раманюк і загадчык мехмайстэрні С.А.Савашэвіч.
Яравая сяўба — перыяд адказны, таму правесці яе шпіталёўцы настроены ў аптымальныя і сціслыя тэрміны. Для гэтага як мага хутчэй пастараюцца вырашыць праблемы з палівам, тукамі.
Святлана БЯЛЯК.
На здымках: механізатары В.В.Ліпіч, Д.В.Паўлючык, С.А.Ваўдзяюк, М.М.Самарсюк; рыхтуюць тэхніку А.Д.Данілік і В.П.Юрчук.
Фота аўтара.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top