Экологический форум прошел в Гродно

Экологический форум прошел в Гродно

Гасцей прымала Гародня…
“Сельская праўда” расказвала пра абласны этап VIII Рэспубліканскага экалагічнага форуму, прысвечаны 50-годдзю прыродаахоўнай службы Беларусі. Этап праводзіўся на Жабінкаўшчыне 4 жніўня. Фінал жа прайшоў 27-28 жніўня ў Гродне — старажытнай Гародні, куды паехала вялікая дэлегацыя і ад нашай вобласці на чале са старшынёй Брэсцкага абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Т.Ялкоўскай. Дэлегацыя, само сабой, складалася ў асноўным з работнікаў прыродаахоўных інспекцый і навукоўцаў-эколагаў.
Брэстчына і Гродзеншчына паяднаны спрадвечнаю прыродаю, агульнай гісторыяй, эканамічнымі сувязямі і г.д. Адно з натуральных сувязных звенняў — Белавежская пушча, на выездзе з якой адбылася першая сустрэча. Сустракалі нас хлебам-соллю кіраўнікі і артысты Свіслацкага раёна, а таксама экскурсавод — студэнтка факультэта турызму і экалогіі (так, ёсць такі факультэт) Гродзенскага дзяржуніверсітэта імя Я.Купалы. Экскурсавод усю дарогу цікава расказвала пра родны край, аднак яшчэ цікавей было ўбачыць яго сваімі вачыма, і ў прыватнасці — яго экалагічныя аб’екты.
Быў даволі працяглы прыпынак за 15 кіламетраў ад абласнога цэнтра — на будаўнічай пляцоўцы Гродзенскай ГЭС на рацэ Нёман. Размах будаўніцтва ўразіў: гэта будзе не міні-ГЭС, якія апошнім часам узводзяцца ці праектуюцца на малых рэках, у тым ліку на Мухаўцы. Гродзенская гідраэлектрастанцыя, пяць агрэгатаў якой плануецца ўвесці ў эксплуатацыю ў 2011 годзе, забяспечыць электраэнергіяй 80 працэнтаў жылога фонду горада. Яе магутнасць 17 мегават. Вельмі прыгожыя навакольныя краявіды — Нёман, самавітыя лясы, — і натуральна ўзнікла пытанне, ці абыдзецца тут без стратаў? Прынамсі, плошча затаплення — каля 1,5 тысячы гектараў, даўжыня вадасховішча перад плацінаю — 43 кіламетры. Аднак жа без урону прыродзе не праходзіць ніводнае ўмяшанне ў яе, якіх ахоўных захадаў ні прымай. Мінізаваць страты — адна з задач гідрабудаўнікоў.
Другі дзень, 28 жніўня, быў самы насычаны на падзеі і ўражанні. Пачаўся ён шэсцем дэлегацый да плошчы Савецкая і ўрачыстым адкрыццём форуму з удзелам намесніка старшыні ўрада краіны І.Бамбізы, міністра аховы прыроды Беларусі У.Цалкі, міністра сельскай гаспадаркі М.Русага, старшыні Гродзенскага аблвыканкама С.Шапіры і іншых, як прынята казаць, афіцыйных асобаў, сярод іх з Літвы, Польшчы, Расіі, Украіны. Міхаіл Русы, які стаяў ля вытокаў фарміравання Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, атрымаў знак “Ганаровы эколаг”, сёлета зацверджаны Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, пад нумарам адзін. Такі знак на форуме быў уручаны таксама акадэмікам Івану Ліштвану, Уладзіміру Логінаву і былому намесніку міністра прыродных рэсурсаў і навакольнага асяроддзя Вячаславу Алешку.
А потым — зноў паездкі і экскурсіі. Як прамысловае прадпрыемства павінна вырашаць экалагічныя пытанні, брэсцкая дэлегацыя пазнаёмілася ў ААТ “Гродна Хімвалакно”. Ахова паветра, вады, глебы ад забруджвання шкоднымі рэчывамі тут грунтуецца на высокатэхналагічным сучасным абсталяванні. Немалы яго кошт, але кошт прыгажосці Гродна і яго ваколіцаў значна большы. Ва ўсялякім выпадку многім іншым прадпрыемствам тут ёсць што пераняць.
Моцна ўразіў Аўгустоўскі канал у Гродзенскім раёне, куды мы пераехалі з “Хімвалакна”. Канал атрымаў назву ад горада Аўгустаў і Аўгустоўскіх азёраў у Польшчы, на тэрыторыі якой ён мае значна большую працягласць. Быў пракладзены ў першай палове XIX ст., злучыў Віслу і Нёман як важны і танны водны шлях да Балтыйскага мора. Не раз разбураўся войнамі, ды зноў і зноў аднаўляўся, збярогся дагэтуль. Зберагліся і ахоўваюцца маляўнічыя мясціны абапал яго. Зараз канал мае мясцовае гаспадарчае значэнне, аднак з’яўляецца гістарычным помнікам і турыстычным аб’ектам. Было шмат турыстаў і ў той дзень. Дарэчы, цеплаход “Нёман”, які пастаянна курсіруе па ім (накшталт цеплахода “Гродна” ў нас на Мухаўцы), зроблены ў Пінску.
Гаспадары форуму пасля вяртання ахвотна правялі нас у Гродзенскую гарадскую гімназію, у якой шмат увагі ўдзяляецца выхаванню беражлівых адносін да навакольнага свету, прапагандзе экалагічных ведаў. Не пераставалі шчоўкаць фотаапараты наведвальнікаў у двары гімназіі, дзе сярод мноства дрэў, кустоў і кветак раскінулася сапраўдная зона культурнага адпачынку, перад простымі і ў той жа час незвычайнымі вырабамі з так званых падручных матэрыялаў. Аказваецца, нават з розных дробных рэчаў — манет, металічных гузікаў, шасцяронак ды гаечак — можна стварыць адметную мадэрнісцкую карціну, з прыродных матэрыялаў — скульптурныя выявы звяроў, птушак або цэлую кампазіцыю.
У музеі гісторыі рэлігіі сустрэліся з аўтарам наладжанай тут фотавыставы “Беларусь запаведная” — вядомым фотамайстрам, кавалерам, як ужо згадвалася, знака “Ганаровы эколаг” Вячаславам Алешкам, хто сваю творчасць прысвяціў прыродзе і чалавеку ў ёй. Наведалі таксама іншыя выставы, у тым ліку, вядома ж, спецыялізаваную “Сучасныя тэхналогіі ў вобласці рацыянальнага прыродакарыстання і аховы навакольнага асяроддзя”, на якой не абышлося без ажыўленага абмену думкамі і дыскусій.
Завяршыўся экалагічны форум урачыстым яго закрыццём і канцэртам зорак беларускай эстрады. Выснова з удзелу ў ім адназначная: чарговы форум удаўся, быў цікавы і карысны, і традыцыя праводзіць яго штогод не павінна перарывацца.
С.ШТЫК, галоўны дзяржінспектар аховы навакольнага асяроддзя Жабінкаўскага раёна.
Фота аўтара.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 95%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top