Тут пануе дух сяброўства

Тут пануе дух сяброўства

_DSC1516Гавораць, што жаночага сяброўства не бывае. Аднак, калі аднойчы давялося пабываць на станцыі абезжалезвання КУШВП ЖКГ “Жабінкаўская ЖКГ”, упэўнілася, што гэтыя радкі з песні не маюць ніякага дачынення да супрацоўніц яе вытворчай лабараторыі.
Тут працуе чыста жаночы калектыў. Яго задача — забяспечваць кантроль якасці пітной вады ў горадзе і раёне па 34 паказчыках з усіх 32 артэзіянскіх сідравін і 4 станцый абезжалезвання Жабінкаўшчыны. Акрамя гэтага, спецыялісты аказваюць яшчэ платныя паслугі арганізацыям і насельніцтву. Напрыклад, за 2014 год калектыў лабараторыі зарабіў 95 млн., тым самым унёс значны ўклад у стабільную дзейнасць прадпрыемства.
— Наша лабараторыя існуе ўжо сем гадоў, — кажа яе кіраўнік, інжынер-хімік Таццяна Аляксандраўна Іваноўская. — Так склалася, што калектыў падабраўся рознаўзроставы, пры гэтым дружны і творчы. Заўсёды жанчыны імкнуліся прыйсці адна адной на дапамогу і падтрымаць у складаных сітуацыях, гатовыя падзяліцца майстэрствам, а калі неабходна, і часцінкаю душы. Толькі не адной працай павінен жыць чалавек. Традыцыйна збіраемся разам, каб за кубачкам чаю і торцікам павіншаваць калег са святамі, днямі нараджэння, парадавацца добрым навінам, пераняць вопыт. А ў нас што ні работніца — дык майстрыха. І гэта нас яднае яшчэ больш.
Т.А. Іваноўская пра свой калектыў расказвае вельмі паважліва. У кожнай супрацоўніцы яна ведае моцныя бакі і гатовая распавядаць пра яе захапленні. Людміла Васільеўна Цывілька перайшла ў лабараторыю з воінскай часці (там зачынілі кацельню, дзе яна рабіла аналізы вады). Жанчына паказала сябе выдатным лабарантам-мікрабіёлагам, а яшчэ — творчай натурай. З дзяцінства ёй падабаецца рукадзельнічаць. Людмілу Васільеўну ведаюць таксама ў калектыве як кветкавода — на падаконніках лашчаць вока вазоны самых розных відаў, а ў фае красуецца яе “гадаванец” — вялізны фікус. Яшчэ Людміла Васільеўна выдатны кандытар — пячэ пірагі, разам з дачкой Кацярынай упрыгожвае торцікі “карцінамі” з мастыкі і часта прыносіць у лабараторыю смакату, каб пачаставаць сябровак і падзяліцца новымі рэцэптамі.
Любоў да кветак яднае таксама і лабаранта-хіміка Людмілу Аляксандраўну Еўтушук. Яна весь вольны ад працы час прысвячае агароду ля свайго дома. Яе гонар – палісаднік, у якім летам распускаюцца і п’яняць водарам ружы, багатай палітрай колераў. Вырашчаныя яе клапатлівымі рукамі кветкі часта ўпрыгожваюць кабінеты лабараторыі, надаюць хатнюю ўтульнась. Вясной і летам кліча калег у двор станцыі абезжалезвання, каб і тут радавалі вока кветкі: з любоўю і радасцю ўсе разам высаджваюць іх на клумбах, займаюцца праполкай. А самыя галоўныя “кветачкі”—унучачкі Паліна і Ксенія, якіх бабуля паспявае адвозіць у школу, дзіцячы сад, розныя гурткі. На працы Людміла Аляксандраўна часта з цеплынёй расказвае аб поспехах дзяўчынак.
Таксама яна ўразіла ўсіх уменнем вырабляць цудоўныя букеты з гафрыраванай паперы. Часта робіць такую прыгажосць і дарыць знаёмым і сябрам з нагоды якога-небудзь свята. Людміла Аляксандраўна з задавальненнем навучыла і сябровак па працы вырабляць такія букецікі. Цяпер, з яе лёгкай рукі, у жанчын напярэдадні 8 сакавіка сабралася цэлая “аранжарэя” кветак з цукеркамі ўнутры.
Надзея Васільеўна Бадрова — самая маладая ў калектыве. Пачынала працоўную біяграфію ў Брэсце, а потым перайшла сюды, завочна атрымала вышэйшую адукацыю і цяпер —інжынер-радыёлаг. Яна не толькі прафесіянал сваёй справы, але і пяшчотная маці. Для сваёй 8-гадовай Паліны пастаянна прыдумвае і робіць кветкі з паперы, упрыгажэнні з тканіны і пацерак, шые лялькі. Часам прыносіць ў лабараторыю свае работы і атрымлівае слушныя парады ад калег, што яшчэ дадаць у самаробку, каб тая “заззяла” прыгажэй.
Інжынер-тэхнолаг і прафсаюзны лідар прадпрыемства Эльвіра Робертаўна Марковіч як і сяброўкі таксама захапілася вырабам букетаў з гафрыраванай паперы. Шмат падарожнічае па-за межамі краіны. Кожны раз пасля экскурсій ёй ёсць аб чым расказаць і што паказаць на фотаздымках дачушкам і сяброўкам у лабараторыі.
Кіраўнік лабараторыі, якую сапраўды можна назваць “працаголікам” — выконвае абавязкі, якія патрабуюць ўседлівасці, асабліва пры падрыхтоўцы дакументаў немалых аб’ёмаў. Падначаленыя вучацца ў яе акуратнасці ў адносінах да даручанай справы.
…Гледзячы на дружны і згуртаваны калектыў, на прыгожыя і ўсмешлівыя твары, пачынаеш разумець: вось яно, жаночае сяброўства! Здаецца, у гэтых прасторных, светлых кабінетах, становіцца цёпла і ўтульна яшчэ і ад таго, што тут пануюць падтрымка, павага, жарты і радасць. Жанчынам удалося стварыць давяральны і ўтульны мікраклімат душэўных адносін у працоўнай “сям’і”.
— Мы заўсёды ўсміхаемся, усе непрыемнасці лепш пакідаць за парогам. На работу трэба прыходзіць з добрым настроем! — кажа лабарант Людміла Аляксандраўна Еўтушук.
Надзея Васільеўна Бадрова аказалася творчай, рамантычнай натурай і на пытанне пра тое, што значыць для іх калектыву 8 Сакавіка, адказала:
— Ведаеце, не разумею тых жанчын, якія кажуць, што 8 Сакавіка для іх — звычайны дзень, і што “прадстаўніцу чароўнай паловы чалавецтва можна віншаваць штодня, навошта чакаць нейкага вызначанага дня”. Мне заўсёды прыемна мець яшчэ адну, няхай нават “афіцыйную” нагоду для цёплых слоў, усмешак, увагі, падарункаў. Хіба не так?
Людміла Васільеўна Цывілька кажа:
— Вясна — выдатны час, каб пачынаць штосьці незвычайнае, каб спрабаваць тое, чым вы ніколі не займаліся. Няхай наша жаночае свята створыць дзіўнае вясновае адчуванне і натхніць на новыя заняткі і адкрыцці.
— Галоўнае — каб было паразуменне ў калектыве, тады ўсё будзе “на выдатна”! — гаворыць на завяршэнне сустрэчы Таццяна Аляксандраўна.

Святлана БЯЛЯК.

На здымку: калектыў вытворчай лабараторыі станцыі абезжалезвання Т.А.Іваноўская, Л.В.Цывілька, Н.В.Бадрова, Л.А.Еўтушук.
Фота аўтара.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top