Паспяховая, пазітыўная і актыўная

Паспяховая, пазітыўная і актыўная

SONY DSC
У вядомай кінакамедыі Леаніда Гайдая “Каў-казская палонніца” таварыш Саахаў так прадстаўляе галоўную гераіню Ніну: “Студэнтка, камсамолка, спартсменка і, нарэшце, яна — проста прыгажуня”. Калі гаварыць пра гераіню маёй нататкі, то яна, як і гайдаеўская, і прыгажуня, і спартсменка, а яшчэ выдатны спецыяліст, актывістка, перша-класны вадзіцель. Яна — любячая жонка, клапатлівая матуля, беражліва ахоўвае свой сямейны агмень, у гэтым я ўпэўнілася пад час размовы са спе-цыялістам па марке-тынгу ААТ “Жабінкаўскі камбікормавы завод” Аксанай Генрыхаўнай Галавейка (у дзявоцтве Грышан).

“Не бойцеся крута мяняць сваё жыццё”

ПАСЛЯ заканчэння ў 1994 годзе другой гарадской адзінаццацігодкі Аксана Грышан не пайшла бацькоўскім шляхам — настаўніцкім, на спартфак, хоць думкі такія і былі: меліся пэўныя поспехі ў лёгкай атлетыцы — 21 медаль у раённых і абласных спаборніцтвах у бегу на доўгія дыстанцыі. Усе ўзнагароды за 1-ыя месцы, уяўляеце? Хаця гэта не дзіўна: мама Марыя Іванаўна — валейбалістка, тата Генрых Антонавіч — кандыдат у майстры спорту ў вольнай барацьбе, яны па спецыяльнасці настаўнікі фізічнай культуры. Але на сямейным савеце было вырашана, што дачка будзе падаваць дакументы ў Брэсцкае чыгуначнае вучылішча. Складаныя 90-ыя прадыктавалі гэты выбар: чыгунка была тым месцам работы, дзе адчувалася стабільнасць ва ўсім: умовах працы, заработнай плаце, многім іншым. Праз год Аксана ўжо правадніком ездзіла ў рэйсы на Маскву, за пяць гадоў гэты маршрут стаў “сваім”. Адначасова вучылася завочна спачатку ў Гомельскім тэхнікуме чыгуначнага транспарту, потым там жа, у Гомелі, ва ўніверсітэце, а калі дайшла да 3-га курса, раптам перавялася ў Брэсцкі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт. Закончыла яго ў 2008-ым і атрымала спецыяльнасць “эканаміст-маркетолаг”. У тым жа годзе пачала працу на Жабінкаўскім камбікормавым заводзе. “Чаму так атрымалася?” — пытаюся. “У нейкі момант зразумела: чыгунка — не для мяне. Па чатыры дні адсутнічала, была ў рэйсах. Сумавала: як там дома, муж, маленькая дачушка, ды і праца правадніка патрабавала шмат фізічных сіл, і сітуацыі ў дарозе ўзнікалі розныя… Хачу сказаць адно: не бойцеся крута мяняць сваё жыццё. Яно абавязкова дасць магчымасць знайсці сябе і рэалізавацца”,—гаворыць Аксана.

Асалода ад працы

АКСАНА ГАЛАВЕЙКА ў адной асобе і маркетолаг, і дызайнер. Яна добра ведае, як пазнаёміць пакупнікоў з прадукцыяй прадпрыемства, яго навінкамі. Адбываецца гэта пад час правядзення выстаў, прэзентацый. Распрацоўвае рэкламна-інфармацыйныя стэнды, буклеты, календары, упакоў-кі для кармоў, стварае дызайн макетаў для біл-бордаў, піша тэксты для рэкламных ролікаў на радыё і тэлебачанне. Спецыялісты аддзела маркетынгу рых-туюць заўсёды ціка-вую прэзентацыю аб прадпрыемстве, выпуска-емых навінках, даюць рэкамендацыі аб ужыванні таго ці іншага корму, право-дзяць нават віктарыны на веданне пакупнікамі жа-бінкаўскай прадукцыі.
“Я вельмі люблю сваю работу, — кажа Аксана Генрыхаўна. — Яна творчая, дае магчымасць рэалізаваць пэўныя задумкі, ад чаго атрымліваю асалоду і задавальненне. У гэтым мяне заўсёды падтрымлівае кіраўніцтва прадпрыемства”.
Свае крэатыўныя ідэі і здольнасці рэалізуе і ў газеце “Жыўкорм”, якая выдаецца на камбікормавым заводзе. Апрацоўка фотаздымкаў, асвятленне падзей, звязаных з адкрыццём магазінаў, правядзеннем выстаў, выпускам новай прадукцыі, — яе рук справа. Веды, атрыманыя на курсах фотарэдактараў і вектарных праграм, актыўна прымяняе на практыцы.
Дасюль сябруе са спортам. Выступае ў складзе каманды свайго падраздзялення на ўнутрызаводскіх спаборніцтвах, абараняе гонар прадпрыемства на раённых.
У летапісе сям’і Гала-вейкаў — перамога ў раённых спаборніцтвах “Спартыўная сям’я”, якія ініцыяваў райкам прафсаюза работнікаў АПК. На прадпрыемстве Аксана Генрыхаўна — старшыня савета моладзі, уваходзіць у прафсаюзны актыў.
“Калектыў — мая другая сям’я, — гаворыць яна. — Гэта мае аднадумцы, якія дапамагаюць ажыццявіць запланаванае, заўсёды цябе разумеюць, падтрымліваюць. Гэта сапраўдныя сябры, якія і ў радасныя, і ў складаныя моманты жыцця побач”.

На цярпенні і любові трымаецца сям’я

У ГЭТЫМ упэўнена гераіня маёй нататкі. Свайго будучага мужа Вячаслава Аксана ведала з дзяцінства: хадзілі ў адзін дзіцячы сад, потым у адну школу. Сем’і Галавейкаў і Грышан сябравалі, нават кватэры атрымалі ў адным доме на вуліцы Цітова ў мікрараёне цукровага завода. У дзень вяселля Аксаны і Вячаслава, якое адбылося 27 красавіка 1996 года, маладых віншавалі ўсе суседзі: як жа, і жаніх, і нявеста выраслі ў адным двары! З таго святочнага моманту прайшло амаль 19 гадоў. За гэты час у сям’і Галавейкаў нарадзіліся і выраслі дзве дачушкі — Кацярына і Лізавета. “Ведала я чамусьці, што менавіта дзяўчынкі будуць у мяне, таму і імёны былі прыдуманы загадзя”, — кажа Аксана. Бацькі ганарацца сваімі прыгажунькамі. Кацярына закончыла Брэсцкі ліцэй з залатым медалём, зараз вучыцца ў Польшчы, будучы журналіст-маркетолаг. Ліза — першакласніца, яшчэ рана гаварыць кім будзе ў жыцці, якую прафесію выбярэ, але ж такая актыўная, як матуля і старэйшая сястра. Лізавета добра вучыцца, удзельнічае ў жыцці школы, займаецца танцамі ў калектыве “Барбарыкі”, катаецца на каньках, дапамагае маме.
Анёлам-ахоўнікам для маёй гераіні заўсёды была і застаецца мама — Марыя Іванаўна, якая і памочнік, і дарадца, і лепшы сябар. Цяпер у гэтай ролі для сваіх дачушак — Аксана. Здзіўляюся вялікай працавітасці і мэтанакіраванасці, характэрнай жанчынам роду Грышан-Галавейкаў. Гэтыя якасці назіраюцца ўжо і ў дарослай Кацярыны, і ў першакласніцы Лізы.
Тры гады таму пераехалі Галавейкі ў свой дом. Будаўніцтвам яго займаўся Вячаслаў, а дызайнам інтэр’ера Аксана. Разам прадумвалі ўсё да дробязяў, каб было камфортна і ўтульна. Летам і восенню цвітуць у двары кветкі, прыжыліся і растуць 32 туі, якія пасадзілі гаспадары. На святы збіраюцца ў Галавейкаў бацькі, родныя, сябры. Нездарма імя гаспадыні перакладаецца з грэчаскай мовы як “гасцінная”.
Жыве ў гэтай сям’і любоў, павага, узаемаразуменне, тым яна і моцная. І немалая заслуга ў гэтым яе галоўнай жанчыны — Аксаны Генрыхаўны, якая падтрымлівае сямейны агмень цеплынёй свайго сэрца і дабрынёй душы.
Алёна НІКАНЧУК.
На здымку: спецыяліст па маркетынгу ААТ “Жабінкаўскі камбікормавы завод” Аксана Генрыхаўна Галавейка.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top