“На зямлі” і ў штабе

“На зямлі” і ў штабе

IMG_2247
Павагу выклікае той, хто не проста працягвае сямейныя традыцыі, але й праходзіць, напрацоўваючы вопыт у прафесіі, усе прыступкі службовай лесвіцы. Маёр міліцыі Яўген Самускевіч, які названы сёлета лепшым начальнікам штаба сярод раённых аддзелаў унутраных спраў вобласці, з ліку такіх.

Бацькавым следам

У ягонай сям’і мужчыны нярэдка апраналі міліцэйскую форму. Так павялося ад бацькі. Уладзімір Генадзьевіч, ветэран органаў унутраных спраў, амаль чвэрць стагоддзя прысвяціў гэтай службе. Шлях свой пачынаў оперупаўнаважаным аддзялення барацьбы з эканамічнымі злачынствамі, затым быў старшым аператыўным дзяжурным. Знаходзіўся на месцы, куды перш-наперш сцякаецца ўся інфармацыя пра здарэнні і трывожныя падзеі.
Як час прыйшоў выбіраць жыццёвыя шляхі-дарогі, абодва ягоныя сыны Генадзь і Яўген пайшлі бацькавым следам. Бо ўжо з маленства мелі перад вачамі яскравыя прыклады службы ў органах правапарадку.
Аднак калі старэйшы з часам зразумеў, што больш схільны да грамадзянскай спецыяльнасці, дык малодшы сын дасюль верны міліцэйскаму абавязку.

Курс — на веды

Як і для кожнага, заканчэнне школы стала для Яўгена Самускевіча пачаткам самастойнага жыцця. Быў пералом стагоддзяў, калі прыйшоў час рабіць выбар. Ён аказаўся простым і ўзважаным: Яўген — адзіны выпускнік 2000 года з другой гарадской школы, хто адчуў: ягоны лёс — служба ў міліцыі.
Каб тое здзейснілася, падаў дакументы ў Акадэмію Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь. Паступіў без усялякіх цяжкасцяў на следча-экспертны факультэт. Трапіў туды, куды паклікала мара, захапіўся крыміналістыкай і крымінальным працэсам. Гэтыя надзвычай цікавыя прадметы выкладалі палкоўнікі міліцыі Крэтаў і Яшманскі, спецыялісты з багатым жыццёвым вопытам, сапраўдныя практыкі. Яны многае змаглі даць дапытліваму юнаку, што патрэбна ведаць тым, хто стаіць на варце правапарадку. У памяці захаваліся і заняткі з Вячаславам Харанекам, знакамітым шматразовым рэкардсменам “Кнігі рэкордаў Гінэса”. Пад наглядам гэтага сапраўднага беларускага волата, у руках якога і пудовая гіра здавалася лёгкай, быццам пух, курсанты акадэміі мужнелі і загартоўваліся.
Пачынаючы ўжо з другога курса, асвойвалі і практычныя бакі будучай прафесіі.
— Часам, даводзілася забяспечваць ахову правапарадку на масавых мерапрыемствах у Мінску, — згадвае студэнцкія гады Яўген Уладзіміравіч. — Паўдзельнічалі і ў затрыманні серыйных злодзеяў, што “гаспадарылі” ў Савецкім раёне беларускай сталіцы. Дарэчы, курс, на якім давялося тады вучыцца, быў вельмі дружны, асабліва землякі-берасцейцы, добрыя сяброўскія стасункі са многімі падтрымліваю і зараз.

Рамантыка і адказнасць

Праз чатыры гады Яўген Самускевіч апрануў лейтэнанцкія пагоны і вярнуўся дамоў у якасці следчага. Першае месца службы — следчая група папярэдняга расследавання Жабінкаўскага РАУС. Служба захапіла сваёй паўсядзённай непаўторнасцю, бо ніводная справа не была падобная на іншую. Акрамя таго прыйшло разуменне: у працы следчага галоўнае не нейкая рамантычная афарбоўка, пра што расказваюць з захапленнем аўтары дэтэктыўных кніг, а жыццёвая адказнасць. Паколькі следчы заўсёды — на вастрыі падзей, сярод спраў, дзе ўсё патрэбна рабіць хутка, акуратна, з разуменнем і чалавечнасцю. Пра тое маладому спецыялісту не аднойчы гаварыў намеснік начальніка райаддзела ўнутраных спраў Сяргей Савіч Лаўрысюк. Калі было патрэбна, даводзілася звяртацца па дапамогу і парады да супрацоўнікаў суда і пракуратуры.
— А потым захацелася, як у нас гавораць, папрацаваць “на зямлі”, — гаворыць Яўген Уладзіміравіч, — таму з ахвотай прыняў у 2007-ым прапанову стаць участковым у Крыўлянскім, а затым Ленінскім сельсаветах. Гэты занятак даў вельмі шмат: галоўнае — адчуванне, што ты патрэбны людзям, якія табе давяраюць і чакаюць абароны, з’явілася ўменне знаходзіць з кожным агульную мову.
Усё гэта вельмі спатрэбілася і на новай пасадзе — дазнавацеля. Калі неўзабаве ўтварыўся раённы аддзел Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь, усе былыя супрацоўнікі, звязаныя з расследаваннем крымінальных спраў, увайшлі ў склад новай праваахоўнай структуры.
Яўгена Самускевіча, у сваю чаргу, чакала новая адказная пасада.

Трымаць руку на пульсе

— Дасюль вельмі ўдзячны, — гаворыць Я.У.Самускевіч, — колішняму начальніку райаддзела ўнутраных спраў Уладзіміру Цярэнцьевічу Барысюку. Найперш за давер, калі назначыў мяне на пасаду начальніка штаба РАУС.
Зараз галоўны напрамак ягонай дзейнасці — гэта арганізацыйна-аналітычная работа. У чым яе сутнасць? Патрэбна заўжды трымаць руку на пульсе жыцця, што віруе, сачыць за крымінагеннай абстаноўкай у раёне, своечасова заўважаць і рэагаваць на яе праяўленні. У гэтым Яўген Уладзіміравіч — галоўны памочнік начальніка РАУС. Дарэчы, з падпалкоўнікам міліцыі Андрэем Лаготам іх звязвае даўняе супрацоўніцтва па службе, а таму ёсць узаемаразуменне, патрэбнае на карысць агульнай справе.
Сёння маёр Я.У.Самускевіч працягвае навучанне ў Акадэміі МУС, цяпер ужо ў магістратуры. Заняткі не толькі ўзбагачаюць багаж ведаў, але й пашыраюць уласны светапогляд, бо вучыцца з высокакласнымі прафесіяналамі.
Праца Яўгена Уладзіміравіча пазалетась адзначана Ганаровай граматай упраўлення ўнутраных спраў Брэсцкага аблвыканкама. Па выніках мінулага года ён прызнаны лепшым начальнікам штаба раённых аддзелаў унутраных спраў на Брэстчыне. Аднак маёр міліцыі Я.У.Самускевіч лічыць, што гэтыя ўзнагароды не з’яўляюцца адзнакамі нейкага ўласнага поспеху:
— У гэтым агульны ўнёсак як кіраўніцтва РАУС, так і яго супрацоўнікаў. Ад іх штодзённа адчуваю падтрымку. За тое выказваю шчырую падзяку калегам у дзень прафесійнага свята, няхай удача ім спрыяе на працы, а шчасце чакае дома.
Ён, бяспрэчна, ведае, пра што вядзе размову. Бо ў родным доме самога Яўгена Уладзіміравіча штодня чакаюць, ганарацца ім жонка Людміла Леанідаўна, дачка Насця і сын Назар. Спадчыннік яшчэ зусім малы. Але ж, хто ведае, мо міне час, і ён прамовіць: “У іншай прафесіі сябе не ўяўляю”…
Анатоль БЕНЗЯРУК.

На здымку: начальнік штаба Жабінкаўскага РАУС маёр міліцыі Я.У.Самускевіч.
Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top